Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьніклыя блакітныя ара вярнуліся ў Бразылію


Птушаня папугая
Птушаня папугая

Усе восем папугаяў віду блакітны ара, выпушчаныя месяц таму ў натуральнае асяродзьдзе іх пасяленьня, выжылі. Блакітныя ара больш за дваццаць гадоў лічыліся зьніклымі ў дзікай прыродзе. Пра надзеі на аднаўленьне папуляцыі распавядае The Guardian.

Радзіма блакітных ара — вобласьць кустоў і цярновых лясоў на паўночным усходзе Бразыліі — была разбурана ў выніку чалавечай дзейнасьці. Апошні блакітны ара, які жыў у дзікай прыродзе, зьнік у 2000 годзе — заставалася толькі некалькі дзясяткаў папугаяў у прыватных калекцыях. Лёс віду апынуўся пад пагрозай.

Больш за дзесяць гадоў аб праблеме блакітных ара расказалі ўсяму сьвету. У 2011 годзе на экраны выйшаў мультфільм «Рыё» — разам з сыквэлам «Рыё 2» яны сабралі амаль мільярд даляраў у пракаце. У 2018 годзе ў бразыльскім штаце Баія быў створаны запаведнік дзікай прыроды ара, а розныя цэнтры ў некалькіх краінах уключыліся ў праграму па гадаваньні блакітных ара ад папугаяў з прыватных калекцый.

У выніку біёлягам удалося вывесьці некалькі сотняў блакітных ара. У чэрвені 2022 году восем зь іх выпусьцілі ў бразыльскі запаведнік. Па словах біёляга Тома Уайта, тэхнічнага кансультанта праекту па выратаваньні ара, усе папугаі выжылі. Папугаі, кожны зь якіх забясьпечаны радыёперадавальнікам, цяпер знаходзяцца пад пільным назіраньнем. У сьнежні, «калі ўсё пойдзе добра», біёлягі плянуюць выпусьціць яшчэ дванаццаць блакітных ара.

«Усе папугаі знаходзяцца ў рэпрадукцыйным узросьце. Мы таксама паклапаціліся пра месцы для гнёздаў, каб заахвоціць ара пачаць спарваньне ў наступным годзе, і, у канчатковым выніку, стварыць гнездавыя тэрыторыі ў запаведніку», — распавёў Уайт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG