Палітзьняволены Сьцяпан Латыпаў правёў 17 дзён у ШЫЗА. Пра гэта ён паведаміў у лісьце.
«Правеў 17 дзён у ШЫЗА, дзе разважаў пра тленнае і займаўся спортам кожную ноч. Цяпер у ПКТ, тут тэмпэратура вышэйшая і даюць коўдры. П’ю смачную гарбату і каву, часам з малаком — расьціраю сухое ў кубку.
Цэны растуць: на ліміт у 32 рублі за месяц атрымліваецца купіць усё менш і менш. На гэты месяц пляную каробку сухога малака 400 г, слоік падсалоджвальніку і 1 кг самых танных цукерак. Пакуль ёсьць гарбата, кава — гэта дае магчымасьць разнастаіць мэню.
Чытаю кнігі, часопісы. „Загадкавую гісторыю Бэнджаміна Батана“ Фіцджэральда. Падпісаўся на 15 выданьняў, але іх не прынесьлі і паловы, прасіў бацьку тэлефанаваць на пошту, разабрацца. Ён гэтую справу ўмее і любіць. Лісты таксама амаль не прыходзяць: магчыма, людзі стаміліся пісаць. У гэтым і сутнасьць вялікіх тэрмінаў зьняволеньня: пра чалавека проста паступова забываюць, нібы хаваючы жыўцом. Ужо зьмірыўся і стаўлюся да гэтага з гумарам, у нечым так прасьцей».
Латыпаў глытаў лязо і рэзаў вену на руцэ
Таксама сябрам Латыпава стала вядома, што ён у ПКТ глытаў лязо і рэзаў вену, пратэстуючы супраць незаконных дзеяньняў адміністрацыі калёніі ў адносінах да вязьняў.
У інстаграм-акаўнце volny_vozhyk, які вядуць ягоныя сябры, паведамляецца, што адміністрацыя калёніі № 22, дзе Сьцяпан адбывае пакараньне, парушае правы вязьняў:
«Сьцяпан рабіў спробы вырашыць праблемы праз кантакт з намесьнікам начальніка калёніі, напісаўшы заяву на сустрэчу зь ім, але яна была праігнараваная. Адно з правапарушэньняў, якое робіць адміністрацыя, — незаконнае абмежаваньне перапіскі. Было, што Сьцяпан за месяц не атрымаў аніводнага ліста, нават ад блізкіх сваякоў. Да сяброў і знаёмых Сьцяпана на працягу больш чым 7 месяцаў даходзяць толькі адзінкавыя пасланьні».
У выніку Сьцяпан з прычыны ціску з боку сілавікоў пайшоў на радыкальны пратэст, у канцы ліпеня ён праглынуў лязо, паведамляе volny_vozhyk:
«Ён зрабіў гэта, устаўшы перад камэрай назіраньня ў ПКТ, і пасьля запіў лязо гарбатай — каб супрацоўнікі ўпэўніліся, што ён не сымулюе, і былі вымушаныя адвезьці яго на абсьледаваньне ў шпіталь у Івацэвічах. Так ён дамогся, каб яго ўчынак быў зафіксаваны ў дакумэнтах шпіталя. Празь некалькі гадзін Сьцяпана вярнулі ў калёнію. На шчасьце, лязо не пашкодзіла стрававод і страўнік і пазьней расчынілася ў страўнікавым соку».
Таксама ў якасьці пратэсту супраць незаконных дзеяньняў адміністрацыі Сьцяпан парэзаў сабе руку ў вобласьці локця, паведамляе volny_vozhyk.
«Парэз атрымаўся даволі глыбокі, накладалі некалькі швоў. Рана загаілася без ускладненьняў. За гэтыя ўчынкі Сьцяпана пакаралі 17 соднямі ШЫЗА, якія ён адседзеў у жніўні. Ліставаньне зь ім дагэтуль не палепшылася. На 15 верасьня прызначаны суд з нагоды пераводу Сьцяпана ў іншую папраўчую ўстанову. Відаць па ўсім, яго адправяць у турму на тэрмін да 3 год».
16 жніўня палітзьняволенага жыхара «плошчы Перамен» Сьцяпана Латыпава асудзілі на 8,5 года калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і аштрафавалі на 300 базавых велічыняў.
Судзьдзя Аляксандар Волк прызнаў яго вінаватым у стварэньні дваровага тэлеграм-чату, майстэрні па вырабе пратэставай сымболікі, супраціве супрацоўнікам міліцыі пры затрыманьні 15 верасьня. Акрамя гэтага, як дырэктара кампаніі «Беларбо» яго прызналі вінаватым ва ўвядзеньні ў зман кліентаў пры аказаньні паслуг у хімічнай ахове расьлін. Сам Сьцяпан на судзе не прызнаў віны і адмовіўся даваць паказаньні.
Падчас суду Сьцяпан Латыпаў спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам, пашкодзіўшы сабе горла. Пасьля гэтага палітвязьня праапэравалі ў адной зь менскіх лякарняў. За пяць месяцаў у калёніі Латыпава зьмяшчалі ў штрафны ізалятар агулам на 32 дні, 27 зь якіх ён адбыў у лютым.
Напісаць Сьцяпану Латыпаву ліст можна па адрасе: ПК № 22, 225295, Берасьцейская вобласьць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Сьцяпан Сяргеевіч Латыпаў
Вольгу Маёраву зьмясьцілі ў карцар
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, палітзьняволеная актывістка Вольга Маёрава ад сёньняшняга дня была зьмешчаная ў карцар. Прычыны і тэрмін невядомыя.
Вольгу судзяць па «справе Аўтуховіча» паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. На судзе яна заявіла, што вінаватай сябе ня лічыць па ніводным артыкуле. У яе падазраюць цукровы дыябэт, але Вольга спадзяецца, што хвароба толькі пачынаецца і яе разьвіцьцё яшчэ можна затармазіць. У жніўні Вольга адзначыла за кратамі сваё 56-годзьдзе.