Пра гэта інфармуе BPN.
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) у міжнародных адносінах Валер Кавалеўскі 13 жніўня абмеркаваў з кіраўніком аддзелу па справах Беларусі амбасады ЗША ў Літве Петэрам Каўфманам актывізацыю палітычнага працэсу ў асяродзьдзі дэмакратычных сіл, паведамляе прэс-служба дэмакратычнай лідэркі Беларусі Святланы Ціханоўскай.
«Амэрыканскаму боку была прадстаўлена падрабязная інфармацыя аб канцэпцыі і мэтах кабінэту, а таксама задачах яго членаў», — гаворыцца ў паведамленьні.
Адзначаецца, што суразмоўцы таксама абгаварылі ўнутрыпалітычную сытуацыю ў Беларусі, пагрозы яе незалежнасьці і сувэрэнітэту, якія вынікаюць з удзелу рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны, а таксама «пазыцыю міжнароднай супольнасьці ў гэтым пытаньні».
«Пацьверджана гатоўнасьць супрацоўнічаць у падтрымку памкненьня беларусаў да дэмакратычных перамен», — паведамілі ў прэс-службе Ціханоўскай.
Раней прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту па транзыце ўлады, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павел Латушка заявіў у эфіры ўкраінскага тэлеканалу «Прямий», што для кабінэт важна ўстанаўленьне стасункаў і прызнаньне «міжнародных партнэраў ужо сёньня».
На другі дзень канфэрэнцыі «Новая Беларусь» 9 жніўня ў Вільні Ціханоўская абвясьціла пра стварэньне Аб’яднанага пераходнага кабінэту і прызначыла яго першых прадстаўнікоў. Апрача згаданых Кавалеўскага і Латушкі ў яго ўваходзяць кіраўнік аб’яднаньня былых сілавікоў ByPol Аляксандр Азараў (прадстаўнік па аднаўленьні правапарадку) і экс-камандзір берасьцейскай 38-й дэсантна-штурмавой брыгады падпалкоўнік запасу Валерый Сахашчык (прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бясьпецы).
У кабінэце таксама маюць зьявіцца прадстаўнікі па сацыяльнай палітыцы, эканоміцы і фінансах, нацыянальным адраджэньні.
Задачамі кабінэту Ціханоўская назвала «абарону незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі, прадстаўленьне нацыянальных інтарэсаў, ажыцьцяўленьне фактычнай дэакупацыі краіны».
Паводле яе слоў, кабінэту трэба «распрацаваць і рэалізаваць меры па спыненьні незаконнага ўтрыманьня ўлады, забясьпечыць транзыт улады ад дыктатуры да дэмакратыі, стварыць умовы для правядзеньня сумленных і свабодных выбараў», у выніку чаго «павінны быць вызваленыя ўсе палітвязьні».