Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 20 чэрвеня: 1,5 года калёніі за слова «ўзурпатар», затрыманьне адміністратаркі чату, папаўненьне сьпісу «тэрарыстаў»

абноўлена

Тацяна Саган
Тацяна Саган

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю.

1,5 года калёніі за «ўзурпатара»

57-гадовай Людміле Рамановіч з Маларыты прысудзілі 1,5 года калёніі за слова «ўзурпатар» у адрас Лукашэнкі, паведамляе Вясна.

У пачатку сакавіка жанчына напісала ліст з пратэстам супраць вайны ва Ўкраіне і даслала яго ў Сьледчы камітэт Беларусі. Яе затрымалі.

Жанчына знаходзіцца за кратамі ўжо больш за 2 месяцы. Справу разглядала Вольга Сьмірнова.

Затрыманьне маці дваіх дзяцей

Выданьне «Наша ніва» паведамляе пра затрыманьне 38-гадовай маці дваіх дзяцей Тацяны Саган.

У тэлеграм-канале сілавікоў сьцьвярджаецца, што жанчына нібыта была адміністратарам чатаў «Уручча-6» і «Гарадзецкая-Гінтаўта», але выйшла зь іх летась.

Ці завялі супраць Тацяны адміністрацыйную ці крымінальную справу, на гэты момант невядома.

КДБ зноў папоўніў сьпіс «тэрарыстаў»

У сьпіс асоб, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці на гэты раз КДБ дадало 9 чалавек.

Сярод іх прадстаўнікі аб’яднаньня «Супраціў» — псыхіятар
Дзьмітры Шчыгельскі і баец палка Кастуся Каліноўскага
Павал Кулажэнка, а таксама прэс-сакратарка «Кіберпартызанаў» Юльяна Шаметавец. Іх траіх абвінавачваюць у стварэньні (артыкул 290-4 КК) і ўдзеле (артыкул 290-5) у тэрарыстычнай арганізацыі.

У сьпісе «тэрарыстаў» таксама Яўгенія Календа, Віталь Лойка, Сяргей Аляксееўскі, Юлія Чамлай і Аляксандра Нагела — ім ставяць у віну распальваньне варожасьці (артыкул 130 КК).

Яшчэ аднаго беларуса — Ілью Трубіна, які таксама трапіў у лік «тэрарыстаў» — абвінавачваюць у масавых беспарадках (артыкул 289 КК).

Затрымалі TikTok-блогера

Сілавікі затрымалі TikTok-блогера Мікіту Пагоскага, а праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі «пакаяльнае» відэа зь ім. Пра гэта паведаміла выданьне Reform.by.

На відэа Мікіта кажа, што затрыманы за тое, што разьмясьціў у сацыяльнай сетцы відэа «непрыстойнага характару». Тэлеграм-канал, зьвязаны з сілавікамі, публікуе таксама скрыншоты відэа, на якіх блогер апрануты ў міліцэйскую форму. У яго профілі ў TikTok пры гэтым такіх падобных відэа няма.

На акаўнт Пагоскага падпісана 369 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG