Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне заяўляюць, што раніцай расейцы з тэрыторыі Беларусі абстралялі Чарнігаўскую і Жытомірскую вобласьці


Архіўнае фота. Наступствы абстрэлаў у Жытоміры у сакавіку 2022 году
Архіўнае фота. Наступствы абстрэлаў у Жытоміры у сакавіку 2022 году

Украінскае апэратыўнае камандаваньне «Поўнач» і кіраўніцтва Жытоміра заяўляюць пра абстрэлы тэрыторыі Чарнігаўскай і Жытомірскай абласьцей з тэрыторыі Беларусі.

У паведамленьні апэратыўнага камандаваньня «Поўнач» адзначаецца, што а 5-ай гадзіне раніцы 25 чэрвеня па Чарнігаўскай вобласьці зьдзейсьнілі масавы ракетны абстрэл: з тэрыторыі Беларусі з самалётаў і зь зямлі выпусьцілі 20 ракет па населеным пункце Дзясна.

Вядома пра руйнаваньні аб’ектаў інфраструктуры, паводле папярэдніх зьвестак, ахвяраў сярод насельніцтва няма.

Кіраўнік горада Жытоміра Сяргей Сухамлін заявіў, што раніцай 25 чэрвеня расейскія вайскоўцы выпусьцілі 24 ракеты па вайсковых частках і па абʼектах вакол Жытоміра з самалётаў, якія зайшлі з тэрыторыі Беларусі.

«Па Жытоміру, дзякуй Богу, нічога не прыляцела. Былі абстраляныя вайсковыя аб’екты вакол Жытоміра. Ракеты запускалі з самалётаў, якія зайшлі зь Беларусі», — сказаў Сяргей Сухамлін.

Старшыня Жытомірскай абласной ваеннай адміністрацыі Віталь Бунечка пазьней удакладніў, што па тэрыторыі вобласьці было выпушчана каля 30 ракет. «Цяпер ёсьць інфармацыя аб нязначных разбурэньнях вайсковай інфраструктуры. Адзін вайсковец загінуў, адзін атрымаў раненьні», — дадаў ён.

«Лукашэнка пятляе перад Пуціным і сваёй арміяй, але сёньня мы пабачылі пацьвярджэньні таму, што і так вядома пра яго. Пабачылі, што Беларусь таксама бярэ ўдзел у вайне, як і РФ», — дадаў Сухамлін.

Пазьней ранішнія авіяабстрэлы Ўкраіны з тэрыторыі Беларусі пракамэнтавала Галоўнае ўпраўленьне выведкі міністэрства абароны Ўкраіны. Як сьцьвярджае ўкраінская выведка, масаваны ракетны ўдар па ўкраінскіх гарадах з тэрыторыі Беларусі зьдзейсьнілі расейскія далёкія звышгукавыя ракетаносцы-бамбардзіроўшчыкі Ту-22М3. Шэсьць самалётаў падняліся з авіябазы ў Калужскай вобласьці, прасьледавалі са Смаленскай вобласьці Расеі ў паветраную прастору Беларусі і выпусьцілі 12 крылатых ракет Х-22 па цэлях у Кіеўскай, Чарнігаўскай і Сумскай вобласьці Ўкраіны.

ГУР лічыць, што пускі былі зьдзейсьненыя над Петрыкавам.

«Гэта першы выпадак авіяцыйнага ўдару па Ўкраіне непасрэдна з тэрыторыі Беларусі. Сёньняшні абстрэл непасрэдна зьвязаны з намаганьнямі ўлады Крамля, каб уцягнуць Беларусь у вайну ва Ўкраіне як непасрэднага ўдзельніка», — гаворыцца ў паведамленьні ГУР. Украінская выведка называе ранішнія абстрэлы правакацыяй.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG