Ваявода Заходнепаморскі Зьбігнеў Багуцкі заявіў аб тым, што ўлады збудуюць тры новыя грэблі, каб стварыць «каскадную» сыстэму. Кожная грэбля павінна дапамагчы адсунуць мёртвую рыбу з Одры, піша агенцтва РАР.
Некалькі дзён таму на берагі Одры на тэрыторыі Польшчы стала выкідаць мёртвую рыбу. Першыя таксыкалягічныя дасьледаваньні, праведзеныя ва ўнівэрсытэце ў Катавіцах, паказалі, што рака стала надта засоленай, а на рыбу падзейнічалі хімікаты, вылітыя ў раку, імаверна, зь нямецкага боку, адкуль цячэ рака. Але дакладныя вынікі дасьледаваньняў будуць апублікаваныя пазьней.
Багуцкі заявіў, што нямецкі бок ніяк не рэагуе на праблему і не змагаецца зь ёй. Польскі ж бок, паводле яго, толькі за папярэдні дзень сабраў звыш 3 тонаў мёртвай рыбы.
Што тычыцца нямецкай вэрсіі, то там ківаюць у бок Польшчы, што яе ўлады не адразу апавясьцілі сумежныя рэгіёны Нямеччыны аб праблеме, піша Tagesschau. Акрамя таго, фэдэральны міністар навакольнага асяродзьдзя Штэфі Лемке раскрытыкавала «адсутнасьць нямецка-польскага супрацоўніцтва». Яна заявіла, што найбліжэйшым часам трэба высьветліць сапраўдныя маштабы катастрофы.
Прадстаўнік Шлёнскага ўнівэрсытэту ў Катавіцах Пётр Скубала сказаў, што хімікаты аказалі нэгатыўнае ўзьдзеяньне ня толькі на рыбу ў вадаёме, але і на беспазваночных, на птушак і людзей.
На барацьбу з экалягічнай катастрофай у Польшчы вылучылі вайскоўцаў. Раней прэм’ер-міністар краіны Матэвуш Маравецкі аб’явіў узнагароду на суму ў эквіваленце 210 000 эўра за інфармацыю, якая прывядзе да арышту злачынцы, вінаватага ў масавым моры рыб у Одры.