Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 15 чэрвеня: асудзілі брата былога падпалкоўніка ГУБАЗіКа; вырак затрыманай у Менску падчас рэфэрэндуму


Супрацоўнікі ДАІ ў Менску. Ілюстрацыйнае фота
Супрацоўнікі ДАІ ў Менску. Ілюстрацыйнае фота

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю.

Суд Савецкага раёну Гомля пакараў 63-гадовага пэнсіянэра 2 гадамі калёніі агульнага рэжыму за раскідваньне на дарозе мэталічных «вожыкаў», паведамляе «Гомельская праўда».

Мужчыну затрымалі сёлета ў лютым. Па дадзеных сьледзтва, у студзені 2019 году ён раскідаў 27 «вожыкаў» на паркоўцы каля будынку абласнога ДАІ на вуліцы Фядзюнінскага, ад чаго быў пашкоджаны аўтамабіль супрацоўніцы міліцыі. 3 лютага ён раскідаў 66 «вожыкаў» на той жа паркоўцы, а 5 лютага — паблізу аддзяленьня міліцыі на Рэчыцкай шашы, каля падстанцыі хуткай дапамогі. У выніку ад яго дзеяньняў пацярпелі аўтамабілі «хуткай».

На судзе мужчына прызнаў сваю віну і раскаяўся. Ён растлумачыў, што першы раз пакінуў «вожыкі» праз прэтэнзіі да ДАІ: яму прызначылі занадта вялікі штраф і некалькі разоў прыцягвалі да адказнасьці за няпройдзены тэхагляд. Што тычыцца трэцяга выпадку, ён патлумачыў, што вырашыў пазбавіцца ад «вожыкаў», якія ў яго засталіся, і таму раскідаў іх каля аддзяленьня АУС, але ня ведаў, што ў тым жа будынку месьціцца падстанцыя хуткай дапамогі.

Затрыманага ў панядзелак фатографа Яўгена Ерчака пакаралі арыштам

Беларускай асацыяцыі журналістаў стала вядома, што суд Савецкага раёну прысудзіў Яўгену Ерчаку 15 дзён адміністрацыйнага арышту па абвінавачаньні ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.

Сілавікі затрымалі фатографа 13 чэрвеня. Тады ж фатаздымкі зь ператрусу і прызнальныя паказаньні Яўгена зьявіліся ў праўладных тэлеграм-каналах.

У Смаргонях затрымалі актывіста Ўладзімера Шульжыцкага

Раніцай 15 чэрвеня ў Смаргонях супрацоўнікі міліцыі затрымалі вядомага мясцовага актывіста Ўладзімера Шульжыцкага, паведамляе «Вясна»

На гэты момант невядомыя ні прычына затрыманьня, ні месца, дзе Ўладзімера ўтрымліваюць.

Затрыманую падчас рэфэрэндуму Ірыну Яўмененку асудзілі на 3 гады «хіміі»

Ірына Яўмененка скончыла МДЛУ, мае сваё турыстычнае агенцтва. Працавала настаўніцай францускай мовы ў гімназіі.

Жанчыну затрымалі 27 лютага, у дзень галасаваньня на рэфэрэндуме.

Спачатку яе асудзілі на 15 сутак, а потым прад'явілі абвінавачаньні паводле арт.342 Крымінальнага кодэксу (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і перавялі з ІЧУ на Акрэсьціна ў СІЗА на Валадарскага.

10 чэрвеня Ірыну асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімію»). Яе выпусьцілі ў залі суду да накіраваньня для адбыцьця пакараньня пасьля амаль чатырох месяцаў у СІЗА, паведамляюць праваабаронцы.

Асудзілі брата былога падпалкоўніка ГУБАЗіКа

17 жніўня 2021 году сілавікі затрымалі Міхаіла Лупаносава, брата былога падпалкоўніка ГУБАЗіКа Станіслава Лупаносава, які выехаў зь Беларусі, асудзіўшы дзеяньні былых калег.

Міхаіл быў дырэктарам будаўнічай фірмы. У СІЗА яго прымушалі на камэру асуджаць дзеяньні брата і перадаваць заклікі «адумацца» ад былых калег. 8 чэрвеня яму вынесьлі прысуд, паведаміла «Наша Ніва».

Паводле часткі 2 артыкула 216 «Нанясеньне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу» Міхаілу Лупаносаву прысудзілі 2,5 года хіміі, як і запытаў пракурор. Справу разглядалі ў судзе Маскоўскага раёну Менску, судзьдзя — Сяргей Кацэр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG