Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы выявілі ўнікальных белых мядзьведзяў


Дасьледчыкі выявілі ўнікальную папуляцыю белых мядзьведзяў, якая жыве на паўднёвым усходзе Грэнляндыі, дзе марскі лёд трымаецца ўсяго сто дзён у годзе.

Адкрыцьцё дае надзею на захаваньне віду, нягледзячы на растаньне арктычных ільдоў. Пра навуковае дасьледаваньне расказваюць выданьне The Guardian і агенцтва Reuters.

Раней лічылася, што белыя мядзьведзі не могуць выжыць без марскога лёду, які неабходны ім для паляваньня.

«Што мы ведаем пра белых мядзьведзяў, дык гэта тое, што наяўнасьць марскога лёду каля ста дзён у годзе — гэта замала для іх выжываньня», — кажа вядучы аўтар дасьледаваньня доктар Крысьцін Лайдры. Выяўленая навукоўцамі папуляцыя выжывае дзякуючы дадатковай ледзяной плятформе — кавалкі прэснаводных леднікоў адкалоліся і рухаюцца па фіёрдах у моры. Дасьледчыкі адзначаюць, што падобныя ўмовы аналягічныя тым, якія могуць скласьціся ў Арктыцы да канца стагодзьдзя.

Таксама навукоўцы высьветлілі, што выяўленая папуляцыя, якая складаецца зь некалькіх сотняў белых мядзьведзяў, найбольш генэтычна ізаляваная ў Арктыцы. Грэнляндзкія мядзьведзі адрэзаны ад сваіх суродзічаў ужо як мінімум некалькі соцень гадоў. «Яны размнажаюцца павольней, яны меншыя па памеры. Але, што важна, яны выжываюць», — кажа суаўтар дасьледаваньня Бэт Шапіра.

На думку навукоўцаў, іх адкрыцьцё можа дапамагчы зразумець, як белыя мядзьведзі перажывалі папярэднія пэрыяды пацяпленьня за тыя 500 тысяч гадоў з таго часу, як яны эвалюцыйна аддзяліліся ад бурых мядзьведзяў. Аднак навукоўцы адзначаюць, што дасьледаваньне не здымае праблемы растаньня палярных льдоў, якое можа прывесьці да амаль поўнага зьнікненьня белых мядзьведзяў да 2100 году. «Відавочна, калі мы ня зможам запаволіць тэмпы глябальнага пацяпленьня, то белыя мядзьведзі на шляху да выміраньня», — падкрэсьлівае доктар Шапіра.

  • На Зямлі засталося ня больш за 31 тысячу белых мядзьведзяў. Марскі лёд неабходны ім для паляваньня, адпачынку, спарваньня і матчыных бярлогаў. З прычыны глябальнага пацяпленьня плошча арктычных ільдоў зьмяншаецца, што ставіць белых мядзьведзяў пад пагрозу выміраньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG