Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 23 чэрвеня: Затрымалі былую палітзьняволеную, якая ўжо адбыла тэрмін; Бабарыку зьмясьцілі ў ШЫЗА на 10 дзён

абноўлена

БДУ
БДУ

Рэпрэсіі ў дачыненьні да беларусаў працягваюцца.

Затрымалі былую палітзьняволеную, якая месяц таму выйшла на волю

Праваабаронцам стала вядома, што сёньня разам з мужам затрымалі Алену Дзядзюлю.

Алена — былая фігурантка крымінальнай справы аб размаляваных цюках зь сенажом, асуджаная на год калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яна цалкам адбыла тэрмін і выйшла на волю 10 траўня 2022 году.

Сілавікі затрымалі яшчэ аднаго выкладчыка БДУ

На «пакаяльным» відэа мужчына расказаў, што працуе на катэдры бізнес-адміністраваньня БДУ, удзельнічаў у адным мітынгу ў жніўні 2020 году і быў зарэгістраваны ў чат-боце «Голас».

Як паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы, на выкладчыка завялі крымінальную справу.

Учора стала вядома пра затрыманьне старшага выкладчыка Інстытуту бізнэсу БДУ Максіма Мароза. На апублікаваным у праўладным телеграм-канале відэа Мароз расказаў, што яго затрымалі «падчас расьсьледаваньня спраў аб экстрэмізьме», а таксама што ён «баіцца страціць сваю працу».

Таксама на адным з праўладных тэлеграм-каналаў зьявілася відэа зь лябаранткай біялягічнага факультэту БДУ Аленай Андрэеўнай. У ім яна «прызнаецца», што адміністравала дваровы чат. Паводле сьцьвярджэньня каналу, яе хочуць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці, піша «Вясна». Па інфармацыі сілавікоў, затрыманая была падпісаная на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і стварыла свой чат пад назвай «Цягнічок з Варанянскага».

Віктара Бабарыку зноў зьмясьцілі ў ШЫЗА на 10 сутак

Асуджанага на 14 гадоў зьняволеньня Віктара Бабарыку чарговы раз зьмясьцілі ў ШЫЗА на 10 дзён. Як паведамляюць сваякі палітвязьня, гэта здарылася 15 чэрвеня. Афіцыйная прычына — канфлікт на павышаных тонах з сукамэрнікам.

Лістоў Бабарыка не атрымліваў. Сваякі палітзьняволенага спадзяюцца, што яму аддадуць карэспандэнцыю пасьля выхаду са штрафнога ізалятара.

Віктар Бабарыка адбывае пакараньне ў Наваполацку. Паведамляецца, што ён «маральна ў парадку», але адчувае дыскамфорт уночы ад холаду.

Раней, у траўні, экс-кіраўнік «Белгазпрамбанку» ўжо правёў у ШЫЗА 10 дзён.

Вядоўцу зь Менску пакаралі 3 гадамі «хатняй хіміі»

У судзе Маскоўскага раёну Менску вынесьлі прысуд у крымінальнай справе палітзьняволенага Аляксандра Талмачова, піша «Вясна».

Мужчыну абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).

Якія эпізоды інкрымінаваў суд Талмачову, пакуль невядома.

Судзьдзя Юры Машкетаў пастанавіў пакараць палітвязьня 3 гадамі «хатняй хіміі» (абмежаваньнем волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу).

Аляксандра выпусьцілі з-пад варты ў залі суду.

Палітвязьня Аляксея Забірана асудзілі на 3 гады калёніі

У Горадзенскім абласным судзе скончыўся разгляд крымінальнай справы палітзьняволенага Аляксея Забірана.

Судзьдзя Дзьмітры Бубенчык абвінаваціў яго паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»), арт. 368 КК («Абраза Лукашэнкі») і арт. 130 КК («Распальваньне варожасьці»). Вырак: 3 гады калёніі агульнага рэжыму. Таксама мужчына мусіць выплаціць 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды пацярпеламу і 1600 рублёў штрафу.

Аляксей Забіран нарадзіўся ў Казахстане, але 8 гадоў таму прыехаў у Беларусь — уладкаваўся на працу ў «Гродна-Азот» і жыў у інтэрнаце, які яму выдзеліла прадпрыемства.

Аляксея затрымалі летась 4 лістапада. Усё, што ён пасьпеў сказаць, калі яму далі магчымасьць патэлефанаваць родным: «Мяне затрымалі за камэнтар».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG