Спадарожнікі яшчэ ніколі не зьбівалі падчас рэальных ваенных канфліктаў, аднак Расея адпрацоўвала гэта падчас вучэньняў.
Варанцоў упершыню заявіў аб гатоўнасьці зьбіваць спадарожнікі 12 верасьня, аднак гэта засталося практычна не заўважаным. 27 верасьня ён паўтарыў пагрозы на пасяджэньні камітэту Генасамблеі ААН, вынікае з паведамленьня прэс-офісу арганізацыі.
Варанцоў заявіў, што ЗША і іх саюзьнікі задзейнічалі кампанэнты цывільнай інфраструктуры ў космасе ў ваенных мэтах. «Калегі, напэўна, не зусім разумеюць, што падобная дзейнасьць, па сутнасьці, зьяўляецца апасродкаваным удзелам ва ўзброеных канфліктах, — сказаў расейскі чыноўнік. — Квазіцывільная інфраструктура можа аказацца „законнай цэльлю“ для ўдару ў адказ».
Вайсковыя экспэрты адзначаюць беспрэцэдэнтнае выкарыстаньне камэрцыйных сыстэм на вайне ва Ўкраіне. Шырокае ўжываньне ва ўкраінскім войску знайшла сыстэма спадарожнікавай сувязі Starlink Ілана Маска. Яна выкарыстоўваецца для сувязі і кіраваньня УСУ, уключаючы атрыманьне выведных дадзеных і цэлеўказаньня зь бесьпілётнікаў у рэальным часе. Сувязь дае або давала кампанія Viasat.
Злучаныя Штаты закупляюць для Ўкраіны фатаздымкі са спадарожнікаў кампаній Maxar, Planet Labs and BlackSky. Аналітыкі ўкраінскай выведкі маюць непасрэдную сувязь са спэцыялістамі кампаніі, паведамляў партал DefenseNews. У справаздачы аналітычнага Atlantic Council у жніўні адзначалася, што Расея пачала атакаваць такую інфраструктуру яшчэ ў пачатку вайны з дапамогай хакераў.