Гаворка ідзе пра 27-гадовага Эндзі Гўіна і 39-гадовага Аляксандра Друке. Расея лічыць гэтых людзей не ваеннапалоннымі, а наймітамі, якія ваявалі на баку Ўкраіны. У так званых «ЛНР» і «ДНР» ім можа пагражаць сьмяротнае пакараньне.
Дзе канкрэтна знаходзяцца Гўін і Друкэ, пакуль невядома. Відэа з палоннымі амэрыканцамі было апублікаванае на YouTube. У субтытрах да яго сказана, што пытаньні палонным задаваў чалавек, які называецца Міядраг Заркавіч. Гэта сэрбскі журналіст і актывіст. Так яго называюць у паведамленьнях «Луганскага інфармацыйнага цэнтру» — афіцыйнага СМІ «ЛНР». Сярод іншага Заркавіч пытаецца, ці ведаюць амэрыканцы, што ім можа пагражаць сьмяротнае пакараньне, як і ўжо асуджаным у так званай «Данецкай народнай рэспубліцы» двум брытанцам. Такім чынам, можна меркаваць, што палонныя амэрыканцы знаходзяцца на акупаваных Расеяй тэрыторыях Данбасу. Агенцтва «Інтэрфакс» са спасылкай на свае крыніцы паведамляе, што яны цяпер у Данецку.
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ведае пра палонных. Пра зьнікненьне двух жыхароў Алабамы ва Ўкраіне расказваюць амэрыканскія СМІ. Тэлеканал NBC пагаварыў з маці Аляксандра Друке Лоіс. Яна расказала, што Друке ў мінулым служыў у Іраку. Ва Ўкраіну паехаў як цывільная асоба з вайсковай падрыхтоўкай, каб дапамагаць Узброеным сілам Украіны. Намеру ўдзельнічаць у баявых дзеяньнях, паводле яе слоў, у Друке не было.
Словы Лоіс супадаюць з тым, што расказаў на камэру сам Аляксандар Друке ў палоне. У размове з сэрбам амэрыканец сказаў, што служыў у рэзэрвовых войсках 12 гадоў і ня меў баявога досьведу. Працаваў спэцыялістам у выяўленьні і абясшкоджваньні хімічнай зброі ў Кувэйце і Багдадзе. Апошнія гады быў на пэнсіі. Ва Ўкраіну прыехаў у красавіку на свае грошы, каб служыць у замежным легіёне, але яго не задаволіла якасьць падрыхтоўкі.
У палоне ён сказаў, што далучыўся да батальёну ў Харкаве, каб займацца выведкай. Але ў першы дзень на фронце, 8 ці 9 чэрвеня, трапіў пад абстрэл, спрабаваў уцячы разам з Эндзі Гўінам у лясы, а затым здаўся разам зь ім у палон. Нявеста 27-гадовага Гўіна пацьвердзіла CBS, што мужчыны выконвалі выведвальную місію з выкарыстаньнем дронаў. Пра гэта самае амэрыканец гаворыць на камэру ў палоне. Аднак, як ён сьцьвярджае, задачы місіі ўвесь час зьмяняліся. Урэшце яму загадалі несьці ручны супрацьтанкавы гранатамёт. Калі група трапіла пад абстрэл пад Харкавам, Гўін, паводле яго, стрэліў з гранатамёта па расейскай вайсковай машыне. Ён думаў, што гэта танк. Журналісты CBS паразмаўлялі з адным з байцоў батальёну Гўіна і Друке. Ён апісаў тое, што здарылася, гэтак жа сама: Гўін стрэліў падчас бою.
Цяпер яго могуць судзіць за гэта. Прынамсі, так расказвае Гўін у інтэрвію. Пра тое, што палонных амэрыканцаў на акупаваных Расіяй тэрыторыях можа чакаць сьмяротнае пакараньне, адкрыта гавораць вядоўцы расейскіх фэдэральных тэлеканалаў. Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзьмітрый Пяскоў на пытаньне аб сьмяротным пакараньні сказаў журналістам, што нічога нельга выключаць. Паводле яго, на наймітаў не распаўсюджваецца дзеяньне Жэнэўскай канвэнцыі.
Дапамогу палонным спрабуе аказаць Дзярждэпартамэнт ЗША. ААН настойвае, што ўсе камбатанты, захопленыя ва Ўкраіне, павінны мець статус ваеннапалонных і знаходзіцца пад абаронай Жэнэўскай канвэнцыі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.