Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады ўрачыста адкрываюць дзіцячыя пляцоўкі і лаўкі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Магілёве зьявілася новая дзіцячая пляцоўка, і гэта стала нагодай ажно для цэлай навіны ад дзяржаўнага агенцтва навін БелТА. Гэта ня першы выпадак, калі дробныя падзеі, якія мусяць быць проста часткай паўсядзённага жыцьця, аказваюцца ў фокусе ўвагі беларускага чынавенства. І гэта вельмі сумна.

У разьвітай краіне зьяўленьне дзіцячай пляцоўкі ў буйным горадзе, забаўнай лаўкі ці парэнчаў на спуск у гарадзкі парк — гэта не вялікія навіны, а дробныя моманты ў паляпшэньні інфраструктуры. Бо такія рэчы проста павінны быць, і стаўленьне да іх павінна быць адпаведнае. Ніхто ж ня ладзіць гарадзкія сьвяты з той нагоды, што пасьля двухтыднёвага адключэньня ў дамах зноў ёсьць гарачая вада? Бо мець гарачую ваду ў сучасным горадзе — гэта норма.

Такая ж норма — мець дзіцячыя пляцоўкі і парэнчы, але беларускія ўлады, відаць, маюць іншае ўяўленьне пра стандарты. Для іх сьвятам можа быць адкрыцьцё аўтобуснага прыпынку ў Астраўцы і газону ў комплексе футбольных палёў у Менску. І гэта толькі на першы погляд сьмешна, што яны сур’ёзна ладзяць урачыстыя адкрыцьці з такіх нагод. Бо насамрэч у гэтага падыходу ёсьць ідэалягічная база, якая выглядае дужа зьневажальна.

Усе гэтыя ўрачыстыя адкрыцьці патрэбныя для таго, каб пераканаць людзей, што зьяўленьне лаўкі ці парэнчаў — гэта праўда вялікае дасягненьне гарадзкіх уладаў. Людзей трэба прымусіць паверыць у тое, што безь дзіцячай пляцоўкі яны жылі проста нармальна, а цяпер іх жыцьцё будзе проста казачным. І ключавое слова тут — «нармальна». Усе мусяць верыць у нармальнасьць жыцьця бяз базавага камфорту, каб любое паляпшэньне ўспрымалася як нешта неверагоднае.

У гэтым падыходзе ўлады Беларусі вельмі падобныя да расейскіх калег, — тыя таксама могуць урачыста адкрыць драўляную прыбіральню, сьметнік ці скрыжаваньне.

Цяжка сказаць, наколькі гэта рэальна працуе і ці праўда мясцовыя жыхары і жыхаркі адчуваюць вялікую ўдзячнасьць да ўладаў, калі ў іх нарэшце зьяўляюцца парэнчы на спуску ў парк. Але для саміх уладаў гэтая тактыка паводзінаў відавочна мае тэрапэўтычны эфэкт, і яны вельмі ганарацца сваёй дзейнасьцю.

Нехта можа запытацца: а што, уласна, такога кепскага ва ўрачыстым адкрыцьці дзіцячай пляцоўкі ці парэнчаў? Зрэшты, мясцовым людзям і праўда становіцца лепей жыць. Але праблема ў тым, што пакуль такія дробныя падзеі ўспрымаюцца як нешта вялізнае, нельга разьлічваць на нешта сапраўды значнае. Чынавенства пераконвае людзей у тым, што трэба быць удзячнымі за драбязу, і, адпаведна, нават не напружваецца, каб рабіць нешта большае. Бо навошта напружвацца, калі можна не напружвацца?

І ўвогуле, гэтых чыноўнікаў і чыноўніц не абіраюць, а прызначаюць, так што галоўная іх задача — не палепшыць мясцовым жыхарам і жыхаркам жыцьцё, а добра выглядаць у вачах уласнага кіраўніцтва. А кіраўніцтва любіць патас і імітацыю прагрэсу. Вось і атрымліваецца абы-што замест годнага разьвіцьця гарадоў і вёсак.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG