Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне асудзілі беларуса, які адмаўляў агрэсію Расеі і абстрэл расейскімі войскамі Харкава, Кіева і Марыюпалю


Пашкоджаны расейскімі войскамі жылы дом у Марыюпалі, 30 сакавіка 2022 году
Пашкоджаны расейскімі войскамі жылы дом у Марыюпалі, 30 сакавіка 2022 году

Адзін з раённых судоў Ровенскай вобласьці асудзіў грамадзяніна Беларусі на тры гады пазбаўленьня волі з выпрабавальным тэрмінам на два гады.

Як адзначаецца ў судовым рашэньні, апублікаваным у Дзяржаўным рэестры судовых рашэньняў Украіны, грамадзянін Беларусі зьяўляецца вайсковым пэнсіянэрам і мае вышэйшую вайсковую адукацыю.

Знаходзячыся ў пасёлку Зарэчнае Варашскага раёну Ровенскай вобласьці, беларус у размове зь мясцовым жыхаром «у катэгарычнай форме адмаўляў датычнасьць вайскоўцаў Расеі да абстрэлаў Харкава, Кіева, Марыюпалю і іншых украінскіх гарадоў, а таксама апраўдваў зьнішчэньне расейцамі тэлевежы ў Роўне і аб’ектаў цывільнай інфраструктуры, тым самым адмаўляючы і апраўдваючы агрэсію Расеі, пачатую ў 2014 годзе».

У часе судовага разгляду беларускі вайсковы пэнсіянэр «раскаяўся, прызнаў сваю віну» і пайшоў на ўгоду са сьледзтвам, дзякуючы чаму атрымаў умоўнае пакараньне — пазбаўленьне волі на тры гады з выпрабавальным тэрмінам на 2 гады.

Суд абавязаў мужчыну пэрыядычна зьяўляцца ў органы прабацыі, а таксама паведамляць аб зьмене месца свайго пражываньня.

У рашэньні суда адзначаецца, што ў якасьці доказаў сьледзтва сканфіскавала ў беларускага вайсковага пэнсіянэра тры запальныя дымавыя патроны, якія пасьля вынясеньня выраку мусяць быць зьнішчаныя.

Пасёлак Зарэчнае знаходзіцца ў памежным зь Беларусьсю раёне Ровенскай вобласьці. Наўпрост праз балоты і лясы да бліжэйшай беларускай вёскі Парэ Пінскага раёну Берасьцейскай вобласьці крыху больш за 15 кілямэтраў, але там няма памежнага пункту. У аб’езд адлегласьць між гэтымі населенымі пунктамі складае 44 кілямэтры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG