Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фігуранты «справы Аўтуховіча» заявілі аб пагрозе іх жыцьцю і здароўю


Здымак з Горадзенскага суду, дзе судзяць групу чалавек у «справе Аўтуховіча»
Здымак з Горадзенскага суду, дзе судзяць групу чалавек у «справе Аўтуховіча»

Чацьвёра падсудных у «справе Аўтуховіча» перадалі на волю зварот, у якім заявілі аб пагрозе іхнаму жыцьцю і здароўю, а таксама пайменна назвалі адказных за гэта сілавікоў. Тэкст дакумэнту знаходзіцца ў распараджэньні BPN.

Зварот падпісалі Ўладзімер Гундар, Галіна Дзербыш, Вольга Маёрава і Ірына Мельхер.

«Мы заяўляем аб рэзкім узмацненьні фізычнага і псыхалягічнага ціску на большасьць абвінавачаных у крымінальнай справе № 20125030489 (т. зв. «справа групы Аўтуховіча»). Відавочны поўны развал абвінавачаньня, і сыстэме не застаецца нічога іншага, як узмацніць рэпрэсіі рукамі супрацоўнікаў ПУ «Турма-1 г. Горадня», — гаворыцца ў лісьце.

Аўтары звароту адзначылі, што «ўсё гэта адбываецца ва ўмовах судовых слуханьняў», калі ў іх ёсьць магчымасьць «выказаць публічна праблемы, расказаць пра іх адвакатам і сваякам». Разам з тым ім «ня хочацца нават думаць аб тым, што можа адбыцца» зь імі «пасьля заканчэньня суду — у турме, а затым і ў калёніі», бо перадаць адтуль якую-небудзь інфармацыю яны ня змогуць.

Фігуранты справы заявілі, што існуе «рэальная пагроза жыцьцю і здароўю».

«Цяжка прадбачыць, што можа адбыцца з кожным з нас і чыімі канкрэтна рукамі гэта будзе зроблена», — адзначылі яны.

Падсудныя прынялі рашэньне назваць імёны людзей, якіх яны лічаць вінаватымі ў тым, што зь імі ўжо адбываецца і яшчэ можа адбыцца. Сярод згаданых «палкоўнік КДБ Варанецкі, сьледчыя Церашонак, Галавач, Лаўранчук, Герасімовіч, судзьдзя Філатаў, пракуроры Рабаў, Герасіменка, начальнік ПУ „Турма-1“ Казакоў, намесьнік начальніка турмы Станеўскі, начальнік рэжымнага аддзелу Коршунаў».

«Гэтыя людзі або фальсыфікавалі матэрыялы і стваралі справу на ўзор 1937 году, або падтрымалі абвінавачаньне, „не заўважыўшы“ поўнай адсутнасьці якіх-небудзь доказаў нашай віны, і цяпер заплюшчваюць вочы на беззаконьне, чым непасрэдна прымаюць рашэньні аб рэпрэсіях супраць нас, або іхнымі рукамі гэта робіцца», — патлумачылі аўтары звароту.

Фігуранты справы вераць, што «ў новай свабоднай Беларусі» дзеяньні згаданых асоб «будуць ацэненыя па заслугах народам і правасудзьдзем».

«Узурпацыя ўлады рэжымам, які выкарыстоўвае такіх падручных, ня можа цягнуцца доўга. Рэжым разваліцца пад цяжарам іх злачынстваў», — падсумавалі вязьні.

2 жніўня Беларускі Хэльсынскі камітэт зьвярнуўся да спэцыяльных дакладчыкаў ААН у пытаньні аб катаваньнях, незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў, парушэньні права на здароўе і сытуацыі з правамі чалавека ў кантэксьце «справы Аўтуховіча».

Суд у «справе Аўтуховіча» пачаўся 18 траўня. Працэс вядзе судзьдзя Горадзенскага абласнога суду Максім Філатаў.

Былога прадпрымальніка і грамадзкага актывіста Мікалая Аўтуховіча абвінавачваюць паводле дзесяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Разам зь ім судзяць яшчэ 12 чалавек, якіх у дзяржСМІ і афіцыйных рэлізах называлі «групай Аўтуховіча». Гэта Сяргей, Любоў і Павал Разановічы, Галіна Дзербыш, Уладзімер Гундар, Вольга Маёрава, Ірына Гарачкіна, Артур Папок, Віктар Сьнягур, Павал Сава, Ірына і Антон Мельхеры. Ім ставяцца ў віну розныя склады злачынстваў.

Праваабаронцы прызналі восем зь іх палітвязьнямі. Аўтуховіч у іх лік не ўваходзіць. Мікалай трымаў галадоўку звыш 20 дзён. Затым зьявіліся зьвесткі ад адміністрацыі пра тое, што ён пачаў піць вадкасьці і атрымаў кропельніцу, ад іншых крыніц інфармацыі аб гэтым няма.

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча»

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі ўвечары 8 сьнежня 2020 году. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК «Наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам». Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 — «Акт тэрарызму», які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў. Некаторым з абвінавачаных інкрымінавалі частку 3 гэтага ж артыкулу, паводле якой пагражала сьмяротнае пакараньне.

Частка 3 артыкулу 289 прадугледзваецца, калі акты тэрарызму «учыненыя арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека».

Разгляд «справы Аўтуховіча» цягнуўся 5 месяцаў. Працэс праходзіў у горадзенскай турме.

Падчас працэсу падсудныя неаднаразова заяўлялі пра ціск і катаваньні з боку сілавікоў і адміністрацыі турмы. Сярод іншага фігуранты заяўлялі, што справа супраць іх сфабрыкаваная.

Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў, які знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу. Ён вядомы тым, што асудзіў на 5 год зьняволеньня актывіста зь Бярозаўкі Вітольда Ашурка, які пазьней пры нявысьветленых абставінах загінуў у шклоўскай калёніі.

17 кастрычніка 2022 году Філатаў вынес выракі:

  • Мікалаю Аўтуховічу — 25 гадоў зьняволеньня (першыя 5 гадоў у турме, 20 гадоў — у калёніі строгага рэжыму), штраф 1000 базавых велічынь і пазбаўленьне званьня прапаршчыка ў адстаўцы.
  • Уладзімеру Гундару — 18 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Паўлу Саву — 20 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Вользе Маёравай — 20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Віктару Сьнегуру — 19 гадоў калёніі строгага рэжыму.
  • Галіне Дзербыш —20 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Любові Разановіч — 15 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Сяргею Разановічу — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Павал Разановіч — 16 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Ірыне Мельхер — 17 гадоў калёніі агульнага рэжыму.
  • Ірыне Гарачкінай — 6 год і 1 месяц калёніі агульнага рэжыму.
  • Антону Мельхеру — 2,5 гады калёніі агульнага рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG