У межах Дзён беларускай культуры, арганізаваных Беларускай радай культуры, Фонд «Беларусы ў Лодзі» правядзе імпрэзу, прысьвечаную літаратуры беларускіх палітвязьняў. Яна адбудзецца 23 ліпеня з 16:00-22:00 у Лодзі ў Доме літаратуры, вул. Рузвэльта, 17.
Праграма імпрэзы:
- 16:00–18:00. Форум-спэктакль «Цэнзар» і сумеснае напісаньне лістоў палітвязьням, выкананьне твораў палітзьняволеных.
- 18:00–19:30. Дыскусія «Фэномэн беларускай палітзьняволенай літаратуры ў кантэксьце часу і сусьветнага мастацтва» з удзелам прадстаўніцы Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алены Лапцёнак, прадстаўніка беларускага ПЭН-цэнтра Андрэя Хадановіча, мэтадоляга, незалежнай экспэрткі ў галіне адукацыі Сьвятланы Мацкевіч і іншых.
- 19:30–22:00. Канцэрт, прысьвечаны творам палітвязьняў і людзей мастацтва, якія прайшлі праз сыстэму рэпрэсій у Беларусі, з удзелам Юрыя Стыльскага (гурт «Дай дарогу!») і гурту «Разьбітае сэрца пацана».
Канцэрт салідарнасьці ў Варшаве
У Варшаве ў сваю чаргу 30 ліпеня адбудзецца фэстываль «Супраціў», які зьбярэ грамадзкія арганізацыі, актывістаў, валянтэраў і музыкаў зь Беларусі, Украіны і Польшчы, «каб чарговы раз сказаць „не“ вайне і абʼяднаць намаганьні ў барацьбе з агрэсарамі».
«У лютым гэтага году рэжым Пуціна і Лукашэнка пачаў вайну ва Ўкраіне. Ад гэтага штодня гінуць людзі, многія вымушана пераехалі ў Польшчу. У тым ліку і беларусы, якія пасьля выбараў 2020 году знайшлі свой новы дом ва Ўкраіне. Ботафэрмы і прапаганда Крамля спрабуюць навязаць нам думку, што мы ворагі адзін аднаму, але вораг у нас адзін — дыктатура», — гаворыцца ў паведамленьні арганізатараў.
Свой удзел у фэстывалі ўжо пацьвердзілі гурты зь Беларусі, Польшчы і Ўкраіны:
- NXOV / Украіна, гіперпоп/мэталкор
- Tyapin CREW / Беларусь, рэп-кор
- RVAŃ / Украіна, поп-рок
- Graphotype / Беларусь-Польшча, рок-н-рол
- Szara Masa / Польшча, хардкор-панк
- I33I / Украіна, індзі-рок
- The SUPERBULLZ / Беларусь-Украіна, хардкор
- Karlen&Co / Украіна, джаз-рок
- Мала стылю / Беларусь, індзі-панк
- З 12 да 18 гадзін на тэрыторыі фэстываля «Opór» будуць працаваць:
- арт маркет;
- пляцоўка грамадзкіх арганізацый;
- лекторый;
- дзіцячая пляцоўка;
- спартовая пляцоўка, дзе вядомыя спартоўцы правядуць майстар-клясы;
- wakepark, скаладром, workout пляцоўка з інструктарамі, пляж.
Каля 18:00 пачнецца канцэрт сучасных музычных гуртоў розных стыляў і гучаньня.
Уваход на «Opór» — 20 злотых (можна ахвяраваць больш). Грошы цалкам пойдуць на дапамогу беларусам і ўкраінцам.
- 50% сабранай сумы пойдзе ў дапамогу дзецям, якія ўцяклі ад вайны ва Украіне / Фонд Mama Vdoma.
- 50% на дапамогу палітычным вязьням у Беларусі / Фонд INeedHelp.BY.
Інфармацыя будзе дадавацца на сайт фэстывалю, таксама яе можна знайсьці на сайце і ў сац-сетках Беларускага моладзевага хабу: Facebook і Telegram.