Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна: Расея зноў спрабуе прабіцца да Харкава і зрабіць яго «прыфрантавым горадам»


Харкаў
Харкаў

Расейскія войскі спрабуюць прабіцца да Харкава і зноў зрабіць яго прыфрантавым горадам. Пра гэта заявіў у нядзелю дарадца кіраўніка МУС Украіны Вадзім Дзенісенка. Яго словы прыводзіць BBC.

Па словах дарадцы кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Аляксея Арастовіча, у Белгарадзкай вобласьці на мяжы з Украінай сабрана пяць-сем расейскіх батальённа-тактычных груп, а таксама штурмавікі і верталёты, якія ў неўзабаве могуць разам з артылерыяй быць задзейнічаныя для ўдараў па горадзе.

Фронт у першыя тыдні вайны ў лютым — сакавіку праходзіў фактычна па ўскраінах Харкава, тады ў горадзе былі адзначаны вялікія разбурэньні ад абстрэлаў. Жылыя раёны Харкава цярпяць ад абстрэлаў і бамбаваньняў зь першага дня вайны, і за два месяцы бесьперапынных удараў нанесены маштабныя страты гораду з насельніцтвам у паўтара мільёна чалавек. Па дадзеных Харкаўскай вайскова-цывільнай адміністрацыі, за час вайны загінулі 606 жыхароў гораду, 1248 былі параненыя.

У красавіку–траўні ўкраінскія войскі адсунулі фронт у кірунку да расейскай мяжы. У апошні час зноў паступаюць паведамленьні аб наступе расейскіх войскаў, якія зноў занялі некалькі пасёлкаў.

Найбольш упартыя баі ідуць цяпер на захадзе Луганскай вобласьці. Мінабароны Расеі ў сваёй зводцы заявіла аб узяцьці пасёлка Мяцёлкіна пад Севераданецкам. «Частковы посьпех» расейцаў там прызнаў і Генштаб УСУ.

Па словах кіраўніка Луганскай абласной адміністрацыі Сяргея Гайдая, мінулай ноччу расейскія войскі вялі інтэнсіўныя абстрэлы Лісічанску, дзе загінула ня менш за два чалавекі. Баі ідуць і ў суседнім Севераданецку, большая частка гораду знаходзіцца пад кантролем Расеі, аднак украінскія вайскоўцы ўтрымліваюць абарону на тэрыторыі завода «Азот». Баі ідуць і па іншых кірунках, аднак расейскім вайскоўцам па-ранейшаму не атрымліваецца акружыць Лісічанск і Севераданецк.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG