Яго абвясьцілі ў міжнародны вышук за наведваньне Нагорнага Карабаху без дазволу ўладаў Азэрбайджану. Праз год Лапшыну прысудзілі 3 гады калёніі.
7 верасьня 2022 году Камітэт правоў чалавека ААН прызнаў дзеяньні Беларусі незаконнымі.
У рашэньні Камітэту сярод іншага прыводзяцца паказаньні Лапшына, які сьцьвярджае, што «беларускія ўлады сфальсыфікавалі ягоную справу і рашэньне аб яго экстрадыцыі было палітычна матываванае».
Камітэт прыйшоў да высновы, што экстрадыцыя Лапшына ў Азэрбайджан зьяўлялася парушэньнем артыкулу 7 Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэты дакумэнт Беларусь ратыфікавала, яшчэ быўшы БССР, у 1976 годзе. Пасьля атрыманьня незалежнасьці ў 1992 годзе Беларусь ратыфікавала і факультатыўны пратакол да Пакту.
«Камітэт лічыць, што экстрадаваўшы аўтара [Аляксандра Лапшына] ў Азэрбайджан, дзяржава-ўдзельніца [Беларусь] парушыла ягоныя правы паводле артыкулу 7 Пакту. Камітэт таксама прыходзіць да высновы, што, ня выканаўшы ягоную просьбу аб дадатковай абароне, дзяржава-ўдзельніца парушыла свае абавязаньні паводле артыкулу 1 Факультатыўнага пратаколу. У адпаведнасьці з артыкулам 2 (3) Пакту дзяржава-ўдзельніца абавязана даць аўтару эфэктыўны сродак прававой абароны», — гаворыцца ў дакумэнце.
У выніку Камітэт правоў чалавека ААН пастанавіў, што Беларусь абавязана даць Аляксандру Лапшыну «адэкватную кампэнсацыю», таксама краіна мусіць прыняць меры для прадухіленьня такіх парушэньняў у будучыні.
- Аляксандра Лапшына, які мае грамадзянства Расеі і Ізраілю, затрымалі ў сьнежні 2016 году ў Менску на запыт Азэрбайджану. Блогера абвясьцілі ў міжнародны вышук за наведваньне Нагорнага Карабаху без дазволу ўладаў Азэрбайджану.
- Супраць выдачы блогера выступалі ўлады Расеі, Ізраілю і Армэніі. У ліпені 2017 году бакінскі суд у Азэрбайджане асудзіў блогера на тры гады пазбаўленьня волі.
- У верасьні 2017 году прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў памілаваў асуджанага. Яго экстрадавалі ў Ізраіль. У пачатку 2018 году Лапшын падаў скаргу на Азэрбайджан у Эўрапейскі суд у правах чалавека. Ён абвінаваціў азэрбайджанскія ўлады ў замаху на забойства, катаваньнях і незаконным пазбаўленьні волі.
- Эўрапейскі суд у правах чалавека прызнаў вінаватым Азэрбайджан у катаваньнях і спробе забіць Аляксандра Лапшына. Паводле рашэньня, Азэрбайджан мусіў выплаціць яму кампэнсацыю ў памеры 30 тысяч эўра.