Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцдакладчыца ААН аб правах чалавека ў Беларусі зьвярнулася да ўладаў: «Пакласьці канец атмасфэры рэпрэсій і страху»


Спэцыяльная дакладчыца ААН аб правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн
Спэцыяльная дакладчыца ААН аб правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн

Спэцыяльная дакладчыца ААН аб правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн па-ранейшаму ня мае магчымасьці наведаць краіну, бо афіцыйны Менск не прызнае яе мандата. Падаём тэзісы новага дакладу Анаіс Марэн.

У сваім дакладзе, апублікаваным на сайце ААН, спэцыяльная дакладчыца аб правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн апісала тэндэнцыі, заклапочанасьці і прагрэс што да сытуацыі з грамадзянскімі, палітычнымі, эканамічнымі, сацыяльнымі і культурнымі правамі ў Беларусі.

У дакумэнце, які будзе прадстаўлены 28 чэрвеня ў Жэнэве, прааналізаваны пэрыяд з 1 красавіка 2021 году па 31 сакавіка 2022 году. У ім аналізуюцца падзеі і тэндэнцыі, зафіксаваныя пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году, вынікі якіх былі аспрэчаныя.

«Аналіз паказвае, што беларускія ўлады не зьвярнулі ўвагі на шматлікія заклікі і рэкамэндацыі айчынных і міжнародных арганізацый знайсьці рашэньні для ўрэгуляваньня крызісу на аснове праваабарончага падыходу. Замест гэтага рэпрэсіўная палітыка і жорсткія меры, якія прымаюцца дзеля задушэньня рэальнай і ўяўнай апазыцыі ўраду, прывялі да далейшага пагаршэньня сытуацыі з правамі чалавека ў краіне», — адзначае Анаіс Марэн.

  • Спэцдакладчыца аналізуе працяглае задушэньне палітычнага іншадумства, далейшае абмежаваньне свабоды думак і іх выказваньня ў краіне, а таксама рост колькасьці выпадкаў адвольнага затрыманьня і ўтрыманьня пад вартай з палітычных матываў.
  • У дакладзе Марэн удзяляе асаблівую ўвагу аналізу канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі, адзначаючы непасрэдныя нэгатыўныя і патэнцыйна далёкасяжныя наступствы некаторых зь нядаўна прынятых палажэньняў новай Канстытуцыі.
  • Прадстаўніца ААН прыйшла да высновы, што ўрад праводзіць палітыку сыстэматычных ганеньняў, запалохваньня, перасьледу і выкарыстаньня крымінальных і адміністрацыйных абвінавачаньняў у спробе здушыць грамадзянскую актыўнасьць, свабоду СМІ і ўдзел у вядзеньні дзяржаўных спраў, і гэта прыводзіць да фактычнай ліквідацыі грамадзянскай прасторы, а канстытуцыйная рэформа не дазваляе вырашыць надзённыя праблемы.

Анаіс Марэн вынесла рэкамэндацыі для пераадоленьня бягучай сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

«Спэцыяльная дакладчыца ўстрывожаная тым, што і без таго нестабільная сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі яшчэ пагоршылася, і пацьвярджае сваё меркаваньне аб тым, што гэтая сытуацыя патрабуе пастаяннай увагі і маніторынгу. Яна заклікае да дыялёгу і скаардынаваных намаганьняў па ўмацаваньні павагі правоў чалавека», — напісана ў дакумэнце.

Рэкамэндацыі спэцдакладчыцы беларускаму ўраду

У сувязі з праблемамі і заўвагамі, апісанымі ў дакумэнце, прадстаўніца ААН заклікала ўрад Беларусі:

  • пакласьці канец палітыцы сыстэматычных рэпрэсій супраць арганізацый грамадзянскай супольнасьці і праваабаронцаў;
  • вызваліць усіх зьняволеных, асуджаных з палітычных матываў;
  • адмяніць рашэньні аб прымусовай ліквідацыі незалежных СМІ і арганізацый грамадзянскай супольнасьці;
  • неадкладна пакласьці канец актам ціску, запалохваньня і перасьледу і іншых формаў рэпрэсій у дачыненьні да адвакатаў;
  • забясьпечыць апэратыўнае, празрыстае і дзейснае расьсьледаваньне незалежным і бесстароньнім органам усіх выпадкаў сьмерці ў зьняволеньні і ўсіх паведамленьняў аб катаваньнях і іншых відах жорсткага абыходжаньня;
  • прыняць усёабдымныя меры для павароту назад тэндэнцыі масавага пакіданьня беларусамі сваёй радзімы і пакласьці канец атмасфэры рэпрэсій і страху;
  • працаваць над адменай сьмяротнага пакараньня на заканадаўчым узроўні і ўвесьці неадкладны мараторый на яго прымяненьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG