9 верасьня было перакрыта 25 лякальных тэмпэратурных антырэкордаў, а таксама экстрэмум ночы для ўсёй Беларусі, які трымаўся 126 гадоў.
Самым халодным месцам аказаўся Бабруйск, дзе тэмпэратура апусьцілася да 3,2 градуса марозу. Ранейшы антырэкорд складаў 1,1 градуса ніжэй за нуль (9 верасьня 1896 году ў Васілевічах).
У Менску пабіты антырэкорд 1900 году (+0,1 градуса супраць +2). У Віцебску паў антырэкорд ночы 47-гадовай даўніны (-0,6 супраць 2,2), у Верхнядзьвінску — 52-гадовай (-0,5 супраць 0,9), у Лепелі — 54-гадовай (1,4 супраць 3,4).
Агулам з 1 па 10 верасьня зафіксавана 113 лякальных антырэкордаў. 2, 3, а таксама 7–9 верасьня перакрыты абсалютныя мінімумы для ўсёй краіны з пачатку інструмэнтальных мэтэаназіраньняў.
11 і 12 верасьня ў сувязі з воблачным надвор’ем начныя тэмпэратуры павысяцца да 4–11 градусаў цяпла.
Між тым мінулы жнівень паўтарыў рэкорд жніўня 2010 году, які стаў самым цёплым апошнім месяцам лета за ўвесь пэрыяд інструмэнтальных мэтэаназіраньняў: сярэдняя тэмпэратура перавысіла норму на 2,8 градуса. З 23 па 28 жніўня ў краіне было абноўлена 132 рэкорды цяпла, 26 і 27 жніўня — абсалютныя максымумы дня за ўвесь пэрыяд мэтэаназіраньняў (+33,4 і +33 градусы адпаведна).