Паўлаў у артыкуле, прысьвечаным Украіне, назваў любавіцкі хасыдызм — адзін з рэлігійных напрамкаў у юдаізьме — сэктай і заявіў, што жыцьцёвы прынцып любавіцкіх хасыдаў — перавага яго прыхільнікаў над усімі нацыямі і народамі.
Як піша Патрушаў, у артыкуле яго памочніка «зьмяшчаліся памылковыя радкі аб любавіцкіх хасыдах». Паводле слоў сакратара Рады бясьпекі, «гэтая трактоўка адлюстроўвае асабісты пункт гледжаньня Паўлава», а не зьяўляецца афіцыйнай пазыцыяй Рады бясьпекі.
Таксама Патрушаў напісаў, што з Паўлавым «праведзена адпаведная праца», але падрабязнасьці не прыводзяцца — незразумела, што маецца на ўвазе, ці было накладзена на Паўлава нейкае спагнаньне. Сам ён раней адмовіўся камэнтаваць артыкул.
Артыкул Аляксея Паўлава пад загалоўкам «Што вараць у „ведзьміным катле“. Ва Ўкраіне набралі сілу нэапаганскія культы» выйшаў у «Аргументах и фактах» 26 кастрычніка. У ім гаворыцца, што Ўкраіна з 2014 году ў выніку заходніх «маніпуляцый і паліттэхналёгій» ператварылася ў «таталітарную гіпэрсэкту» з «нэапаганскімі культамі». Паўлаў сьцьвярджае, што ўкраінскім грамадзтвам кіруюць «фанатыкі», адэпты рэлігійных сэктаў, якія тварылі «найбольшыя зьверствы ў Данбасе і ў іншых расейскамоўных рэгіёнах Украіны». Далей генэрал-маёр ФСБ піша пра неабходнасьць «дэсатанізацыі» Ўкраіны падчас правядзеньня так званай спэцыяльнай ваеннай апэрацыі. Паўлаў піша, што да руху «Хабад Любавіч» нібыта належаць Ігар Каламойскі, Віктар Пінчук ды іншыя ўкраінскія алігархі.
Галоўны рабін Расеі Бэрл Лазар раней выступіў з рэзкай крытыкай артыкула памочніка сакратара Рады бясьпекі. Рабін заявіў, што габрэйская грамада Расеі ўспрыняла матэрыял «з крайнім зьдзіўленьнем», а тэзісы, якія ўтрымліваюцца ў ім, палічыла абразай «мільёнаў вернікаў-габрэяў, у тым ліку значнай большасьці габрэяў Расеі».
У Фэдэрацыі габрэйскіх грамадаў Расеі лічаць, што артыкул Паўлава «стварае прычыну для варожасьці», а Расейскі габрэйскі кангрэс папрасіў Сьледчы камітэт і пракуратуру даць ацэнку заявам памочніка сакратара Рады бясьпекі Расеі.
Бэрл Лазар, камэнтуючы артыкул памочніка сакратара Рады бясьпекі Расеі, адзначыў, што любавіцкія хасыды і рэлігійны рух «Хабад» — ня сэкта, а легітымная школа юдаізму. Ён адзначыў, што сам належыць да гэтага напрамку, таксама як і «90% рабінаў, якія працуюць у юдэйскіх супольнасьцях Расеі». Ідэалёгія «Хабаду» заснаваная на павазе да ўсіх рэлігій, народаў і да кожнага чалавека, падкрэсьліў рабін.
Развагі Паўлава «можна было б назваць вульгарным антысэміцкім трызьненьнем і грэбліва прайсьці міма», заявіў Лазар, але пасада галоўнага рабіна Расеі не дазваляе гэтага зрабіць. «Такога кшталту новыя перапевы старых крывавых нагавораў ад імя супрацоўніка Рады бясьпекі Расеі становяць вялікую небясьпеку і таму павінны выклікаць неадкладную і адназначную рэакцыю грамадзтва і ўлад краіны», — лічыць Лазар.
- На думку экспэртаў амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), расейскія афіцыйныя асобы ўсё часьцей спрабуюць зьвязаць вайну ва Ўкраіне з рэлігійнымі канцэпцыямі. На гэта ўказваюць апошнія заявы кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава, які назваў вайну ва Ўкраіне джыхадам.
- Кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы, патрыярх Кірыл раней гаварыў пра «сатанізацыю» Захаду і нібыта бітву «анёлаў і дэманаў», дзе поле бітвы — Украіна.
- У артыкуле Паўлава зьмяшчаліся рэзкія ацэнкі таксама на адрас іншых рэлігійных плыняў, да якіх, паводле яго сьцьвярджэньняў, належаць украінскія палітыкі — у прыватнасьці, пяцідзясятнікаў і прыхільнікаў Царквы саенталёгіі. У пяцідзясятнікаў і саентолягаў Патрушаў прасіць прабачэньня ня стаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.