«У 2020 годзе я нарэшце стаў сьвядомым грамадзянінам»
Пазыўны «Давід» беларус мае ня проста так. Біблейскі цар Давід — ягоны кумір. «Ён, нягледзячы на сваю веліч, быў вельмі чалавечным. Ён рабіў мноства памылак, але пры гэтым заўжды верыў у Бога, меў свой шлях і крочыў па ім», — тлумачыць беларус.
Мужчына ўдзельнічаў у падзеях Плошчы-2010. Але кажа, што гэта быў не такі сьвядомы ўдзел, як у падзеях 2020 году. «У 2010-м хлопцы пайшлі — ну і я пайшоў. У 2020-м я нарэшце стаў сьвядомым грамадзянінам, удзельнікам палітычных і грамадзкіх падзей», — кажа «Давід».
Ён уступіў у ініцыятыўную групу па вылучэньні аднаго з альтэрнатыўных кандыдатаў на пост прэзыдэнта. Затым быў назіральнікам на ўчастку.
«У нас была каманда. Мы здолелі адстаяць перамогу Сьвятланы Ціханоўскай на нашым участку. Старшыня камісіі была вымушана напісаць амаль рэальныя лічбы — 52%. Там трохі яны схібілі пры падліку, то бок мусіла быць яшчэ прыкладна 5%. Але камісіі хапіла сьмеласьці абвясьціць хоць такія лічбы. Мы потым рабілі экстрапаляцыю, і ў прынцыпе нам зразумела, які быў рэальны вынік і хто перамог», — кажа добраахвотнік.
Давід кажа, што падзеі 9 жніўня яны з кампаніяй «праспалі».
«Мы сядзелі ў дворыку, сьвяткавалі перамогу на нашым участку. Мне тэлефанавалі сябры з цэнтру і казалі: „Тут вайна!“. Я адказаў: „Ды якая вайна, давайце дачакаемся вынікаў!“. Але 10-11 жніўня мы зь сябрамі сталі ў шэрагі. Мы былі на ўсіх акцыях, маршах. Нас ня „хапнулі“, бо мы мелі сваю тактыку. Не паддаваліся страху і паніцы, эфэкту натоўпу, бачылі ў натоўпе „дывэрсантаў“, абыходзілі іх; калі трэба — адыходзілі, калі варта было — наступалі», — патлумачыў «Давід».
«Усё было ў мяне добра. Але справа ў тым, што я бачыў праўду»
«Пасьля 2020-га я мог бы спыніцца і сказаць: «Усё, павыступалі і годзе. У мяне асабіста ў 2021-м усё было добра, у фінансавым пляне таксама. Але справа ў тым, што я бачыў праўду, я бачыў, хто прэзыдэнт, што ў нас робяць зь людзьмі тыя, хто называе сябе праваахоўнымі органамі. Што яны парушаюць усе магчымыя законы і ўнутраныя правілы. Тое, што я бачыў, — проста жах. Як можна жыць спакойна, зьмірыцца? Мы змагаліся ў партызанскім фармаце», — кажа беларус.
Апошнім часам яму, як і многім беларусам, было цяжка жыць у рэжыме «прыйдуць — ня прыйдуць» па цябе. 24 лютага «Давід», як толькі даведаўся пра вайну, патэлефанаваў сваякам у Кіеў. Кажа, гэта быў «першы шокавы абмен думкамі».
«Неяк па інэрцыі пачаў ратаваць грошы, закрываў бягучыя пытаньні ў бізнэсе. Потым, пасьля ўсьведамленьня першай інфармацыі пра вайну, прыйшло поўнае нежаданьне хоць нешта рабіць. Я перастаў адчуваць смак ежы, задавальненьне ад простых рэчаў», — апавядае «Давід».
Ён пайшоў на антываенную акцыю каля Генэральнага штабу 27 лютага, у дзень рэфэрэндуму.
«І такое агіднае адчуваньне, што насупраць цябе стаяць гэтыя скаціны, нават бяз масак ужо, не саромеючыся, і ты нічога ня можаш зрабіць», — дадаў ён.
«Што я адкажу, дзе я быў, калі ў мяне пра гэта спытаюцца празь дзесяць гадоў?»
«Давід» падзяліўся, як прыняў канчатковае рашэньне:
«Вось пройдзе 10 гадоў. І ў мяне спытаюцца: „А што ты рабіў дзесяць гадоў таму, калі ішла вайна паміж дабром і злом?“ Бо гэта сапраўды так. Тут няма шэрых паўтонаў. Нават у 2020 годзе ў нас маглі быць нейкія розныя „чытаньні“ падзей. Я зразумеў, што адзіны справядлівы адказ будзе, што змагаўся на баку дабра. І я не знайшоў, як я магу сябе прымяніць у гэтай вайне зь Беларусі. Не знайшоў адказу. Што ж, вырашыў, трэба ехаць ва Ўкраіну».
Зь Беларусі ён не рызыкнуў запісвацца ў добраахвотнікі. Выехаў у Польшчу, адтуль падаў заяўку — у полк Каліноўскага і полк «Пагоня». Атрымаў адказы з двух палкоў. Прайшоў вэрыфікацыю. Вырашыў служыць у палку Каліноўскага.
«Давід» кажа, што ягоная жонка паставілася з разуменьнем да такога рашэньня.
«Бо яна таксама разумее, што так жыць нельга, што лёс Беларусі цяпер вырашаецца ва Ўкраіне. Мы хочам, каб нашы дзеці гадаваліся ў вольнай краіне. Хай з агаворкамі, але яна прыняла маё рашэньне», — кажа добраахвотнік.
З маці яму было цяжэй. Дзецям жа паведамілі, што тата паехаў на заробкі.
«Полк — ваенізаванае фармаваньне, таму тут ёсьць нюансы»
Узровень чаканьня ад палку і тое, што «Давід» убачыў, прыкладна супала. «Насамрэч заснавальнікі палку, нашы хлопцы, такія маладыя, — такія малайцы! Стварылі такую махіну! Ну натуральна, ёсьць пэўныя нюансы, як у любой сыстэме. Але ж гэта ваенізаванае фармаваньне», — кажа ён.
Пры перасячэньні мяжы з Польшчы ва Ўкраіну ўзьніклі некаторыя праблемы з дакумэнтамі на мікрааўтобус. Польскія памежнікі доўга іх правяралі, углядаліся ў кожную паперку. «Але потым падышоў старшы па зьмене. І кажа мне, што мы можам пагутарыць ці на расейскай, ці на ангельскай мове. Я кажу, што як мы абодва не расейцы, то давай лепш на ангельскай. І ўсё пайшло як па масьле. Нас выпусьцілі, а ўкраінцы — упусьцілі, вельмі добразычліва паставіліся да нас», — успамінае «Давід».
У палку яго залічылі ў вучэбную роту. Гэта было ў канцы траўня. Пасьля яго адабралі на курсы байцоў сіл спэцыяльных апэрацый. «Давід» мусіў ехаць на перадавую.
«Але так склалася, што я меў пэўныя ініцыятывы з нагоды грамадзкага іміджу палку. Гэтыя свае ініцыятывы я выклаў пісьмова ў лісьце да кіраўніцтва. І вось за дзьве гадзіны да выезду камандаваньне зьняла мяне з баявой місіі. Сказалі пакуль заняцца гэтым кірункам — палепшыць PR. Хочацца ўдзелу ў баявых дзеяньнях, але ў мяне гэта яшчэ наперадзе, як тут наладзім працу», — кажа добраахвотнік.
«Чым большую паразу мы нанясём тут расейцам, тым раней вызвалім Беларусь»
Ён называе лухтой думку, быццам вайна ва Ўкраіне «чужая нам».
«У нас агульны вораг. І калі ведаць беларускую гісторыю, то мы ведаем, хто наш сапраўды вораг. І ён цяпер вераломна напаў на братэрскі ўкраінскі народ. Наша тэрыторыя дэ-факта акупаваная. І чым большую паразу мы нанясём тут расейцам, тым раней вызвалім Беларусь», — лічыць «Давід».
Ён дадаў, што ўсе беларусы маюць не віну, але калектыўную адказнасьць за тое, што з нашай тэрыторыі ляцяць ракеты, ішлі танкі на Бучу, Гастомель і Ірпень.
«І нават тыя, хто шмат чаго зрабіў у 2020 годзе. На жаль, мы прайгралі, але мы цяпер нясём такую ж калектыўную адказнасьць, як і „ябацькі“», — кажа беларус.
«Мару жыць у вольнай краіне, пакуль не гатовы назваць яе»
Да сьмерці ў «Давіда» сваё стаўленьне. Зь філязофскага пункту гледжаньня ён лічыць так: «Рабі, што трэба, і будзе, што будзе». З практычнага пункту гледжаньня «Давід» выказваецца так: «Усёй рызыкі пазьбегнуць немагчыма. Трэба, каб сям’я, калі што, была забясьпечаная. Гэты пункт закрыты. Бо кожны з нас мае кантракт з УСУ і права на кампэнсацыю ад украінскай улады ў выпадку раненьня ці сьмерці. Дэталі гаварыць ня буду, але гэта неблагая сума.
Калі, хоць рэдка, «Давід» мае вольны час, ён гуляе, глядзіць знакавыя аб’екты Кіева і ваколіц. «Гэта дазваляе не забывацца, за што мы ваюем, і разумееш, што яно таго варта. Я мару жыць у вольнай краіне. І каб гэтая краіна была маёй. Наконт назвы краіны я пакуль не гатовы адказаць. Я ўсім духам люблю Беларусь. Гэта мая радзіма. Хацелася бы жыць у сваёй краіне, але толькі ў вольнай», — дадаў добраахвотнік.