Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры Варшавы адкрыўся «Музэй вольнай Беларусі»


Адкрыцьцё Музэю вольнай Беларусі ў Варшаве
Адкрыцьцё Музэю вольнай Беларусі ў Варшаве

У цэнтры Варшавы 17 ліпеня пачаў працу «Музэй вольнай Беларусі». Праект рэалізаваны з ініцыятывы Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва (НАК) пры падтрымцы ўладаў Польшчы.

На цырымоніі адкрыцьця музэя кіраўнік НАК Павал Латушка зазначыў, што асноўнай мэтай установы будзе зьбіраньне, захаваньне і экспанаваньне твораў мастацтва і іншых прадметаў, зьвязаных з барацьбой беларусаў за дэмакратыю — «каб пасьля прадставіць гэтую спадчыну ў Беларусі».

«Беларуская культура перажывае страшэнны, жудасны пэрыяд свайго існаваньня, які можа ў нейкім сэнсе параўняцца з 30-мі гадамі мінулага стагодзьдзя, калі забівалі дзеячаў культуры, — заявіў Латушка. — Сёньня палітзьняволенымі — каля 80 дзеячаў беларускай культуры. Тысячы дзеячаў і артыстаў прайшлі праз рэпрэсіі, шмат з іх вымушаны знаходзіцца за мяжой».

Пасол Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі сказаў, што месца для новага музэю спэцыяльна было знойдзена ў цэнтральнай частцы польскай сталіцы. Ён падкрэсьліў важнасьць «пачуцьця супольнасьці» для беларусаў, якія вымушана жывуць за мяжой.

«Але гэта важна таксама для нас — палякаў», — дадаў дыплямат.

У музэй былі перададзеныя першыя экспанаты: бубны загінулага ў баях за Ўкраіну музыканта Васіля Грудавіка, бела-чырвона-белы сьцяг з напісанымі імёнамі ўсіх палітвязьняў аўтарства журналісткі Марыі Грыц, экспанаты ад імя акторскай трупы «Купалаўцы», Беларускага фонду спартыўнай салідарнасьці і іншыя.

У ім пачала працаваць выстава мастака Ігара Цішына.

Музэй у Варшаве адчынены па адрасе ul. Foksal, 11.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG