Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жанчыны не ўратавалі краіну. Але і мужчыны — таксама


12 траўня 2021 году
12 траўня 2021 году

Цяпер, праз два гады пасьля пачатку масавых пратэстаў, часта ўзгадваюць тыя дні і ацэньваюць, што было зроблена правільна, а што — не.

Праўда, ацэнкі раздаюцца ўжо з улікам поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне, і з улікам таго, што ўлады аказаліся здольныя на такі тэрор, які раней і ўявіць было немагчыма.

Вядома, цяпер вельмі лёгка казаць, як трэба было паводзіць сябе ў жніўні 2020-га, але я хачу сказаць іншае. Хачу нагадаць і самой сабе, і вам, што ў кожны момант жыцьця кожны і кожная з нас абіраюць тое, што лічаць найлепшым тут і цяпер.

І 12 жніўня 2020 году, пасьля дзьвюх начэй пекла на вуліцах гарадоў, пасьля зьнікненьня тысяч людзей, пасьля страшных крыкаў з засьценкаў Акрэсьціна, жанчыны вырашылі, што трэба выйсьці на вуліцу побач з Камароўкай і паказаць, што як бы ім ні было страшна, яны не гатовыя больш маўчаць.

Гэтую акцыю потым прааналізуюць у сотнях тэкстаў. Хтосьці назаве жанчын гераінямі і скажа, што яны ўратавалі тады шмат жыцьцяў, паказаўшы сілавікам, што ўсё толькі пачынаецца. Хтосьці абвінаваціць іх у тым, што яны гулялі з кветкамі, пакуль іншых катавалі. Але ўсе пагодзяцца ў тым, што акцыя побач з Камароўкай нешта зьмяніла.

Сёньня, у жніўні 2022-га, можна сказаць, што акцыя не дапамагла перамагчы дыктатара, і гэта будзе справядлівая заўвага. Але няпоўная, бо ніводнае рашэньне ці дзеяньне пратэстоўцаў тады не дапамагло перамагчы дыктатара. У краіне працягваюць катаваць людзей, толькі СМІ ува ўсім сьвеце пра гэта больш ня пішуць, і ў самой Беларусі пра гэта ўжо гучна ня кажуць. І можна, вядома, сказаць, што ўсё было дарма, але ў далёкай пэрспэктыве, я ўпэўнена, тыя жаночыя акцыі былі надзвычай важныя, бо шмат якім жанчынам яны дазволілі паверыць у сябе і паверыць, што яны ня проста маюць права на пратэст і палітычныя заявы, а сапраўды могуць гэта рабіць.

Калі пасьля выбараў 2010 году Лідзія Ярмошына заявіла, што жанчынам трэба сядзець дома і варыць боршч, гэта ня выклікала такога масавага абурэньня. Безумоўна, абураліся фэміністкі і тыя, хто ім (нам) спачуваў, але так званым шырокім масам было збольшага пляваць. У масавай сьвядомасьці палітыка і праўда ўспрымалася як «не жаночая справа». Але праз 10 гадоў, у 2020, жанчыны ня проста масава далучыліся да пратэстаў, але і заявілі пра сябе як пра асобную пратэставую сілу.

Чаму ім (нам) было прынцыпова важна так пра сябе заявіць? Празь недавер да мужчын, чые шматгадовыя дзеяньні не прынесьлі вынікаў? Праз стомленасьць ад пасіўнага назіраньня? Праз тое, што прыклад Сьвятланы Ціханоўскай дазволіў ім (нам) інакш паглядзець на ўласныя магчымасьці і пэрспэктывы? Ня маю адназначнага адказу, але дакладна ведаю, што гэта было не дарма.

Памятаю, як побач з Акрэсьціна я аднойчы размаўляла з мужчынам, які ў жніўні 2020 прайшоў праз Слуцкі ЛПП, ператвораны ў канцлягер. Ён быў упэўнены, што іх там будуць забіваць, але пасьля першай жаночай акцыі паводзіны супрацоўнікаў зьмяніліся. Гэты мужчына ўпэўнены, што жанчыны ля Камароўкі тады выратавалі яму жыцьцё. Ня ведаю, ці ён меў рацыю. Але ведаю, што жаночы пратэст ня быў памылкай.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG