ЗША працягваюць выдаваць візы расейскім журналістам, якія задавальняюць адпаведным патрабаваньням, і не пазбавілі акрэдытацыі, якой падлягаюць прадстаўнікі замежнай прэсы, ніводнага расейскага журналіста, які працуе ў ЗША.
Пра гэта заявіў у панядзелак Дзярждэпартамэнт, дадаўшы, што Крэмль вядзе «поўнамаштабны наступ» на свабоду СМІ. Заяву цытуе «Голас Амэрыкі».
Агенцтва Reuters, спасылаючыся на інфармаваныя крыніцы, паведаміла ў панядзелак, што Расея папярэдзіла амэрыканскія арганізацыі навін, што іх супрацоўнікі рызыкуюць быць пазбаўленымі акрэдытацыі, калі абыходжаньне з расейскімі журналістамі ў ЗША не палепшыцца.
«Дастаткова сказаць, што расейскія ўлады працягваюць абвінавачваць іншых у тым, што робяць самі. Расейскі ўрад прынцыпова і сьвядома ігнаруе тое, што значыць мець свабодную прэсу, пра што сьведчыць блякаваньне ці забарона амаль усіх незалежных расейскіх СМІ, якія асьвятляюць навіны ўнутры сваёй краіны», — заявіў журналістам прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Нэд Прайс.
6 чэрвеня МЗС Расеі абвясьціла пра ўвядзеньне пэрсанальных санкцыяў у дачыненьні да 61 грамадзяніна ЗША.
У прыватнасьці, санкцыі ўвялі супраць міністарак фінансаў Джанэт Елен і энэргетыкі Джэніфэр Грэнхальм, дырэктара ўпраўленьня Белага дому па кантролі за абарачэньнем наркатычных рэчываў Рахула Гупты, кіраўніцы Бюро бясьпекі кібэрпрасторы і лічбавай палітыкі Дзярждэпартамэнту Джэніфэр Бахус, дырэктаркі ў камунікацыях Белага дому Кэтрын Бэдынгфілд.
Акрамя іх, у сьпісе прэзыдэнтка кампаніі Nasdaq Адэна Фрыдман, прэзыдэнт кампаніі Universal Pictures Пітэр Крамэр, прэзыдэнт кампаніі United Airlines Брэт Гарт і іншыя.