Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ да вайны вывелі актывы і прадалі тэхніку. Падрабязнасьці крымінальных спраў супраць беларускіх прадпрыемстваў ва Ўкраіне


Украінскі суд, ілюстрацыя
Украінскі суд, ілюстрацыя

Украіна пачала шэраг судоў супраць беларускіх прадпрыемстваў за тое, што Рэспубліка Беларусь выступіла хаўрусьніцай Расеі пры нападзе на яе. Даведаліся, што адбываецца ў судах цяпер.

Беларусь ад пачатку агрэсіі супраць Украіны выступае на баку Расеі. Аляксандар Лукашэнка дазволіў расейскім войскам выкарыстаць беларускую тэрыторыю і паветраную прастору для абстрэлаў і перамяшчэньня вайсковай тэхнікі і жывой сілы арміі Расеі ва Ўкраіну.

Згодна з рэзалюцыяй 3314 Генэральнай асамблеі ААН ад 14 сьнежня 1974 году, паводле гэтых прыкметаў Беларусь зьяўляецца ўдзельніцай расейскай агрэсіі і мусіць несьці міжнародна-прававую адказнасьць.

Пакуль экспэрты абмяркоўваюць практычныя наступствы для Беларусі і яе цяперашняга кіраўніцтва, украінскія праваахоўныя органы пачалі актыўна канфіскоўваць уласнасьць Беларусі ва Ўкраіне, і найперш тых супольных прадпрыемстваў, якія ствараліся гадамі.

Свабода з адкрытых крыніц сабрала дэталі тых крымінальных спраў, якія цяпер расьсьледуюць украінскія сьледчыя супраць беларускіх прадпрыемстваў і іхнага кіраўніцтва.

Кампанія «Белавтодор-Україна» вывезла актывы і тэхніку да вайны

25 траўня стала вядома аб канфіскацыі 60 адзінак будаўнічай тэхнікі, якія належалі тром беларускім кампаніям — дарожна-будаўнічаму трэсту № 2 (Гомель), трэсту № 4 (Берасьце) і будаўніча-мантажнаму трэсту № 8 (Менск).

Але справу завялі яшчэ 9 красавіка — па факце прысабечваньня дзяржаўных сродкаў, выдзеленых на будаўніцтва і рамонт дарог, а таксама магчымага фінансаваньня дзеяньняў для захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны (ч. 5 артыкулу 191, ч. 2 артыкулу 110-2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны).

Цяпер сьледчыя спрабуюць арыштаваць і тры асфальтабэтонныя заводы, якія выкарыстоўвалі беларускія дарожнікі — у Кіеве, Ачакаве Мікалаеўскай вобласьці і Васьковічах Жытомірскай вобласьці. У часе расьсьледаваньня высьветлілася, што ўсе гэтыя заводы былі перададзеныя беларускай кампаніі на правах арэнды. Доказаў, што маёмасьць зьяўляецца ўласнасьцю «Белавтодор-Україна», пакуль не знайшлі.

Асобна ў матэрыялах справы адзначаецца, што кампанія яшчэ да пачатку вайны вывела з Украіны ўсе свае актывы.

«У лютым 2022 году, перад самым пачаткам узброенай агрэсіі Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны, беларускія кампаніі ААТ «Будаўніча-мантажны трэст № 8», ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст № 2, г. Гомель» і ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст № 4, г. Берасьце» вывезьлі частку будаўнічай тэхнікі і супрацоўнікаў зь ліку грамадзян Рэспублікі Беларусь за межы Ўкраіны, а грашовыя актывы вывелі за мяжу», — адзначаецца ў матэрыялах справы.

Паводле сьледзтва, грошы дапамагала выводзіць кіраўніцтва, якое прадстаўлялі грамадзяне Ўкраіны, ураджэнцы Данецку, праз падкантрольныя ім прадпрыемствы: фінансавую кампанію «Фінанс Капітал», ТАА «Інвестфорс», ТАА «Укрбелфарма», ТАА «Консалтінг Груп «Воздвиженський».

Адначасова суды пачалі разглядаць позвы як мінімум трох украінскіх кампаній, якія патрабуюць ад «Белавтодор-Україна» выплаціць мільённыя даўгі. Найбольш беларуская кампанія завінавацілася адэскаму прадпрыемству «Майстерпоромбуд» — 7 363 988,99 грыўняў (звыш 200 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС). Як адзначаецца ў судовым рашэньні, гэты доўг украінская кампанія налічыла за «неналежнае выкананьне абавязкаў па дамове аб пастаўках».

Для сьледзтва ўласьнікі «БНК-Україна» — падсанкцыйная кампанія

16 чэрвеня Служба бясьпекі Ўкраіны паведаміла аб арышце актываў і банкаўскіх рахункаў беларускай кампаніі «БНК-Україна» на падставе яе датычнасьці да фінансаваньня агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Кошт арыштаваных актываў тады вызначылі ў 20 мільёнаў грыўняў (амаль 600 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС).

Крымінальную справу супраць беларускай кампаніі завялі яшчэ 5 красавіка. Адметна, што ў матэрыялах справы як яе канцавыя бэнэфіцыяры фігуруюць ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія і рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Вытворчае аб’яднаньне «Беларуснафта», супраць якой увялі міжнародныя санкцыі ў сувязі з фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе і жорсткім разгонам акцый пратэсту.

Пры гэтым Міністэрства юстыцыі Ўкраіны яшчэ ў канцы 2021 году прыняла і зарэгістравала статутныя зьмены, згодна зь якімі «канцавы бэнэфіцыярны ўласьнік у юрыдычнай асобы адсутнічае ў сувязі з тым, што заснавальнікамі зьяўляюцца прадпрыемствы Рэспублікі Беларусь». На думку экспэртаў, такія зьмены дазвалялі фактычна падсанкцыйнай кампаніі працягваць працаваць на ўкраінскім рынку без абмежаваньняў.

10 чэрвеня суд пацьвердзіў арышт рахункаў «БНК-Україна» у двух банках – «Банк Альянс» і «Південний». Агулам у кіраваньне адпаведнага агенцтва, якое займаецца сканфіскаванай маёмасьцю, перадалі 455 573,15 эўра. Дырэктар беларускай кампаніі спрабаваў у судовым парадку абскардзіць арышт грошай на рахунку, але суд падтрымаў рашэньне сьледзтва.

«Сервіс Ойл» мае запазычанасьці за арэнду тэхнікі

16 чэрвеня стала вядома, што Падольская акруговая пракуратура Кіева арыштавала карпаратыўныя правы кампаніі «Сервіс Ойл» — вялікага даччынага прадпрыемства «Беларуснафты», якое аказвала паслугі ў сфэры здабычы нафты і прыроднага газу.

Яе статутны капітал — амаль адзін мільярд грыўняў (прыблізна 26 мільёнаў даляраў).

Адначасова, як і ў выпадку з «Белавтодор-Україна», украінскія кампаніі зьвярнуліся ў суды з пазовамі аб спагнаньні з прадпрыемства «Сервіс Ойл» запазычанасьці па дамовах пастаўкі. Напрыклад, кіеўскае ТАА «Техпромімпорт» у адной позве патрабуе спагнаць 380 939,31 грыўняў, а ў другой — 738 762,00 грыўняў (разам больш 30 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС).

Некалькі пазоваў у суд падала і «Українська сервісна бурова компанія», якая патрабуе сьцягнуць з «Сервіс Ойл» запазычанасьці за арэнду абсталяваньня. Кожны зь іх ня менш як 30 тысяч даляраў у эквіваленце.

У «МАЗ-Україна» арыштавалі ўжо аплочаную ўкраінскімі кампаніямі тэхніку

19 траўня стала вядома аб арышце 20 аўтамабіляў МАЗ, якія нібыта належалі беларускай кампаніі «Торговий Дім «МАЗ-Україна«» і прадпрыемству «АвтоМАЗ-Україна», уласьнікам якой зьяўляецца грамадзянін Расеі.

Арышт тэхнікі адбыўся па выніках вобшуку ў рамках крымінальнай справы, якую завялі 19 красавіка паводле факту прысвойваньня дзяржаўных сродкаў, выдзеленых на будаўніцтва і рамонт дарог, а таксама магчымага фінансаваньня дзеяньняў для захопу дзяржаўнай улады, зьмены межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы Ўкраіны (ч. 5 артыкулу 191, ч. 2 артыкулу 110-2 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны).

Але цяпер выявілася, што большасьць тэхнікі на прамысловай пляцоўцы кампаніі «Торговий дім „МАЗ-Україна“» на той момант ужо выкупілі ўкраінскія кампаніі. І цяпер усе яны — ТАА «Сучасні вантажівки», ТАА «Укравтокомплект Лтд» і ТАА «Торговий дім Техкомплект» — спрабуюць праз суд прымусіць сьледзтва зьняць арышт зь іхнай уласнасьці. Кіеўскі апэляцыйны суд 9 чэрвеня скасаваў пастанову аб арышце гэтых аўтамабіляў МАЗ. Пакуль невядома, ці будзе сьледзтва ў касацыйным парадку абскарджваць гэтае рашэньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG