«Я ня верыў, што завядуць крымінальную справу на карнікаў. Таму ўсё ўзяў у свае рукі»
Грамадзянін Ізраілю Аляксандар Фруман апублікаваў прыватнае расьсьледаваньне свайго арышту, катаваньняў і зьдзекаў, якія ён перанёс з 9 па 13 жніўня 2020 году.
У расьсьледаваньні названыя прозьвішчы і пасады сілавікоў, якія 10 жніўня катавалі людзей у аўтазаку, Савецкім РУУС, пры этапаваньні ў Жодзіна.
Карнікі — начальнік Савецкага РУУС Каліньнік, намесьнік Кесель, амапаўцы Сьлюнькоў, Шабуня, Дуброўскі, Апячонак
Ураджэнец Беларусі Аляксандар Фруман 24 гады жыве ў Ізраілі, але кажа, што вельмі любіць вандраваць па Беларусі. Паводле яго, 7 жніўня 2020 году ён прыляцеў у Менск, дзе ўжо знаходзіліся ягоныя жонка і сын. Гулялі па горадзе, сустракаліся зь сябрамі. 10 жніўня Аляксандра затрымалі ў цэнтры Менску на вачах у жонкі, калі ён фатаграфаваў звычайны жоўты аўтобус. Яго закінулі ў аўтазак, 16 гадзін пратрымалі ў Савецкім РУУС, этапавалі ў жодзінскую турму. Увесь час затрыманых моцна білі, зьневажалі, хоць Аляксандар тлумачыў, што ён грамадзянін Ізраілю. Праз тры дні яго выпусьцілі без суду.
Аляксандру ўдалося вызначыць, што жорстка затрымлівалі і закінулі ў аўтазак яго супрацоўнікі АМАПу з 6-га ўзводу 2-й апэратыўнай роты пад камандаваньнем маёра Андрэя Сьлюнькова. Фруман перакананы, што пабіцьцём у Савецкім РУУС кіравала начальства (палкоўнік Сяргей Каліньнік і падпалкоўнік Цімур Кесель), а ва ўнутраным дворыку пастарунку ў катаваньнях удзельнічала маёр Марына Сафонава — яе апазналі многія затрыманыя па характэрным «пісклява-хрыпаватым» голасе, кажа Аляксандар.
З Савецкага РУУС у жодзінскую турму затрыманых этапавала 4-я апэратыўная рота АМАПу — былі апазнаныя сяржант Павал Шабуня, Арцём Дуброўскі, Павал Апячонак.
Грамадзянін Ізраілю зафіксаваў сьляды пабіцьця ў мэдычным цэнтры «ЛОДЭ», накіраваў некалькі зваротаў і скаргаў у Генэральную пракуратуру, Сьледчы камітэт Ленінскага раёну Менску, у ізраільскую паліцыю.
Летам 2021 году Аляксандар атрымаў адмовы з розных інстанцый у завядзеньні крымінальнай справы на карнікаў «у сувязі з адсутнасьцю складу злачынства».
Тады Аляксандар правёў уласнае расьсьледаваньне.
«У мяне не было страху, на 100% я быў перакананы, што сілавікі зараз адумаюцца і адпусьцяць»
— Як вам удалося здабыць такую базу доказаў — у расьсьледаваньні шмат фатаздымкаў, дакумэнтаў, сьпіс усіх байцоў менскага АМАПу?
— Гэта ня ўсе матэрыялы. У мяне ў шуфлядцы ляжыць яшчэ парачка прозьвішчаў, але я да канца ня ўпэўнены, бо толькі адзін чалавек іх апазнаў, а мне трэба, каб некалькі чалавек апазналі. Проста так я не выстаўляю абвінавачаньні. Сабе, вядома, я давяраю, але для майго ж сумленьня мне патрэбны пацьверджаньні іншых людзей, якія былі сьведкамі ўсяго гэтага.
І, безумоўна, фонд BySol і «Кібэрпартызаны» далі моцны штуршок, таму што спачатку ў мяне была база апісальная, а яны прадаставілі фота, дакумэнты, сьпісы, пералік.
— У вас такая сур’ёзная апісальная база ў расьсьледаваньні. Як вы запомнілі і прозьвішчы, і твары?
