Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў: Расея абстрэльвае калідор, па якім місія МАГАТЭ мае ехаць на Запароскую АЭС


Місія МАГАТЭ на Запароскую АЭС ўжо ў Кіеве
Місія МАГАТЭ на Запароскую АЭС ўжо ў Кіеве

Андрэй Ярмак, кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, абвінаваціў Расею ў спробе сарваць місію МАГАТЭ на Запароскую АЭС.

«Расея намагаецца сарваць візыт місіі МАГАТЭ на ЗАЭС, імітуючы баявыя дзеяньні ў Энэргадары і абстрэльваючы тэрыторыю каля АЭС. Гэта менавіта расейскія правакацыі. Зараз важна ня даць расейцам магчымасьці хлусьнёй і шантажом дабіцца свайго. Яны павінны пайсьці прэч з украінскай зямлі», — напісаў Андрэй Ярмак у сваім тэлеграм-канале.

Дарадца кіраўніка офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхайла Падаляк заявіў, што расейскія войскі пачалі абстрэльваць тыя рэгіёны Ўкраіны, якія ўключаныя ў маршрут перамяшчэньня місіі МАГАТЭ з Кіева на Запароскую АЭС.

«Усё прагназавана. Расея наўмысна абстрэльвае калідоры, па якіх місія МАГАТЭ можа даехаць да Запароскай АЭС. Усе (калідоры), каб прапанаваць праход праз Крым і асобныя раёны Данецкай і Луганскай абласьцей. Пазыцыя Ўкраіны нязьменная. Доступ толькі праз падкантрольную тэрыторыю Ўкраіны. Дэмілітарызацыя АЭС. Тэрміновы вывад расейскіх войскаў. На станцыі — толькі ўкраінскі пэрсанал», — напісаў Міхайла Падаляк на сваёй старонцы ў Twitter.

30 жніўня місія Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргетыцы прыбыла ў Кіеў. Плянавалася, што ўжо 31 жніўня місія зможа дабрацца да Запароскай АЭС у захопленым Расеяй Энэргадары.

Паслаць на Запароскую АЭС інспэкцыю МАГАТЭ пастанавілі адразу пасьля таго, як у выніку абстрэлаў аварыйна спыніліся два энэргаблёкі. Украінскі пэрсанал празь некалькі гадзін змог падключыць блёкі да энэргасыстэмы Ўкраіны, але небясьпека надзвычайнай сытуацыі застаецца.

Місія МАГАТЭ сфармаваная з прадстаўнікоў нэўтральных і прыязных да Расеі краін, у тым ліку Сэрбіі і Кітаю. Прадстаўнікоў ЗША і Вялікай Брытаніі не ўключылі.

Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) зьвярнулі ўвагу на тое, што расейскі бок маніпулюе грамадзкай думкай, заяўляючы пра абстрэлы ЗАЭС з украінскага боку.

Інстытут апублікаваў новыя спадарожнікавыя фатаздымкі, на якіх відаць, што прыхаваныя на пляцоўцы станцыі расейскія баявыя машыны стаяць вельмі блізка ад корпусу рэактара.

Спадарожнікавы здымак Запароскай АЭС. Месцы, дзе снарады траплялі ў дахі
Спадарожнікавы здымак Запароскай АЭС. Месцы, дзе снарады траплялі ў дахі

Акупацыйныя ўлады Запароскай вобласьці заявілі, што гатовыя гарантаваць бясьпеку місіі МАГАТЭ і паказаць, хто насамрэч абстрэльвае станцыю. Расея таксама анансавала, што некалькі інспэктараў МАГАТЭ застануцца на Запароскай АЭС і пасьля правядзеньня місіі.

Украінскі бок разьлічвае, што місія МАГАТЭ засьведчыць, што Расея, захапіўшы атамную станцыю, парушыла пратаколы ядзернай бясьпекі, зацьверджаныя гэтай арганізацыяй.

Дарадца Белага Дому па нацыянальнай бясьпецы Джон Кірбі заклікаў Расею пагадзіцца на стварэньне дэмілітарызаванай зоны вакол Запароскай АЭС. У той жа час Джон Кірбі адзначыў, што падтрымлівае кантраляванае спыненьне станцыі.
«Мы працягаем верыць, што кантраляванае спыненьне рэактараў Запароскай атамнай электрастанцыі будзе найбольш бясьпечным і найменш рызыкоўным варыянтам у найбліжэйшай пэрспэктыве», — дадаў ён.

Асноўныя мэты місіі МАГАТЭ, якая прыехала ва Ўкраіну:

  • ацаніць фізычныя пашкоджаньні;
  • вызначыць функцыянальнасьць сыстэм бясьпекі і абароны;
  • ацаніць умовы пэрсаналу;
  • выканаць тэрміновыя ахоўныя мерапрыемствы.

Горад Энэргадар і Запароская АЭС, найбуйнейшая ў Эўропе, з канца лютага пад кантролем расейскіх войскаў.

Цягам лета Расея і Ўкраіна неаднаразова абвінавачвалі адна адну ў абстрэлах атамнай электрастанцыі і стварэньні пагрозы ядзернай бясьпецы. Таксама Расея разьмясьціла каля станцыі вайсковую тэхніку.

Украіна і Расея абвінавацілі адна адну ў абстрэле жылых раёнаў Энэргадару вечарам 28 жніўня. Бакі лічаць гэта правакацыяй напярэдадні візыту спэцыялістаў МАГАТЭ. Паведамляецца пра 9 загінулых у выніку ўдараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG