Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны трыбунал для Лукашэнкі, фармалізаваць адносіны з кабінэтам Ціханоўскай. Што прапаноўвалі падчас дыскусіі ў Эўрапарлямэнце


На паседжаньні Эўрапейскага парлямэнту абмеркавалі заяву Эўракамісіі «Актыўная роля рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Ўкраіны».

Олівэр Вархэі, камісар ЭЗ у пытаньнях суседзтва і пашырэньня, адзначыў, што Аляксандар Лукашэнка стаў саўдзельнікам у расейскай вайне супраць Ўкраіны. Хоць беларускія войскі ня ўдзельнічаюць у вайне на тэрыторыі Ўкраіны, абстрэлы якія адбываюцца з тэрыторыі Беларусі, непрымальныя, сказаў Вархэі.

Эўракамісар падкрэсьліў, што большасьць беларусаў відавочна выступае супраць вайны. Ён папярэдзіў, што калі рэжым Лукашэнкі вырашыць наўпрост далучыцца да ваенных дзеяньняў, Эўразьвяз зробіць жорсткія крокі ў адказ.

Падчас абмеркаваньні дэпутаты з розных краін і фактычна ад усіх фракцый Эўрапарлямэнту неаднаразова паўтаралі некалькі асноўных пунктаў:

  • Беларусы не падтрымліваюць вайну. Лукашэнка – узурпатар, адыгрывае актыўную ролю ў вайне і павінен разам з Пуціным паўстаць перад міжнародным судом.
  • Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі маюць быць такімі ж жорсткімі як і супраць рэжыму Пуціна.
  • Варта фармалізаваць адносіны з дэмакратычнай Беларусьсю ў асобе Сьвятланы Ціханоўскай і яе кабінэту.

Шмат хто з дэпутатаў завяршаў свае выступы словамі «Жыве Беларусь! Слава Ўкраіне!»

Адзіным, хто выказаўся моцна адрозна, быў Мік Уолес, ірляндзкі дэпутат з фракцыі «Эўрапейскія аб'яднаныя левыя/ Лева-зялёныя Поўначы», якая мае ў Эўрапарлямэнце 38 з 705 месцаў.

Паводле Ўолеса, Лукашэнка проста выбраў бок у вайне, як і эўрапейцы. Расейцы прапануюць мірныя перамовы, і варта на гэтыя перамовы ісьці, сказаў ён, бо людзі па ўсёй Эўропе, а ня толькі ў Беларусі, ня хочуць вайны.

У сваіх выступах шэраг дэпутатаў з Польшчы і Літвы згадвалі як гібрыдны напад на краіны Эўразьвязу дзеяньні рэжыму Лукашэнкі, які арганізоўваў нелегальную міграцыю ў гэтыя краіны. А дэпутатка ад чэскай Пірацкай партыі Маркета Грэгарава адзначыла, што за цяперашнія дзеяньні рэжыму Лукашэнкі часткова нясе адказнасьць і Эўразьвяз, які ня быў гатовы эфэктыўна падтрымаць пратэсты супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе, дазволіўшы Лукашэнку захаваць уладу.

Бадай найбольш жорстка выказаўся сталы дакладчык Эўрапарлямэнту аб Беларусі, эўрадэпутат ад Літвы Пятрас Аўштравічус. Ён, сярод іншага, прапанаваў адклікаць дыпляматаў усіх краін Эўразьвязу зь Менску і выслаць са сваёй тэрыторыі дыпляматаў тых краін, якія ўдзельнічаюць у агрэсіі, відавочна маючы на ўвазе Расею і Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG