Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Асаблівы рэжым». Што трэба і варта ведаць беларусам пры ўезьдзе ва Ўкраіну


На пачатак расейскай вайны ва Ўкраіне пражывала шмат беларусаў з розных хваляў міграцыі, найбольш з тых, хто вымушаны быў уцякаць ва Ўкраіну ад крымінальнага перасьледу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе.

Згодна з афіцыйнай інфармацыяй, у 2021 годзе ва Ўкраіну прыбылі 2199 грамадзян Беларусі, 1824 зь якіх засталіся на ўкраінскай тэрыторыі, а іншыя выехалі.

Пасьля 24 лютага большая частка беларусаў выехалі ў іншыя эўрапейскія краіны, але застаюцца яшчэ і тыя, хто сьвядома не пакідае ўкраінскую тэрыторыю. Сярод іх ня толькі прадстаўнікі новай хвалі міграцыі, якія мелі від на часовае пражываньне ва Ўкраіне, але і тыя, хто даўно зьехаў зь Беларусі, застаўся зь беларускім пашпартам, але пачаў новае жыцьцё і бізнэс ва Ўкраіне.

Свабода сабрала інфармацыю, якую варта ведаць беларусам пры плянаваньні паездкі ва Ўкраіну.

Беларусы, як і расейцы, праходзяць пільную праверку на мяжы

Стаўленьне да беларусаў зьмянілася істотна таму, што Аляксандар Лукашэнка дазволіў расейскім войскам выкарыстаць беларускую тэрыторыю і вайсковую інфраструктуру для абстрэлаў і ўварваньня ва Ўкраіну.

Беларусы адчулі зьмены ў стаўленьні найперш на мяжы. Свабода пісала пра некалькі выпадкаў, калі на выезьдзе з Украіны ў першыя дні вайны беларусам псавалі пашпарт. Цяпер усё больш беларусаў скардзяцца на пільныя праверкі і допыты, якія прыніжаюць годнасьць чалавека.

Адметна, што асаблівы рэжым перамяшчэньня празь мяжу і зьмены ў працэдуру памежнага кантролю ўвялі ў канцы сьнежня 2021 году.

Праверка і афармленьне замежных грамадзян, але найперш гэта датычыць расейцаў і беларусаў, цяпер прадугледжвае абавязковую размову на мяжы з супрацоўнікамі памежных і спэцыяльных службаў. Яна фіксуецца на відэакамэру і можа трываць больш за гадзіну. Напрыканцы размовы ў беларусаў і расейцаў, незалежна ад полу і ўзросту, абавязкова бяруць адбіткі пальцаў. У выпадку адмовы ад памежнай біямэтрыі грамадзяніну адмаўляюць і ва ўезьдзе ва Ўкраіну.

Па характары пытаньняў гэтая размова падобная да допыту. Цікавяцца стаўленьнем да Ўкраіны, прычынамі пераезду ва Ўкраіну, асабістай інфармацыяй іншаземца, а таксама тых грамадзян, зь якімі ён кантактуе ва Ўкраіне.

Адначасова пэрсанальная інфармацыя беларуса ці расейца, якія хочуць уехаць ва Ўкраіну, правяраецца па ўсіх праваахоўных базах, у тым ліку і па сыстэме Інтэрполу. Аднак пасьля размовы яшчэ некалькі гадзін даводзіцца чакаць канчатковага дазволу на ўезд ва Ўкраіну.

Не праверка, а прыніжэньне

Сьвятлана Ш. жыве ва Ўкраіне з канца 90-х. У яе сям’і толькі яна мае беларускі пашпарт, муж і сын — грамадзяне Ўкраіны. Цяпер сын змагаецца за Ўкраіну ў войску. Сама Сьвятлана мела ва Ўкраіне турыстычны бізнэс і сумленна плаціла падаткі. На пачатку вайны яна перажыла акупацыю ў Ворзэлі пад Кіевам, дапамагала суседзям эвакуавацца і ўрэшце сама вымушана была выехаць, каб дапамагчы анкахвораму чалавеку. Пры вяртаньні яе зьнялі з аўтобуса на дадатковую праверку, якая трывала амаль сем гадзін. У выніку аўтобус паехаў безь яе — кіроўца і пасажыры не захацелі чакаць. Усю працэдуру яна назвала прыніжальным працэсам.

«Я ўсё разумею, трэба праверыць — няма праблем. Але ж між праверкай і спэцыяльна створаным прыніжальным працэсам — „дзьве вялікія розьніцы“. На маё пытаньне — на якой падставе мяне не выпускаюць праз тры гадзіны праверкі і якія да мяне прэтэнзіі, адказвалі: „Чакайце, у вас беларускі пашпарт“. Прычым у запаветныя дзьверы заходзілі людзі, падобныя да „вырашалаў“, адбываўся нейкі працэс, а мне нічога не казалі. Так прайшла гадзіна, другая, пятая», — расказала Сьвятлана ў сацыяльных сетках.

На мяжу па Сьвятлану прыехаў муж, і ёй дазволілі ўехаць ва Ўкраіну праз 7 гадзін чаканьня.

Такіх гісторый становіцца ўсё болей у сацыяльных сетках. Свабодзе таксама вядома, як аднаму зь беларускіх журналістаў зь недзяржаўнага выданьня, які меў акрэдытацыю Міністэрства абароны Ўкраіны, у аўтобусе абвясьцілі аб затрыманьні, але потым усё ж дазволілі ўехаць на ўкраінскую тэрыторыю.

«Могуць падаваць скаргі»

Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны і Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі ў лістападзе 2020 году падпісалі пратакол аб парадку абмену інфармацыяй. Дакумэнт захоўвае сілу, але, як паведамілі Свабодзе ў адміністрацыі Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, цяпер такі абмен не ажыцьцяўляецца.

Сьпікер украінскіх памежнікаў Андрэй Дземчанка кажа, што беларусы, якія лічаць праверку на мяжы прыніжальнай працэдурай, могуць падаць скаргу.

«Скаргу можна падаць на тэлефон даверу памежнай службы і паведаміць, што ім не падабаецца», — удакладніў ён.

Згодна з інфармацыяй, разьмешчанай на афіцыйным сайце памежнай службы Ўкраіны, дзейнічаюць два нумары: гарадзкі +38 044 527 63 63 — для званкоў з Украіны і з-за мяжы, і шматканальны 1598 — для бясплатных званкоў з мабільных тэлефонаў на тэрыторыі Ўкраіны.

Ад пачатку вайны ва Ўкраіну не пусьцілі 95 беларусаў

У адказе на запыт Свабоды Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны паведаміла, што ў пэрыяд з 24 лютага да 1 чэрвеня зафіксавалі 992 факты перасячэньня мяжы грамадзянамі Беларусі на ўезд ва Ўкраіну і 6642 — на выезд.

За час вайны ў перасячэньні мяжы адмовілі 95 грамадзянам Беларусі: 84 зь іх не змаглі пацьвердзіць мэту паездкі, 5 беларусаў раней перавысілі тэрмін знаходжаньня ва Ўкраіне, трое беларускіх грамадзян не змаглі пацьвердзіць наяўнасьць фінансавага забесьпячэньня свайго знаходжаньня на ўкраінскай тэрыторыі.

Яшчэ тром беларусам забаранілі ўезд ва Ўкраіну, але прычыны забароны не называюць, бо «не вядуць улік» такіх падстаў.

Ва Ўкраіну нельга ўехаць празь беларуска-ўкраінскую мяжу

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны таксама зьвярнулі ўвагу на тое, што з прычыны агрэсіі Расеі ўрад Украіны сваім распараджэньнем закрыў з 28 лютага ўсе пункты пропуску на дзяржаўнай мяжы Ўкраіны зь Беларусьсю.

«Таму ўезд ва Ўкраіну грамадзян Беларусі магчымы праз функцыянуючыя пункты пропуску пры выкананьні ўсіх прадугледжаных заканадаўствам патрабаваньняў», — адзначылі памежнікі ў адказе на запыт Свабоды.

Пры гэтым у тэксьце адказу ўкраінскія памежнікі пішуць назву Беларусі, як і Расеі, з малой літары.

Украінскія памежныя пункты пропуску працуюць толькі на мяжы з Польшчай, Вугоршчынай, Славаччынай, Румыніяй і Малдовай.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG