Лекары-замежнікі ў любой краіне павінны праходзіць складаную працэдуру настрыфікацыі дыплёмаў, пацьверджаньня адукацыі, кваліфікацыі і досьведу. Гэты працэс для беларускіх лекараў ускладняецца тым, што няма як атрымаць шэраг дакумэнтаў зь беларускіх органаў (Міністэрства аховы здароўя, МЗС) ці ўнівэрсытэтаў, у якіх яны вучыліся.
Міністар праінфармаваў Ціханоўскую, што 795 мэдыкаў зь Беларусі ўжо атрымалі дазвол на працу ў Польшчы.
Адам Нядзельскі і Сьвятлана Ціханоўская дамовіліся, што ўжо ў бліжэйшыя тыдні міністэрства прадставіць спрошчаную схему атрыманьня дазволу на практыку для беларускіх дактароў. Міністэрства аховы здароўя Польшчы разгледзіць магчымасьць спрасьціць патрабаваньні да дакумэнтаў, каб беларускім мэдыкам было рэальна іх прадставіць.
Таксама міністар запэўніў беларускага палітыка, што міністэрства зацікаўлена ў стварэньні добрых умоваў для працы беларускіх лекараў. Ціханоўская адзначыла, што вельмі важна, каб беларускія дактары не гублялі практыку, маглі разьвівацца, каб пасьля пераменаў вярнуцца і працаваць у новай Беларусі.