Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейцы! Апамятайцеся!» —аўтар апошняй сэрыі «Масяні», у якой Кітай «ратуе» жыхароў Расеі ад «фашызму»


Кадр са 162-й сэрыі мультфільму "Масяня"
Кадр са 162-й сэрыі мультфільму "Масяня"

У трэндах расейскамоўнага ютубу — антываенная сэрыя мультфільму «Масяня». Мастак Алег Куваеў прыдумаў вайну, якую, паводле сцэнару, пачаў Кітай, каб «уратаваць» жыхароў Расеі ад «фашызму».

Сям’ю галоўнай гераіні бомбы засьпелі ў Санкт-Пецярбургу. Яны не могуць пакінуць горад з прычыны абстрэлаў і вымушаныя хавацца ў падвалах і мэтро. Адзін за адным усе ў сям'і гінуць.

Храналёгію жыцьця і сьмерці ў акупацыі фіксуе сын Масяні. Гэта адсылка адначасова да двух дзёньнікаў: дзевяцігадовага Ягора з Марыюпалю і жыхаркі блякаднага Ленінграду Тані Савічавай.

У інтэрвію «Настоящему времени» мастак Алег Куваеў расказаў пра сваё стаўленьне да вайны ва Ўкраіне і пра стварэньне апошняй сэрыі «Масяні».

— У мяне цэлы сэзон пра вайну. Я не адчуваю ў сабе сілы браць нейкія іншыя тэмы ў дадзены момант. Калі паглядзець на апошнія тры мультфільмы, то першыя два былі адрасаваныя нармальным людзям, разважным. Тым, з кім я звычайна тусуюся. А апошні мульт быў адмыслова зроблены для тых, хто зь нейкіх дзіўных прычын падтрымлівае вайну. Гэта зусім незразумела, як гэта можа ў галовах людзей адбывацца. Дыктатара яшчэ неяк можна зразумець. У яго там заваёва земляў, Сярэднявечча. Ён там жыве. Яшчэ б ён надзеў латы і ўзяў дзіду. Нейкая лёгіка сярэднявечная ў гэтым ёсьць.

Зразумець людзей XXI стагодзьдзя, якія жывуць у больш ці менш цывілізаваным сьвеце (так здавалася), якім чынам яны могуць падтрымліваць вайну, масавыя забойствы, мне чыста псыхалягічна да гэтага часу немагчыма.

Асноўны фэномэн цяперашняга часу — расейскія грамадзяне і ваўкалакі, якія прачнуліся ў іх. Я не разумею, як можна быць настолькі тупым, замбаваным, настолькі ня верыць сваім вачам, не хацець ведаць. Таму што, калі захочуць ведаць, яны даведаюцца, нават нягледзячы на дэбільнае фільтраваньне ў інтэрнэце ў іх там. Яно такае ж дэбільнае, як усё, што вырабляў СССР і вырабляе зараз, таму што зараз ізноў СССР. Яны ж аб гэтым мараць. VPN іх фільтры абыходзіць.

Калі жадаюць, людзі могуць даведацца. Гэта асноўны фэномэн цяперашняга часу. Расейскія грамадзяне і ваўкалакі, якія прачнуліся ў іх.

Многія людзі сапраўды спрабавалі нешта зрабіць. Многія людзі сядзяць у турме. Вайна павінна скончыцца. Пасьля гэтага будзем расейцаў аналізаваць і думаць, якім чынам лячыць гэтае грамадзтва. Але чалавечнасьць у іх ужо зараз трэба абуджаць: «Прыгадайце Таню Савічаву! Вы ў дзяцінстве вучылі. Ленінградцы, блякада». Гэта зусім жахлівыя паралелі.

Што рабіць? Апошнім зараз сеў Ільля Яшын. Чалавек рабіў. «Уважуха» яму і рэспэкт. Да гэтага Навальны, які вярнуўся ў краіну, выдатна ведаючы, што яго пасадзяць, а то і забʼюць. Што робяць звычайныя людзі ў такіх выпадках? Пярэчаць. Расейцы, прачніцеся! Што адбываецца? Гэта ж горш за Вялікую Айчынную!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG