Затрыманьні траўматолягаў-артапэдаў у Беларусі працягваюцца. Па інфармацыі крыніц Zerkalo.io, раніцай 1 чэрвеня сілавікі затрымалі яшчэ мінімум двух мэдыкаў. Абодва працавалі ў РНПЦ траўматалёгіі і артапэдыі.
Дзе затрымалі мэдыкаў — на працоўным месцы ці дома — невядома. Завуць іх Андрэй Самусёў і Алег Трафімаў.
У самім мэдычным цэнтры сказалі, што Самусёва і Трафімава сёньня на працоўным месцы няма.
Паводле «Белсату», акрамя згаданых раней Андрэя Самусёва (яго затрымалі раніцай дома) і Алега Трафімава (да яго прыйшлі на працу), сілавікі забралі з працы новага загадчыка 1-га артапэдычнага аддзяленьня Цімафея Талаку. Таксама прыйшлі і да былога ўрача гэтага аддзяленьня, а цяпер супрацоўніка прыватнай клінікі клінікі «Мерсі» Эдуарда Вееўніка.
Чытач выданьня зазначае, што 1-га артапэдычнага аддзяленьня РНПЦ цяпер фактычна не існуе, кіраўніцтва экстрана пераводзіць туды дактароў зь іншых аддзяленьняў, каб праца не спынілася цалкам.
26 сакавіка ў Беларусі прайшлі масавыя затрыманьні лекараў-траўматолягаў: 35 мэдыкаў і 5 прадстаўнікоў камэрцыйных структур. Сярод затрыманых быў і асабісты доктар Лукашэнкі. Паводле зьвестак апэратыўнікаў, абарот адной зь фірмаў — пастаўшчыкоў замежных эндапратэзаў, якія фігуруюць у справе, склаў амаль 12 млн даляраў за 2019–2022 гг.
Сьледчае ўпраўленьне КДБ расьсьледуе крымінальную справу па частцы 1, 2 і 3 артыкула 430 (Атрыманьне хабару), часткі 1 артыкула 431 (Даваньне хабару), а таксама частцы 1 артыкула 433 (Незаконнае грашовае ўзнагароджваньне).