— Ведаеце, калі мяне арыштавалі, у мяне была перакананасьць, што мяне хутка, літаральна ў лічаныя гадзіны, адпусьцяць, таму што я грамадзянін Ізраілю, я наагул нічым не зьвязаны і проста праходзіў міма. Гэтая ўпэўненасьць у мяне была, і я проста назіраў. Але я бачыў, што хлопцы, якія былі ў момант затрыманьня разам са мной, знаходзіліся ў жудаснай дэпрэсіі, у шоку, баяліся ўсяго. 18-гадовы юнак наагул траціў прытомнасьць, яго ванітавала ад таго, які шок ён атрымаў пры арышце.
А ў мяне не было гэтага страху, я на 100% быў перакананы, што сілавікі крыху палютавалі, але зараз адумаюцца і адпусьцяць мяне. Прыгадаў, што гэта вельмі падобна да гісторыі, як падчас Галакосту закінулі ў гета паляка, каб зразумець, што там адбываецца. Бо нельга было кантактаваць з габрэямі. І паляк туды трапіў і потым апісаў, што там было. Яго, дарэчы, немцы адпусьцілі.
І ў мяне было такое: вось я трапіў туды ўнутр, мяне праз пару гадзін выпусьцяць, але я павінен максымальна дакладна ўсё запомніць, а потым апісаць. Але ўсё гэта расьцягвалася ў часе, і на кожным «чэкпойнце» я думаў: «Зараз яны павінны разабрацца і мяне адпусьціць». У выніку мяне пратрымалі 78 гадзін. Праўда, не судзілі і выпусьцілі з Жодзіна. Так што цягам усяго часу я быў назіральнікам і ўсё запамінаў.
Мы сядзелі з палякам Каспэрам Сініцкім, і я яму кажу: «Мы з табой важныя сьведкі, а нас могуць зараз выслаць, дэпартаваць: цябе ў Польшчу, а мяне ў Ізраіль, таму давай зараз алоўкам запішам на кавалку газэты, што з намі адбывалася. То бок, яшчэ знаходзячыся за кратамі, я пачаў зьбіраць дадзеныя. А яшчэ ў першыя два тыдні я пачаць даваць шмат інтэрвію і «прагаворваць», таму ў маёй памяці ўсё вельмі добра адклалася.
«У аўтазаку адзін амапавец рэальна атрымліваў задавальненьне, калі лупцаваў»
— Тады ніхто ў страшным сьне ня мог уявіць, што сілавікоў у Беларусі так шмат і што яны праявяць такую жорсткасьць. Зьявіліся нават вэрсіі, што ім давалі нейкія псыхатропы і што гэта не беларусы, а расейцы. Як вы ставіцеся да такіх вэрсій?
— Я ня веру, што ім нейкія адмысловыя прэпараты давалі ці іх прыгналі з Расеі. Мне здаецца, што цягам не аднаго дзясятка гадоў проста ішоў адбор самых, прабачце, дурнаватых людзей — агітавалі іх, каб яны ішлі ў АМАП. І яшчэ кантактуючы з такімі ж тыпамі, як яны самі, яны яшчэ больш аддаляюцца ад нармальнага чалавечага аблічча. Яны проста мараць у сваіх нізкіх думках, каб ужо хутчэй ім дазволілі «мачыць». І яны нават задавальненьне атрымлівалі. У нас у аўтазаку адзін амапавец рэальна атрымліваў задавальненьне, калі лупцаваў. Жорсткі фільтар за дзесяцігодзьдзі стварыў такі прадукт — беларускі АМАП.
Яшчэ адна дзіўная рэч. Нечакана на чацьвёрты дзень яны «схамянуліся» і ўсіх пачалі выпускаць. Я дагэтуль не зразумеў, што гэта было. Дакладнага тлумачэньня ніводзін палітоляг ня даў. Усіх, з кім я сядзеў, выпусьцілі 14–15 жніўня. А 16 жніўня быў самы вялікі мітынг. Навошта выпусьцілі? Гэта было апрабавана і ў Маскве, калі былі мітынгі за Навальнага, людзей саджалі і не выпускалі, каб на наступныя мітынгі менш прыйшло.
Мне здаецца, на чацьвёрты-пяты дзень яны ад сваёй жорсткасьці «прабудзіліся» і самі апынуліся ў шоку на некалькі дзён.
«Я ня верыў, што завядуць крымінальную справу на карнікаў. Таму ўсё ўзяў у свае рукі»
— Як вы выйшлі на канкрэтныя імёны, атрымалі сьпісы супрацоўнікаў?
— Я яшчэ ў аўтобусе і аўтазаку зразумеў, што мне трэба будзе абавязкова знайсьці ўсіх людзей, зь якімі мяне затрымалі. Па-першае, таму, што гэта былі незвычайныя, вельмі добрыя людзі, было вельмі цікава зь імі кантактаваць. І мы потым дамовіліся, што будзем знаходзіць адзін аднаго па хэштэгу ў інстаграме, і з аднакамэрнікамі быў адзін хэштэг. І пасьля турмы мы зьбіраліся, сядзелі разам у кавярні за адным сталом. У нас дагэтуль ёсьць чаты ў Telegram: чат затрыманых разам і чат аднакамэрнікаў.
Паступова ў гэты чат я пачаў скідаць нататкі, знаходкі, фатаграфіі. Запытаўся ў хлопцаў, якія імёны яны чулі, як сілавікі адзін аднаго называлі. Пачаў усё зьбіраць. І пачалі зьяўляцца абліччы людзей. Я вырашыў накіраваць заяву ў Генэральную пракуратуру. Праўда, я ня верыў, што па маёй заяве завядуць крымінальную справу на карнікаў. Хутчэй, рабіў гэта для ачысткі свайго сумленьня. Маўляў, бяру расьсьледаваньне ў свае рукі.
Я пачаў сачыць за рознымі каналамі кшталту ByPol, які пачаў выкладаць розныя базы дадзеных. Зьявілася база АМАПу, я знайшоў прозьвішчы, якія чуў падчас арышту ў аўтазаках і пазьней — яны ж называлі адзін аднаго па імёнах ці мянушках. Я зразумеў, хто зь якога ўзводу, зь якой роты АМАПу. Такім чынам я знайшоў узвод, які мяне затрымліваў, і ўзвод, які перавозіў мяне ў Жодзіна. Зьявіліся рэальныя прозьвішчы. Я скінуў іх у чат, які быў своеасаблівым агрэгатарам інфармацыі. А потым ByPol мне даслаў фатаздымак чацьвёртай роты АМАПу, я папрасіў хлопцаў спраўдзіць, каго яны апазналі. Але фота было агульнае, і па тварах было цяжка дакладна вызначыць людзей.
Яшчэ я адмыслова «націскаў на газ» у пляне піяру: паўсюль даваў інтэрвію, знаходзіў розныя інфармацыйныя падставы. Напрыклад, паклаў запісачку ў «Сьцяну плачу» з пажаданьнем дрэннага пэўнай асобе, сфоткаў гэта, і яно разышлося. Мяне пачалі знаходзіць людзі.
А год таму ў жніўні «Кібэрпартызаны» правялі бліскучую апэрацыю «Жара», узламалі базу МУС, іншыя базы. І частка інфармацыі дагэтуль не абнародаваная.
Ёсьць пэўныя сакрэты, пра якія я ня буду расказваць. Мяне зьвялі з «Кібэрпартызанамі», на сувязь выйшаў дзейны супрацоўнік Савецкага РУУС (мы праз бот у Telegram кантактуем, я насамрэч паняцьця ня маю, хто гэта). Ён мне пачаў дапамагаць: калі я тлумачыў, каго я бачыў, паказаў фатаздымкі. Такім чынам мы знайшлі некалькі чалавек. Былі яшчэ парады ад супрацоўніка пракуратуры, як мне дзейнічаць, як шукаць.
Да ўсіх прозьвішчаў дадаю яшчэ фота ад «Кібэрпартызанаў» і Савецкага РУУС і пачынаю апытаньне хлопцаў, зь якімі сядзеў. Гэта доўжылася прыкладна месяц. Усе, хто на той час ужо зьехаў за мяжу, былі згодныя дапамагаць, а з тымі, хто застаўся ў Беларусі, было цяжэй. Так я выйшаў на ўсе імёны. Ёсьць у мяне яшчэ парачка асобаў, якіх толькі адзін чалавек апазнаў, я іх не выстаўляю пакуль.
Да таго ж у мяне яшчэ вельмі шмат іншай інфармацыі ёсьць: дзе пражываюць, дзе іхныя лецішчы, хто бацькі, калі якія пасады атрымлівалі, дзе адпачывалі, якія замежныя паездкі ў іх былі. Усяго я не выстаўляў.
Так што «Кібэрпартызаны» мне вельмі дапамаглі. Мой сайт пакуль яшчэ не заблякавалі, хаця, хутчэй за ўсё, хутка заблякуюць.
«Надыдзе той момант, калі правасудзьдзе будзе і ў Беларусі»
— Вы атрымалі процьму адмоваў у адкрыцьці крымінальнай справы ад Генэральнай пракуратуры, Сьледчага камітэту, іншых устаноў. Ніякіх крымінальных спраў ні на кога з карнікаў не завялі, нікога не пакаралі. Ці верыце ў справядлівасьць і непазьбежнасьць пакараньня?
— Гэта не пытаньне веры ў справядлівасьць. Гэта пытаньне, як я бачу далейшае разьвіцьцё падзей. У мяне на руках факты. Злачынствы супраць чалавечнасьці ня маюць тэрміну даўнасьці. То бок цягам усяго жыцьця гэтых людзей абвінавачаньні ў катаваньнях, зьдзеках будуць заўсёды легітымнымі, скажам так. Гэта першае.
Другое: я веру ў тэорыю эвалюцыі. Я веру, што ўсё эвалюцыянуе і імкнецца да лепшага. Таму, жывучы ўжо 24 гады ў Ізраілі і 19 гадоў пражыўшы ў Беларусі, я дакладна магу параўнаць, якая сыстэма лепшая, як усё працуе, якая розьніца, куды ўсё рухаецца. І я перакананы, што ў Беларусі будуць зьмены ў правільны бок. Яны, вядома, могуць быць зыгзагападобныя, але надыдзе той момант, калі правасудзьдзе будзе і ў Беларусі.
Да таго ж ёсьць адсутнасьць тэрміну даўнасьці. Я цягам двух гадоў гэтага ня кінуў і зрабіў сайт — калі б я ня верыў, напэўна, не рабіў бы ўсяго гэтага. Я ж рабіў гэта ня проста для сябе. Я рабіў таму, што ў мяне ёсьць рэальная мэта: каб людзі атрымалі пакараньне за свае дзеяньні.
«У маім расьсьледаваньні ёсьць белыя плямы, яно яшчэ не завершана»
— Як вам здаецца, ці добра сьпіцца вашым карнікам, як ім жывецца?
— Цяжка меркаваць, бо ты заўсёды прымяраеш на сябе. У Беларусі ж ніколі не лічылася, што ў міліцыі працаваць пачэсна; працэнт людзей, якія лічаць, што міліцыянтам быць крута, вельмі малы. Таму ў іх адпачатку па-іншаму працуе галава.
У Сяргея Міхалка ёсьць песьня «Браняносец», там такія словы:
Тысячи наших братьев
Умирают во имя свободы,
Полиция др*т властный орган
За пакет социальной блевоты.
Яны гатовыя махаць палкамі за «пакет социальной блевоты». І 99 адсоткам, якія там засталіся працаваць, наагул напляваць: яны ўперліся рогам у сьцяну і лічаць, што іх праўда, таму што «бацька» ім дазволіў усё, а мы нічога ня зьменім. Магчыма, там ёсьць нейкі мізэрны працэнт, якому дрэнна сьпіцца. Я думаю, што тым, прозьвішчы якіх я выклаў, нармальна сьпіцца і яны спадзяюцца, што гэта будзе доўжыцца вечна.
У маім расьсьледаваньні ёсьць белыя плямы, і я дагэтуль спадзяюся на дапамогу людзей, каб закрыць іх. Так што расьсьледаваньне яшчэ не завершана, я буду рады любой дапамозе.