Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін спаліў масты. Якімі будуць наступствы анэксіі ўкраінскіх тэрыторый


Канцэрт у Маскве ў гонар анэксіі ўкріанскіх тэрыторый
Канцэрт у Маскве ў гонар анэксіі ўкріанскіх тэрыторый

Дзярждума і Савет Фэдэрацыі РФ аднагалосна выказаліся за далучэньне да Расеі чатырох вобласьцяў Украіны. Якія наступствы будзе мець гэтая анэксія? Свой адказ у калёнцы на партале «Зеркало» прапануе Юры Дракахруст.

Цяпер з набору зыходаў вайны выключаная параза Расеі з памяркоўнымі стратамі, са стратай усяго толькі здабытага падчас баявых дзеяньняў, як гэта было пасьля заканчэньня вайны ў Афганістане. Туды СССР зайшоў як у чужую краіну, а праз 10 год з гэтай чужой краіны выйшаў.

У цяперашняй вайне так ужо ня будзе паводле вызначэньня. Калі Расея ў гэтай вайне пацярпіць паразу, то параза будзе ганебная, катастрафічная, прынамсі псыхалягічна.

Ніхто ў сьвеце (ну, ці вельмі мала хто) прызнае далучэньне вялізнай тэрыторыі суседняй краіны да Расеі. Але па ўнутрырасейскіх законах гэта тэрыторыя РФ, і страту яе расейцы Пуціну не даруюць.

І сваім рашэньнем ён спаліў за сабой масты, выключыўшы варыянт якога б там ні было кампраміснага міру.

І пакуль, мяркуючы па ўсім, Пуцін настроены і надалей паднімаць стаўкі. Цяпер Расея цярпіць паразу на полі бою, але гэта не азначае, што гэта канчатковая параза ў вайне. З 24 лютага ваеннае шчасьце паварочвалася тварам то да аднаго, то да другога боку.

Мабілізацыя ў Расеі, можа, і ня стане вырашальным фактарам, але важным фактарам несумненна будзе. Недахоп жывой сілы, які востра адчуваўся ў расейскім войску ў апошнія месяцы, будзе папоўнены, асабліва празь месяц-другі, калі мабілізаваных падвучаць.

Але і Ўкраіна мае рэзэрвы, якія яна можа мабілізаваць, каб скампэнсаваць новы дысбалянс. Да таго ж зараз можа быць адменена негалоснае самаабмежаваньне, якое практыкаваў Захад — не даваць Украіне дальнабойную зброю, каб яна не абстрэльвала тэрыторыю Расеі. З расейскага пункту гледжаньня цяпер любая зброя — дальнабойная, здольная абстрэльваць тэрыторыю РФ. На тэрыторыі, якую яна цяпер лічыць сваёй, ідуць гарачыя баі. Так што негалоснае самаабмежаваньне можа быць негалосна ж, а хоць і галосна, адменена.

Ну, а Расея ў адказ можа праводзіць новыя і новыя хвалі мабілізацыі, ведучы вайну на зьнясіленьне. Дарэчы, ня выключана, што «ката назавуць катом», спэцыяльную ваенную апэрацыю — вайной. Відавочна, што Ўкраіна не зьбіраецца спыняць баявыя дзеяньні на тэрыторыях, на якіх вядзе іх цяпер.

Расея цяпер можа разглядаць гэта як агрэсію супраць яе і канстатаваць стан вайны з Украінай. Калі гэта адбудзецца, дык гэта стане выклікам для краінаў АДКБ, у прыватнасьці, для Беларусі. Расея можа зьвярнуцца да іх з просьбай аб ваеннай дапамозе як ахвяра агрэсіі.

Аднак досьвед Армэніі, якая запрасіла такой дапамогі і не атрымала яе, сьведчыць аб тым, што аўтаматызму ў выкананьні ўзаемных абавязаньняў няма ніякага. Што тычыцца Расеі, то яе тэрытарыяльныя «набыткі» пакуль ніводная краіна АДКБ не прызнала, нават Беларусь. Няўцямная паездка Аляксандра Лукашэнкі ў Абхазію была, як падаецца, спробай ухіліцца ад прызнаньня анэксіі Расеяй 4 вобласьцяў Украіны. Казахстан пасьля пачатку квазірэфэрэндумаў у гэтых вобласьцях выступіў з заявай, у якой фактычна абвясьціў аб непрызнаньні іх вынікаў.

А няма прызнаньня прыналежнасьці Расеі тэрыторый, дзе ідзе вайна, — няма і агрэсіі супраць Расеі, адпаведна, няма ніякіх абавязаньняў дапамагаць ёй ваеннай сілай.

Зрэшты, ніхто ня можа сказаць, ці ўсе масты спаліў Пуцін. У выпадку нежаданьня саюзьнікаў прызнаваць расейскія тэрытарыяльныя захопы ён можа паспрабаваць прымусіць іх да гэтага сілай. Праўда, сілы на ўсіх можа і не хапіць. Да таго ж абмежаваньні бываюць розныя.

Кітайскі лідэр Сі Цзіньпін невыпадкова перад самітам ШАС у Самаркандзе наведаў Казахстан, дзе вельмі недвухсэнсоўна выказаўся аб падтрымцы тэрытарыяльнай цэласнасьці гэтай краіны. Хто, цікава, тэрытарыяльнай цэласнасьці Казахстана мог бы пагражаць?

Пакуль, мяркуючы па ўсім, Пуцін засяродзіцца на баявых дзеяньнях ва Ўкраіне, на нарошчваньні групоўкі, якая там ваюе. Зьвяртае на сябе ўвагу, што ў заявах і прэзыдэнта РФ, і іншых расейскіх афіцыйных асобаў наконт анэксіі не гучала запэўніваньняў, што 4 вобласьці — гэта ўсё, што Расея зьбіраецца заваяваць у гэтай вайне. Першапачатковая мэта «дэнацыфікацыі Ўкраіны», якая ёсьць эўфэмізмам зьнішчэньня Ўкраіны як сувэрэннай дзяржавы, не адмененая.

Цяпер з вуснаў расейскіх прапагандыстаў і палітыкаў, у тым ліку і Пуціна, пагрозы ўжываньня ядзернай зброі гучаць ледзь ня кожны дзень. Ня толькі дэмагогі-палітыкі, але і рэспэктабэльныя некалі навукоўцы абмяркоўваюць магчымасьць і пажаданасьць выкарыстаньня нават стратэгічнай ядзернай зброі.

Наўрад ці гэтая пагроза будзе рэалізаваная ў хуткім часе: Пуцін пакуль ня вычарпаў канвэнцыйныя магчымасьці вайны. Праўда, у сацыяльна-псыхалягічным сэнсе гэтыя магчымасьці могуць скончыцца раней, чым ён думае.

Масавыя ўцёкі расейцаў ад мабілізацыі, пратэсты супраць яе ў Расеі, падзеньне рэйтынгу і самога Пуціна, і папулярнасьці вайны пасьля абвяшчэньня мабілізацыі — усё гэта не падобна да энтузіязму, які ахапіў Расею на пачатку Першай сусьветнай вайны.

Разьлік на ўздым патрыятычных пачуцьцяў, злучаны з абаронай новых тэрытарыяльных набыткаў, наўрад ці апраўдаецца — занадта пасьпешліва і неабгрунтавана праводзіўся гэты захоп. Так што гэтая вайна чым далей, тым болей будзе рабіцца асабістай вайной Пуціна. І тут узьдзеяньне на грамадзтва будзе аказваць ня толькі паток трунаў з фронту, але і паразы, нарастаньне адчуваньня бессэнсоўнасьці працягу вайны.

Праз 3 гады пасьля эўфарыі жніўня 1914 году, у лютым 1917-га, на стол імпэратару Мікалаю леглі тэлеграмы камандуючых франтамі зь «вернападданым» заклікам — «Адрачыцеся».

У лютым 1917 году Расея яшчэ не прайграла вайну, але ўжо ня мела маральных сілаў яе працягваць. Аднак мір зь вялізнымі тэрытарыяльнымі саступкамі, тады ж названы «пахабным», змог даць зусім новы лідэр, які з 1914 году выступаў за паразу Расеі ў вайне, — Уладзімір Ленін. Нешта падобнае можа здарыцца і ў сучаснай Расеі, імавернасьць такога сцэнару дастаткова высокая. Ужо якое шчасьце прынясе Расеі і сьвету новы Ленін — гэта асобнае пытаньне. Але да яго вырашэньня справа можа і не дайсьці.

Бо ядзерная зброя здольная ўсё памяняць. Калі Пуцін апынецца перад няўхільнай дылемай — ганебная параза (а яе ганебнасьць ён гарантаваў анэксіяй) або ядзерная вайна, магчыма, ён выбера другое і спаліць ня толькі масты, але і ўвесь сьвет.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG