У Сьледчым камітэце менавіта як крымінальнае дзеяньне, «злоснае хуліганства», кваліфікавалі вывешваньне на лініі электраперадач у Маскоўскім раёне Менску нацыянальнага беларускага бел-чырвона-белага сьцяга і сьцяга Ўкраіны.
У справе сілавікі затрымалі шэсьць чалавек. Гэта жыхары Менску ва ўзросьце ад 34 да 36 гадоў. Ім пагражае да 6 гадоў калёніі.
У паведамленьні прэс-службы МУС гаворыцца, што правесьці акцыю мужчыны вырашылі самастойна. Адзін зь іх сфатаграфаваў вынікі і даслаў здымкі інтэрнэт-рэсурсам, якія рыжэм Лукашэнкі лічыць «экстрэмісцкімі». Акцыя адбылася ў дзень, калі падарвалі Керчанскі мост, які абслугоўваецца расейскімі акупантамі для сувязі з анэксаваным паўвостравам Крымам.
Беларусы ў краіне і за мяжой з самага пачатку вайны ладзілі акцыі пратэсту супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне. Сотні людзей былі затрыманыя. Усе апошнія месяцы адбываецца перасьлед беларусаў, якія нейкім чынам выказаліся супраць вайны. У тым ліку затрымліваюць за вывешваньне сьцягоў.
У верасьні сілавікі затрымалі 5 менчукоў, якія на 19-павярховым доме па вуліцы Лесі Украінкі вывесілі беларускі і ўкраінскі нацыянальныя сьцягі.
Ёсьць ужо і асуджаныя за салідарнасьць з Украінай. Напрыклад, жыхар Новалукомля атрымаў 2,5 года «хіміі» за выявы сьцягоў на гармаце, якая стаіць на тэрыторыі вайсковага пахаваньня ў вёсцы Старыя Лаўкі Чашніцкага раёну.
У Бабруйску былі затрыманьні настаўніцы за жоўтую і блакітную стужкі ў валасах, і мужчыны за лямпадкі ў колерах украінскага сьцяга.