Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памочніца генэральнага сакратара NATO: Паскоранай працэдуры ўступленьня ў альянс для Ўкраіны няма


NATO цяпер ня можа пацьвердзіць, што Расея наблізілася да сытуацыі выкарыстаньня ядзернай зброі. Пра гэта карэспандэнту «Настоящего времени» сказала памочніца генэральнага сакратара NATO ў пытаньнях грамадзкай дыпляматыі Байба Бражэ.

У інтэрвію Бражэ таксама расказала пра стаўленьне NATO да заяўкі Ўкраіны на ўступленьне ў альянс і пра дапамогу Ўкраіне. Падаем размову ў скароце.

— Асобны вам дзякуй за тое, што вы размаўляеце з намі на расейскай мове, што вельмі важна для нашай аўдыторыі.

— NATO спрабуе размаўляць з расейскамоўнымі таксама.

— Я б хацела пачаць з крокаў Украіны, якія яна робіць дзеля ўступленьня ў NATO, яе жаданьня і імкненьня стаць часткай альянсу. Уладзімір Зяленскі падаў заяўку (я думаю, усе бачылі гэтае відэа: на Банкавай, дзе знаходзіцца офіс прэзыдэнта і дзе ён падпісвае гэты дакумэнт) паводле паскоранай працэдуры. Ці стала для NATO сюрпрызам такая падача заяўкі? І я б хацела вас папрасіць растлумачыць, што такое паскораная працэдура.

— Украіна ўжо з 2008 году ёсьць дзяржаваю, якая ўпершыню тады прасіла сабе статус у NATO. І ўжо тады дзяржавы NATO наўпрост сказалі: Бухарэсцкі саміт вырашыў, што Грузія і Ўкраіна будуць сябрамі NATO. Канечне, там ёсьць нейкія элемэнты, якія павінны быць выкананы.

Па-першае, устаноўчы статут NATO: 10-ы артыкул кажа, што дзяржава павінна быць кантрыб’ютарам для бясьпекі ўсяго Эўраатлянтычнага альянсу. Па-другое, гэта павінна быць эўрапейская дзяржава. І, па-трэцяе, павінен быць кансэнсус аб прыняцьці дзяржаў.

Так што гэтыя два элемэнты — Вашынгтонская дамова, якою заснавана NATO, і бухарэсцкія рашэньні, якія кажуць, што аднойчы ў будучыні абедзьве дзяржавы будуць сябрамі, — да гэтага часу зьяўляюцца істотнымі. Нічога не памянялася.

Новы запыт Украіны дыскутуецца ў розных відах, і сябры NATO будуць дыскутаваць. Пакуль самае галоўнае — дапамагчы Украіне ўсім магчымым, каб перамагчы ў гэтай жудаснай вайне, у гэтай сьвятой вайне, якую Ўкраіна вядзе, каб сябе абараніць. Таму ўсе нашы сябры-дзяржавы, якія так вырашылі дапамагчы Украіне, адзіныя ў гэтай сваёй думцы.

— Многія краіны вельмі па-рознаму адрэагавалі на гэтую заяўку ад Украіны. Дзевяць дзяржаў, якія ўваходзяць у NATO, адразу напісалі заяву аб тым, што яны вітаюць такія крокі. Ну, а, напрыклад, у ЗША сказалі, што цяпер ня час уступленьня Ўкраіны ў NATO. Як вы ацэньваеце пэрспэктывы: ня час ці ёсьць падтрымка?

— Ведаеце, самае галоўнае — перамагчы, дапамагчы Ўкраіне перамагчы ў вайне. Гэта самае-самае галоўнае зараз.

— Што такое паскораная працэдура? Чым яна адрозьніваецца ад звычайнай працэдуры ўступленьня?

— Такой асабліва паскоранай працэдуры няма.

— Гэта значыць, у выпадку з Украінай паскораны гэты працэс, ці неяк назавіце яго па-іншаму, ніяк не наблізіць яе [да мэты]?

— Ведаеце, не магу камэнтаваць. Такога юрыдычнага тэрміну «паскораны працэс» няма, не існуе. Кожная дзяржава, кожны кандыдат — індывідуальны, і працэс — індывідуальны.

— Самому NATO ёсьць чаму павучыцца цяпер ва ўкраінскай арміі? Бо тое, што зараз адбываецца, вайна — гэта вельмі многія апэрацыі, якія зьдзяйсьняюцца ці не ўпершыню. Многія экспэрты гавораць у некаторым сэнсе аб прарыве ўкраінскага боку ў зьдзяйсьненьні такіх апэрацый. NATO для сябе робіць нейкія такія высновы?

— Украіна паказвае ўсяму сьвету, што гэта значыць — сябе абараніць, што гэта значыць — абараняць сябе ў адпаведнасьці з статутам ААН. І Украіна паказвае гэта ня толькі ваеннымі спосабамі, але і маральнай сваёй устойлівасьцю, усім народам.

— У Расеі вельмі часта высокапастаўленыя чыноўнікі кажуць, што ня толькі ваююць з Украінай, але на самой справе ваююць з NATO. Як NATO ставіцца да такіх заяваў?

— Вы, напэўна, бачылі, генэральны сакратар афіцыйна абвясьціў, што NATO — ня частка гэтай вайны, гэта расейская агрэсіўная вайна супраць Украіны, і NATO ў ёй ня ўдзельнічае.

— Вы можаце нам пацьвердзіць: вайна поўнамаштабная пачалася 24 лютага, але вядома, што гэты канфлікт, які пачаўся з баявых дзеяньняў на Данбасе, існуе з 2014 году. Ці правільна сказаць, што ніводзін салдат NATO ніколі не ваяваў ва Ўкраіне?

— Правільна. NATO ніколі не дасылала [вайскоўцаў], такой апэрацыі ніколі не было, такога рашэньня NATO ніколі не было.

— Наколькі сурʼёзна NATO ставіцца да заяваў Расеі аб магчымым выкарыстаньні ядзернай зброі?

— Ставімся вельмі сурʼёзна. Гэта таксама адзін з элемэнтаў, дзе ўвесь час маніторыцца сытуацыя. Цяпер мы ніяк ня можам пацьвердзіць, што Расея зрабіла б нейкія крокі і сапраўды наблізілася да гэтай сытуацыі, але гэтая яе рыторыка недапушчальная. Лідэры розных дзяржаў аб гэтым заявілі.
На практычным узроўні сытуацыя, вядома, і маніторыцца, і аналізуецца, і нашы вайскоўцы і цывільныя сілы гатовы да розных сцэнараў.

— Да розных сцэнараў — гэта да якіх?

— Гэтага я вам не магу сказаць.

— Адно ўдакладненьне: магчыма, вы расшыфруеце мне словы агенцтва Reuters. Яно паразмаўляла з адной ананімнай крыніцай у NATO, якая сказала, што ў выпадку выкарыстаньня Расеяй ядзернай зброі NATO дасьць фізычны адказ. Што гэта значыць?

— Я не магу гэта камэнтаваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG