Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Акупанты не павінны спаць спакойна». Украінскі партызан — пра падпольле на акупаваных тэрыторыях

Расейскія вайскоўцы ў Мелітопалі
Расейскія вайскоўцы ў Мелітопалі

Выданьне The New York Times апублікавала інтэрвію з украінскім партызанам, які вядзе барацьбу з расейскімі вайскоўцамі на акупаваных тэрыторыях Украіны.

Ён расказаў, як удзельнікі падпольля наводзяць украінскую артылерыю на расейскія аб’екты, падрываюць чыгуначныя шляхі і зьдзяйсьняюць замахі на чыноўнікаў акупацыйнай адміністрацыі.

Суразмоўца выданьня пагадзіўся на размову на ўмовах ананімнасьці і дазволіў напісаць толькі яго кодавае імя Сварог.

Журналісты сустрэліся з партызанам у грузінскім рэстаране ў Запарожжы, піша «Настоящее время». Сварог расказаў, што ён дзейнічае ў Мелітопалі, горадзе ў Запароскай вобласьці, які ўдалося заняць расейскім вайскоўцам. Па словах суразмоўцы NYT, раней ён трэніраваўся з «Правым сэктарам» і «Нацкорпусам». Бліжэй да пачатку расейскага ўварваньня Сілы спэцыяльных апэрацый Украіны заняліся стварэньнем больш структураванай праграмы па падрыхтоўцы патэнцыйных падпольшчыкаў. Іх вучылі рабіць дывэрсіі, працаваць з выбухоўкай і хаваць зброю.

Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Сварог атрымаў каардынаты сховішча пад Мелітопалем, дзе знайшоў выбухоўку, дэтанатары, аўтаматы Калашнікава, гранатамёт і два пісталеты з глушыцелямі.

Сварог расказаў падрабязнасьці адной зь вясновых вылазак у Мелітопалі, калі ён разам зь іншымі партызанамі ноччу замінаваў машыну на стаянцы каля паліцэйскага пастарунку. Папярэдне яны адключылі вулічнае асьвятленьне ў раёне, каб застацца незаўважанымі. Байцы заклалі выбуховае прыстасаваньне ў колавую арку аўтамабіля. Ад выбуху загінуў адзін паліцыянт, яшчэ адзін быў паранены.

Сварог расказаў таксама пра ўдзел ягонай ячэйкі ў падрыве машыны Алега Шостака, украінца, які ўступіў у «Адзіную Расею». Пры выбуху Шостак быў паранены.

Па словах партызана, мэта іх працы — паслаць сыгнал расейскім войскам і іх саюзьнікам, што тыя «ніколі ня будуць у бясьпецы».

«Мэта палягае ў тым, каб паказаць акупантам, што ў іх няма дома, што яны не павінны ўладкоўвацца, што яны не павінны спаць спакойна», — сказаў Сварог у інтэрвію.

Ён удакладніў, што калябарантамі партызаны лічаць паліцыянтаў, муніцыпальных і абласных службоўцаў, настаўнікаў, якія згаджаюцца працаваць па расейскай праграме. Пры гэтым ён не адносіць да калябарантаў пажарных, лекараў і работнікаў ЖКГ. Таварыш Сварога Вікінг, зь якім таксама ўдалося пагаварыць журналістам, падкрэсьліў, што гаворка не ідзе пра напады на настаўнікаў, яны толькі ганьбуюць іх, распаўсюджваючы антыкалябаранцкія ўлёткі. Суразмоўца выданьня прыводзіць прыклад адной з такіх улётак, якая зьявілася нядаўна. На ёй было прозьвішча дырэктара школы, яго фатаздымак і фраза: «За супрацоўніцтва з расейцамі будзе адплата».

NYT таксама піша са спасылкай на сваю крыніцу пра атручэньне ў Запароскай вобласьці, ад якога загінула каля 15 расейскіх салдат, і пра дывэрсію на элеватары ў Херсонскай вобласьці, якая перашкодзіла расейскім сілам вывезьці 60 000 тон збожжа. Ніводная з апэрацый ня можа быць спраўджана незалежна, агаворваецца газэта.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG