Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна падпісала заяўку на паўнавартаснае ўступленьне ў ЭЗ. У Эўропе паабяцалі «стаяць за Ўкраіну столькі, колькі трэба» для перамогі


Урзуля фон дэр Ляен падчас сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім у Кіеве 8 красавіка
Урзуля фон дэр Ляен падчас сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім у Кіеве 8 красавіка

Прэзыдэнт, кіраўнік парлямэнту і прэм’ер-міністар Украіны Уладзімір Зяленскі, Руслан Стэфанчук і Дзяніс Шмыгаль падпісалі ў Вярхоўнай Радзе Ўкраіны афіцыйную заяўку аб паўнавартасным уступленьні Ўкраіны ў Эўрапейскі Зьвяз.

«Сёньня мы падпісваем супольную заяву, якая зьяўляецца сыгналам адзінства ўсіх галінаў улады і сьведчаньнем нашай рашучасьці ў дасягненьні стратэгічнай мэты Ўкраіны, а менавіта — паўнавартаснага сяброўства ў Эўрапейскім Зьвязе.

Падпісаньне гэтай заявы мае тое самае значэньне, што і падпісаньне заяўкі на ўступленьне на пяты дзень вайны. Мы ішлі да кандыдацтва 115 дзён. І наш шлях да сяброўства ня мусіць расьцягнуцца на дзесяцігодзьдзі. Мы мусім пераадолець гэты шлях максымальна хутка. Наколькі магчыма — гэта залежыць ад нас», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Паводле яго, на цяпер Украіна выканала 67 % абавязкаў, прадугледжаных пагадненьнем аб асацыяцыі з Эўразьвязам, падпісаным у 2014 годзе.

Старшыня Эўракамісіі Ўрзуля фон дэр Ляен, якая выступіла перад украінскім парлямэнтам па відэасувязі і назірала за цырымоніяй падпісаньня, у сваю чаргу адзначыла, што «Эўропа будзе стаяць за Ўкраіну столькі, колькі патрэбна», пакуль Украіна не пераможа, і падзякавала на ўкраінскай мове за магчымасьць выступіць перад дэпутатамі.

«Вы заслужылі ўхваленьне і на павагу ўсіх краін Эўразьвязу. Гэта надзвычайная прыкмета даверу. Украіна цяпер мае цалкам выразную эўрапейскую пэрспэктыву, краіна-кандыдат на ўступленьне ў Эўразьвяз. Гэта здавалася неймаверным яшчэ пяць месяцаў таму, а сёньня мы маем нагоду адсьвяткаваць гэтую гістарычную падзею, перамогу рашучасьці, перамогу ўсяго таго руху, які пачаўся восем гадоў таму на Майдане», — заявіла Урзуля фон дэр Ляен.

«Ваш эўрапейскі шлях і аднаўленьне краіны будуць ісьці разам. Украіна будзе ў лідэрах. Патрэбныя будуць вялікія інвэстыцыі. Але каб максымізаваць іх уплыў і ўзмацніць давер бізнэсу, інвэстыцыі трэба будзе аб’яднаць з новай хваляй рэформаў», — дадала старшыня Эўракамісіі Ўрзуля фон дэр Ляен.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG