Дату 7 ліпеня Рада прапанавала не выпадкова. У гэты дзень, на Купальле, нарадзіліся Янка Купала, Марк Шагал і Ян Чачот. Ініцыятыва зьявілася летась, а сёлета выканаўчы дырэктар Беларускай Рады культуры Аляксандар Чахоўскі агучыў прапанову сьвяткаваць дні беларускай культуры ўвесь ліпень і жнівень. У падтрымку ідэі быў зацьверджаны і слоган падзеі, які гучыць як радок зь вядомай песьні гурту Queen, — Belarus must go on.
7 ліпеня да імпрэз, які ўжо распачаліся ў Тбілісі і Варшаве, далучаецца Вільня. У 18.00 на віленскай Ратушнай плошчы адкрыецца open-air выстава Ўладзімера Цэсьлера HITLERKAPUT.
Падчас адкрыцьця імпрэзы публіку будзе вітаць сам маэстра Цэсьлер (выйдзе на сувязь онлайн), чакаецца прысутнасьць прадстаўнікоў Офіса Сьвятланы Ціханоўскай і мэрыі Вільні. За музычную частку на адкрыцьці падзеі адказвае мужчынскі хор Unia.
Таксама ў віленскай праграме Дзён культуры, якія працягнуцца да 23 ліпеня, — паказы беларускага дакумэнтальнага кіно, спэктакляў, джазавы вечар, фотавыстава, канцэрты, майстар-класы для дзяцей.
Каб суайчыньнікі маглі дазнацца пра культурніцкія ініцыятывы да Сусьветнага дня беларускай культуры і расказаць пра свае, БРК зладзіла адмысловую электронную мапу.
На гэты момант на ёй пазначаныя больш за трыццаць імпрэз, ад Велігамы (Шры Лянка) да Вільні (Літва).
Да прыкладу, канцэрты гурту Navi ў Хэльсынкі, Рызе і Таліне, спэктакль Ігара Шугалеева «375 0908 2334 / The body you are calling is currently not available» у Рыміні, пастаноўка Беларускага свабоднага тэатру «Быў у пана верабейка гаварушчы» — у Лёндане, вялікі канцэртны тур па ЗША Маргарыты Ляўчук — Мінэапаліс, Чыкага, Сіетл, Сан-Францыска, сьвяткаваньне Купальля ў Гаазе, сустрэча онлайн-клюбу чытачоў Сьвятланы Алексіевіч, прысьвечаная кнізе «Ў вайны не жаночае аблічча» ў Бразыліі, апавяданьні пра Беларусь у Велігаме і шматлікія іншыя.
Арганізатары акцыі зьвяртаюцца да ўсіх беларусаў з заклікам далучацца да руху беларускай культуры і спадзяюцца, што мапа культурніцкіх падзей будзе папаўняцца.
«Новая Беларусь — наш супольны арт-праект, — падкрэсьлівае Рада культуры. — Мы ствараем яго разам — па-за межамі ды турэмнымі мурамі, насуперак гвалту, ціску ды забаронам. Драматычныя абставіны апошніх гадоў раскідалі нас па сьвеце. Хтосьці скажа: гэта траўма. Але — гэта і моц».