Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пачаў гаварыць у сьне па-беларуску». Як праз вайну і рэвалюцыю людзі пераходзяць на беларускую мову


Вайна Расеі супраць Украіны і рэвалюцыя 2020 году сталі для многіх беларусаў штуршком, каб пачаць размаўляць і пісаць па-беларуску. Усе яны кажуць, што гэты выбар прынёс ім натхненьне, і адзначаюць перавагі, якія дае беларускамоўнасьць.

Прапануем вам тры гісторыі сьвядомага пераходу на беларускую мову.

«Мне ўжо было ўсё роўна, што падумае муж, як адрэагуюць бацькі, ці прымуць беларускамоўную маму дзеці»

Вікторыя жыве ў Менску, у яе двое дзяцей, раней яна працавала доўлай, цяпер шукае новую працу. Яшчэ 10 гадоў таму пачынала пісаць па-беларуску ў сацсетках, але спроба аказалася няўдалаю — былі і папрокі ў недасканалым валоданьні моваю, і непрыняцьце ў сям’і.

— Я тады была актыўнай удзельніцай жаночага форуму і паспрабавала там пісаць па-беларуску. Мяне так «зашэймілі» за русізмы, памылкі і сумесь тарашкевіцы і наркамаўкі, што я зноў перайшла на расейскую. Дадаў мне няўпэўненасьці і муж. Ён расеец, які большасьць жыцьця пражыў у Беларусі. І ён вельмі грэбліва ставіўся да беларускай мовы. Казаў, што гэта мёртвая мова, і падсьмейваўся зь мяне. Гэта не дадавала мне ўпэўненасьці. Я тады была маладзейшая і слабейшая. Таму пераход на мову адбыўся значна пазьней. Але я заўжды з радасьцю пераходзіла на беларускую мову, калі зьяўляўся нехта, з кім можна было паразмаўляць. І гэта было цудоўна і прыемна.

Галоўным штуршком для пераходу на беларускую мову сталі падзеі 2020 году, кажа жанчына.

— Тады пачала пісаць на дзьвюх мовах. Спачатку на беларускай мове, а потым давала пераклад на расейскую. Але гэта было вельмі нязручна. Канчаткова я перайшла на родную мову, калі пачалася агрэсія Расеі ва Ўкраіне. Гэта было нейкае азарэньне. Мне ўжо было ўсё роўна, што падумае муж, як адрэагуюць бацькі, ці прымуць беларускамоўную маму дзеці. Я проста зразумела, што хачу захаваць беларускую мову. А ёсьць толькі адзін спосаб гэта зрабіць — пачаць размаўляць самой.

Вікторыя расказвае, што беларускую мову яна «ўсмоктвала» зь дзяцінства, гледзячы беларускае тэлебачаньне, слухаючы радыё, удзельнічаючы ў здымках «Калыханкі».

— Можна лічыць, што я расла ў беларускамоўным асяродзьдзі, нягледзячы на тое, што ў сямʼі ў мяне размаўлялі па-расейску. Потым была школа, дзе мова давалася мне лёгка. Але пасьля школы я беларускай мовай зусім не карысталася, акрамя выпадкаў, калі сустракала каго-небудзь беларускамоўнага. І атрымоўвалася гэта вельмі ненатуральна. Не было лёгкасьці. Я запіналася і завісала амаль на кожным слове.

Азіраючыся назад, Вікторыя аналізуе, чаму яна баялася карыстацца беларускай мовай.

— Асяродзьдзе ў мяне было расейскамоўнае. Муж лічыў мову мёртвай. І ў той час гэта былі актуальныя для мяне прычыны, каб размаўляць па-расейску. Мне патрэбна было дарасьці да таго стану, калі мне стане ўсё роўна, што скажа муж, як ён будзе жартаваць, як я буду кантактаваць зь іншымі людзьмі. І патрэбныя былі нейкія абставіны, якія падштурхнулі б мяне да пераходу на родную мову. Хто ж ведаў, што гэтымі абставінамі стануць рэвалюцыя і вайна!

Жанчына згадвае, што перайсьці на беларускую мову ёй было складана псыхалягічна.

— Было складана зьвярнуцца да выпадковага чалавека па-беларуску. Напрыклад, у чарзе, ці да касіра, ці да чалавека ў транспарце. Зьяўлялася дзіўная няўпэўненасьць: ці зразумеюць мяне? Ведаў і словаў хапае, бо я ўжо амаль два гады пісала па-беларуску. Слоўнікам досыць часта карыстаюся. Мне падабаецца пазбаўляцца русізмаў і знаходзіць прыгожыя і смачныя беларускія словы. Гэта такая асалода імі карыстацца. Можна сказаць, што я зьбіраю калекцыю з такіх словаў. Асабліва радуе, калі я нешта кажу, і словы самі прыходзяць у галаву, нібыта памяць продкаў іх мне дасылае.

Паступова мянялася і стаўленьне ў сямʼі да беларускай мовы.

— Як я ўжо казала, муж дрэнна ставіўся да беларускай мовы, але калі ў канцы лютага я паставіла яго перад фактам: я буду размаўляць па-беларуску, нягледзячы на тое, як ты да гэтага ставісься, — ён гэта моўчкі прыняў. Сусьветныя падзеі і на яго паўплывалі таксама. Ён некалькі разоў пажартаваў, а цяпер толькі падказвае мне нейкія словы, калі я раптам русізмы ўжываю.

А вось з бацькамі было больш складана. Мама мне сказала, што на роднай мове трэба размаўляць ад сэрца, а не з палітычных прычын. Зь ёй мы доўга размаўлялі, і я растлумачыла, што я менавіта ад сэрца і размаўляю, і ішла да гэтага шмат гадоў. Тата прыняў прасьцей. Ён украінец. І я спыталася ў яго, ці будзе ён мяне разумець, калі я буду гаварыць па-беларуску. Ён адказаў, што будзе. Дочкі паставіліся па-рознаму. Старэйшай падабаецца і самой паразмаўляць са мной на трасянцы. А малодшая крыху зьдзекуецца і часам кажа, што не разумее мяне. Канечне, калі ёй выгадна мяне не разумець. :)

Пытаюся: якая рэакцыя людзей найбольш парадавала Вікторыю?

— Пасьля пераходу на родную мову я крыху баялася рэакцыі людзей. Асабліва страшна было запытацца ў маладога вайскоўца ў аўтобусе, ці выходзіць ён. Але былі і вельмі прыемныя рэакцыі. Некалькі разоў мне выпадковыя людзі казалі: «Дзякуй за мову!» Бывае, што пытаюцца, як доўга размаўляю па-беларуску і чаму вырашыла перайсьці на яе. Яшчэ мне вельмі падабаецца, калі чалавек, зь якім я размаўляю, сам пачынае пераходзіць на беларускую. І я бачу, што яму падабаецца гэта. Ён можа забываць нейкія словы, але ён проста зьзяе ад задавальненьня.

Вікторыя ўсьвядоміла, што яна ўжо пачала і думаць па-беларуску.

— У «Сямнаццаці імгненьнях вясны» выведніцу выдала тое, што яна, нараджаючы дзіця, крычала на роднай — расейскай — мове. Для мяне расейская больш «родная», па сутнасьці. На ёй я за жыцьцё размаўляла значна больш. Але ў стрэсавай сытуацыі, калі трэба хутка нешта сказаць, я ўжо раблю гэта па-беларуску. Такім чынам, можна ўжо сказаць, што я пачала думаць па-беларуску.

Для тых, хто хоча пачаць гаварыць па-беларуску, парады Вікторыі наступныя: не баяцца памылак і русізмаў.

— Заняцца паляваньнем на прыгожыя беларускія словы, шукаць іх і дадаваць у свой слоўнікавы запас. Дзекаць, цекаць, джэкаць і гэкаць з асалодай. :) І яшчэ вы абавязкова сустрэнеце тых, хто скажа вам — «Дзякуй за мову», і вы адчуеце адзінства з гэтымі людзьмі. Вам усьміхнуцца з асаблівай пяшчотай. Вам адкажуць па-беларуску, і гэта будзе тое самае адчуваньне, якое было ў нас у 20-м.

«Беларуская мова зрабіла мяне багацейшай»

Алена, вядомая блогерка (дзеля бясьпекі захоўваем ананімнасьць і не паведамляем тэматыку яе блогу) прыняла рашэньне гаварыць і пісаць па-беларуску пасьля 24 лютага, калі пачалася вайна Расеі супраць Украіны. Гэта была і грамадзянская пазыцыя, і спосаб выказаць сваё стаўленьне да падзеяў, пры тым, што непасрэдна пра вайну яна ня піша.

— Я блогерка, і калі пачалася вайна, паўстала праблема — як пісаць далей. Мая тэма далёкая ад палітыкі, я ніколі не хацела рабіць свой блог шырокім і пісаць пра ўсё на сьвеце, я хацела, каб быў вузкі профіль. Некалькі тыдняў я нічога не пісала, а ў нейкі момант пачала пісаць у блогу па-беларуску. І гэта адразу прыхіліла для мяне шмат чытачоў, быў вельмі добры водгук.

Раней, калі я вяла блог па-расейску, знаходзіліся людзі, які папракалі: што ж вы робіце, тут такое адбываецца, а вы пра сваё пішаце. А як не пісаць? Я гэтым грошы зарабляю, я не магу не пісаць, гэта мая праца. Як толькі я перайшла на беларускую мову, гэтая праблема адразу зьнікла.

Алена вучыла беларускую мову ў школе, і пераход з расейскай на беларускую адбыўся досыць лёгка. Яна пэрыядычна карыстаецца слоўнікам і электронным перакладчыкам. Часам не адразу знаходзіць патрэбныя словы — і лічыць гэта натуральным.

— Беларуская мова зрабіла мяне багацейшай. Але цяпер здараецца, што і на расейскай мове нейкае слова шукаю, бо не магу беларускае слова на расейскую перакласьці. Напрыклад, не магу знайсьці аналяг па-расейску слову «замінаць». Мне падаецца, што ў расейскай мове няма слова, якое так добра будзе азначаць гэты працэс.

Што да беларускамоўнага асяродзьдзя, то ёсьць два бізнэсы, зь якімі я супрацоўнічаю на беларускай мове. А таксама ёсьць вясковыя беларускамоўныя блогеры, зь якімі я кантактую. Дарэчы, назіраю, што як толькі людзі пераяжджаюць жыць на вёску, вельмі хутка становяцца беларускамоўнымі.

Блогерка кажа, што здабыла празь беларускую мову новых кліентаў.

— Раней беларуская мова была для некаторых як мова фрыкаў, маглі неадэкватна рэагаваць. Цяпер усё зьмянілася... З нэгатыўнымі рэакцыямі не сутыкалася ніводнага разу. Мабыць, не хаджу туды, дзе гэта можа быць. Сторыс я раблю толькі па-беларуску, а вялікія пасты часам пішу яшчэ па-расейску. Паступова лепей уваходзіць у мову.

Пытаюся Алену пра парады навічкам, як лепей пачаць гаварыць і пісаць па-беларуску.

— Мая парада — не пакідаць расейскую мову, а мець дзьве мовы. Гэта робіць нас багацейшымі, як і тая ж ангельская мова. Можна ведаць некалькі моваў, гэта не азначае выкінуць адну зь іх у сьметніцу. Я не лічу расейскую няроднай мовай. Зь дзяцінства я на ёй размаўляла і думала. Зь нейкіх глябальных матываў дзяржаваў гэтая мова была мне родная, а не беларуская. Што ж я ўжо зраблю? Так атрымалася, я тады не выбірала нічога. Зараз я выбіраю дзеля ўнутраных матываў беларускую мову ў якасьці роднай, але адмаўляцца ад расейскай не лічу добрай ідэяй. Цяпер я магу нармальна гаварыць і пісаць на дзьвюх мовах.

«Я ганаруся тым, што размаўляю па-беларуску»

Мянчук Паша Цеплата, актывіст, валянтэр, цырульнік, у 2021 годзе быў змушаны зьехаць зь Беларусі ва Ўкраіну, а адтуль у Польшчу, калі пачалася вайна. У лістападзе 2021 году ён вырашыў гаварыць і пісаць у сацсетках па-беларуску.

— Складана сказаць, чаму я прыняў такое рашэньне. Я жыў ва Ўкраіне, краіне, якая пакутуе ад расейскай агрэсіі, я адчуваў гэта. І хоць ніхто ніколі не забараняў ва Ўкраіне гаварыць па-расейску, гэта ўсё адно ўплывала. Мяне выгнала з маёй краіны ўлада, якая трымае курс на інтэграцыю з Расеяй, якая забівае родную мову, аддае краіну пад акупацыю. Таксама я жыў са сваёй беларускамоўнай сяброўкай, і гэта стала важнай часткай таго, што я перайшоў на беларускую мову.

Пераход на беларускую мову ня быў лёгкім, расказвае Паша.

— Мой так званы «бацька» (бяру ў двукосьсе, таму што ён вельмі нядобры чалавек), які нарадзіўся ў Казахстане, усё маё жыцьцё — пакуль я не абарваў камунікацыю — казаў, што беларуская — гэта сапсаваная расейская мова, як і ўкраінская, што такой мовы няма і быць ня можа, і да таго падобнае.

У мяне ў школе былі ўрокі беларускай мовы, але іх вяла ня самая прыемная для мяне настаўніца. І разам з устаноўкамі «бацькі», што «мы татары, і ўвогуле беларуская мова — ня мова», мне было неактуальна яе вучыць. Але, як аказалася, памяць нешта зафіксавала, і цяпер я больш-менш вольна размаўляю, што для мяне вельмі дзіўна, папраўдзе.

Паша прызнаецца, што раней практычна не сустракаў людзей, якія гаварылі па-беларуску.

— Думаю, гэта вельмі моцна залежыць ад атачэньня. І ў маім — такіх людзей не было... Я ганаруся тым, што размаўляю па-беларуску. На жаль, пакуль не магу гаварыць па-беларуску заўсёды, бо калі стамляюся, бывае вельмі нялёгка думаць, падбіраць словы.

Граматыкі і правілаў ніколі ня ведаў і ня ведаю дагэтуль. Гавару выключна паводле адчуваньняў. Калі пішу пасты ці паведамленьні і ня памятаю словаў, карыстаюся цудоўным ботам у тэлеграме «Белазар». Як жа я рады, што ёсьць людзі, якія зрабілі яго. Гэта так моцна дапамагае.

Паводле Пашы, рэакцыя на ягоную беларускамоўнасьць выключна пазытыўная.

— Аднойчы ўкраінскамоўная дзяўчына наўпрост напісала мне: «Я дзякую табе за тваю беларускую мову». Гэта было вельмі прыемна. І я пачаў думаць па-беларуску. А яшчэ! Мая партнэрка кажа мне, што я пачаў гаварыць у сьне па-беларуску.

Вось што Паша раіць усім тым, хто хоча перайсьці на беларускую мову:

— Самае галоўнае — гэта пачаць. У мяне было так. Я спачатку пачаў пісаць па-беларуску як магу. Калі чагосьці ня ведаў, карыстаўся дапамогай «Белазара». Потым пачаў гаварыць па-беларуску, але толькі калі на твары была маска (таму што сорамна было, ня ведаў, як я кантралюю міміку, і ўвогуле было вельмі няспрытна). А потым яно неяк само пайшло.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG