Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падкаст «Красаўцы». Як беларусы выйшлі з-пад кантролю


Падкаст «Красаўцы»
Падкаст «Красаўцы»

Другая частка падкасту «„Красаўцы“. Вайна супраць народу ў жніўні 2020-га» расказвае пра дзень выбараў 9 жніўня 2020 году, калі беларусы масава пайшлі галасаваць супраць аўтарытарызму і бараніць свае галасы, а таксама пра тое, як Менск і іншыя беларускія гарады ўпершыню пасьля ІІ Сусьветнай вайны сталі арэнай баявых дзеяньняў.

УВАГА! У падкасьце ёсьць нецэнзурная лексыка.

Анатоль Котаў (былы супрацоўнік Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта):

«Як на выбары гэты дзень быў амаль звычайны. Тыя самыя чаркі-шкваркі на ўчастках, тая самая музыка, але людзі былі іншыя. Была рэальная зацікаўленасьць, каб прыйсьці і прагаласаваць. Па-другое, нягледзячы на абмежаваньні людзі былі зь белымі стужкамі і ў белым адзеньні. Былі спробы назіраць за працэсам. Упершыню за 6 кампаній, пасьля 1990-х, была сур’ёзная цікаўнасьць да палітычнага працэсу. Можа, трошкі наіўная надзея, што сытуацыю ў краіне можна зьмяніць праз галасаваньне, калі паказаць, што большасьць людзей супраць».

Андрэй Астаповіч (былы сьледчы Сьледчага камітэту):

«9 жніўня ўмацаваньне пачалося а 9-й раніцы, мы а 8-й прыехалі на працу, усе ў форме. Форма ў нас байцоўская сіняя, больш на АМАП падобная. Пры гэтым зброю нам не раздавалі, у будынку СК яе няма. На ўвесь аддзел, з 30-25 чалавек, выдалі, можа, 3-4 пісталеты. То бок, калі б нешта здарылася, то адбіваліся б па чарзе. Калі пачалася заваруха, недзе з 19 гадзін, да 1-й ночы, мы ўсе былі ў аддзеле, сьледчыя нікуды не выяжджалі, а ў нас аддзел асобны ад міліцыі, то бок мы ў асобным будынку. Ня думаю, каб гэты будынак мы змаглі адбіць, калі б на нас напалі пратэстоўцы. 55-60% жаночы склад. Тут проста было так, каб усе знаходзіліся ў адным месцы, каб гэтыя ж людзі не змаглі пайсьці на мітынгі».

Аляксандр Азараў (былы супрацоўнік ГУБАЗіК і выкладчык Акадэміі МУС):

«Пратэсты пачаліся ўжо калі пачалі вывешваць пратаколы з фальсыфікаванымі дадзенымі. І тады людзі сталі абурацца. У нас на ўчастку яны не нападалі на супрацоўнікаў, яны проста стаялі і патрабавалі вывесіць пратаколы. Камісіі пакінулі іх і сказалі: вы іх вывесіце, калі мы зьедзем. І было выклікана падмацаваньне, прыехалі машыны па кожную камісію асобны аўтамабіль і пад канвоем іх вывезьлі, і толькі потым вывесілі выніковыя пратаколы. І толькі калі прыехалі ў выканкам, пачаліся размовы аб тым, што пачаліся пратэсты і беспарадкі ў горадзе. Мы сталі тэлефанаваць калегам на іншыя долі, і мне ўсе сталі расказваць, што ўсюды ўсё было сфальсыфікавана, і ў гэтым адкрыта прызнаваліся як сваім людзям старшыні або чальцы выбаркамаў. На сваім участку ўвогуле ніхто не лічыў, яны напісалі лічбы, якія сказаў кіраўнік камісіі».

Сьвятлана Ціханоўская (былая кандыдатка ў прэзыдэнты):

«Рэжым напэўна не чакаў такой колькасьці людзей — яны проста страцілі сувязь зь беларусамі, яны не ўлавілі настроі людзей, не ўлавілі перамены, якія адбыліся за гэты час, што вырасла новае пакаленьне, што ў нас ёсьць крыніцы інфармацыі, якія дапамагаюць нам зразумець, што мы можам жыць добра, мы цудоўная краіна з выдатнымі людзьмі, і нам ёсьць куды рухацца наперад. Тэлеграм-каналы, якія асьвятлялі гэтыя падзеі, вось насамрэч скажу ад сябе — я тады не сачыла за тэлеграм-каналамі, я ня ведала, хто... пра што пішуць. Ты проста тады быў у гэтым працэсе, мітынгу, зносінах зь людзьмі — вось яна была, твая рэальнасьць».

Сьвятлана Алексіевіч (пісьменьніца):

«Гадзіне ад 23-й ці 24-й я падышла да акна (там вялікія вокны), гэта быў кашмар, нібы ў горадзе вайна паачалася. А перад гэтым тэхніка ішла. Было шмат тэхнікі. Нібы гэта ня твой горад. І гэта было страшна. Гэтая кананада была вельмі доўга. На ўсё неба як пажар, полымя. Мне званілі, прыйшла яшчэ адна сяброўка і кажа: „Гэта ж вайна“. Сусед прыйшоў, кажа: „Паглядзіце ў акно, вайна....“ Ішла вайсковая тэхніка. Вельмі шмат. Куды яна ідзе? Гледзячы па ўсім, заходзіла ў двары, каб быць там напагатове. Гэта была незвычайная тэхніка. Ня тое што вадамёты, гэта была вайсковая тэхніка. Бронетранспартэры зь незвычайнымі кулямётамі. Я ж была на вайне ў Афганістане і там нават ня бачыла такой тэхнікі. Было адчуваньне, што нешта пачалося».

«Красаўцы». Частка 2: Як беларусы выйшлі з-пад кантролю
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:23:25 0:00
Наўпроставы лінк

Падкаст «„Красаўцы“. Вайна супраць народу ў жніўні 2020-га» расказвае аб пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі з гледзішча сілавікоў. Новыя часткі шасьцісэрыйнага падкаст-сэрыялу зьяўляюцца кожны аўторак.

Дзе і як слухаць падкаст «Красаўцы»

Як падпісацца на «Красаўцаў», каб не прапусьціць ніводнага эпізоду

Наш падкаст дасяжны на ўсіх папулярных падкаст-плятформах і ня толькі. Для зручнасьці мы сабралі для вас наўпроставыя спасылкі. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.

Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў з нашым падкастам, якая адпавядае вашай прыладзе ў гэты момант.

Падкаст... Што гэта?

Падкаст — гэта аўдыёпраграма, якую можна спампаваць і слухаць у інтэрнэце. Як і радыёперадачы, падкасты часта дзеляцца на цыклі, сэзоны, асобныя часткі і могуць быць прысьвечаныя канкрэтнай тэме. Але гэта нашмат зручней за радыё, бо вы можаце слухаць іх у любы час і на любой зручнай для вас прыладзе і лічбавай плятформе.

Каб карыстацца мабільнымі падкаст-сэрвісамі, неабходна ўсталяваць іх на ваш смартфон. Калі вы падпісаліся на наш падкаст, аплікацыя сама паведаміць аб зьяўленьні новага выпуску.

Усе падкасты Свабоды тут

У падкасьце выкарыстаныя запісы тэлефонных размоваў міліцэйскага начальства, якія рабілі спэцслужбы Беларусі. Гэтыя файлы зьявіліся ў сеціве дзякуючы групоўцы «Кібэрпартызаны» і ініцыятыве «Байпол». Экспэрты пацьвердзілі сапраўднасьць гэтых аўдыёзапісаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG