Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: Статкевіча этапавалі з гомельскага СІЗА; Плескацэвіча прывезьлі ў турму з траўмамі; Вінярскага зьмясьцілі ў ШЫЗА

абноўлена

Мікалай Статкевіч
Мікалай Статкевіч

Праваабарончы цэнтар «Вясна» прызнаў палітзьняволенымі ў Беларусі 1223 чалавекі. Аднак іншыя ініцыятывы дапамогі палітвязьням паведамляюць, што перасьледаваных у палітычна матываваных справах значна болей.

Апазыцыйнага палітыка Міколу Статкевіча этапавалі зь СІЗА ў Гомлі ў невядомым накірунку, паведаміла ў фэйсбук ягоная жонка Марына Адамовіч.

«Куды? Невядома. Калі „па законе“, то ў Глыбокае (Віцебская вобласьць). Толькі там ёсьць асаблівы рэжым», — напісала Адамовіч.

Паводле яе, этапавалі таксама і палітвязьня Дзьмітрыя Папова.

Аб немагчымасьці высьветліць месцазнаходжаньне свайго мужа, журналіста Свабоды Ігара Лосіка раней паведаміла і Дар’я Лосік.

Ігара Лосіка, Дзьмітрыя Папова, Міколу Статкевіча разам Арцёмам Сакавым, Сяргеем Ціханоўскім і Ўладзімерам Цыгановічам асудзілі ў закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА-3 14 сьнежня.

Судзьдзя Мікалай Доля пакараў палітвязьняў наступнымі тэрмінамі:

  • журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка 15 гадамі зьняволеньня ўзмоцненага рэжыму,
  • апэратара Арцёма Сакава — 16 гадамі ўзмоцненага рэжыму,
  • палітыка Міколу Статкевіча — 14 гадамі асаблівага рэжыму,
  • мадэратара сацыяльных сетак Дзьмітрыя Папова — 16 гадамі ўзмоцненага рэжыму,
  • блогера Сяргея Ціханоўскага — 18 гадамі ўзмоцненага рэжыму,
  • блогера Ўладзімера Цыгановіча — 15 гадамі зьняволеньня ўзмоцненага рэжыму.

Праваабаронцы: Аляксандра Плескацэвіча, пэўна, моцна пабілі на «хіміі»

Аляксандра Плескацэвіча пасьля 20 дзён у ШЫЗА міліцыянты прывезьлі ў папраўчую ўстанову № 43, каб той забраў свае рэчы.

Пасьля гэтага палітвязьня перавялі ў магілёўскую турму № 4.

Пры гэтым, паводле зьвестак тэлеграм-каналу MAYDAY, у папраўчую ўстанову Аляксандра ўжо прывезьлі са шматлікімі траўмамі — на ім была вялікая колькасьць сінякоў і ранак. Праваабаронцы мяркуюць, што Плескацэвіча пабілі на «хіміі».

У канцы траўня Аляксандра два разы запар пакаралі «суткамі» ў штрафным ізалятары: першыя 10 былі за «неахайны выгляд», а наступныя 10 — за «адмову прыбіраць месца агульнага карыстаньня».

Аляксандра абвінавацілі паводле чч. 1 і 2 арт. 339 КК («Хуліганства») за тое, што пакінуў надпісы і расфарбоўваў белай і чырвонай фарбамі хаты, слупы і будынкі ў сваёй вёсцы. Адзін з надпісаў быў «Сьвета, я вас люблю». У выніку Плескацэвіча асудзілі на 2 гады «хіміі».

Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі з 27 траўня знаходзіцца ў ШЫЗА

Праваабаронцы паведамляюць, што адваката да Максіма Вінярскага зараз не пускаюць, бо нібыта «няма заявы». Аднак заяву палітзьняволены напісаць ня можа, бо знаходзіцца ў штрафным ізалятары.

Максім Вінярскі — актывіст грамадзкай кампаніі «Эўрапейская Беларусь». За сваю палітычную дзейнасьць ён неаднаразова падвяргаўся рэпрэсіям з боку ўладаў: штрафам, адміністрацыйным арыштам, зьбіцьцю, запалохваньням і ціску.

Вінярскага затрымалі 22 студзеня 2021 года, а пазьней асудзілі на 5 гадоў калёніі паводле ч. 2 арт. 293 КК РБ (удзел у масавых беспарадках).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG