Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Купалаўскі тэатар праводзіць ужо 8-ы кастынг для актораў пасьля жніўня 2020 году


Нацыянальны сьцяг на бальконе Купалаўскага. Пратэст супрацоўнікаў тэатру 17 жніўня 2020
Нацыянальны сьцяг на бальконе Купалаўскага. Пратэст супрацоўнікаў тэатру 17 жніўня 2020

Кастынг пройдзе 14 чэрвеня. Тэатру, зь якога пасьля пратэстаў 2020 году сышлі амаль усе акторы, ужо амаль два гады не ўдаецца сфармаваць стабільны калектыў.

Нацыянальны тэатар імя Янкі Купалы аб’явіў чарговы, ужо восьмы па ліку, кастынг. Для адбору запрашаюць артыстаў ад 21 да 70 гадоў. Гэта могуць быць прафэсійныя артысты ці студэнты з профільнай адукацыяй. Патрабуецца веданьне беларускай мовы. Гэтыя палажэньні зьявіліся толькі ў лютым, падчас шостага кастынгу.

У жніўні 2020 году купалаўцы публічна асудзілі самавольства і гвалт сілавікоў у дачыненьні да мірных дэманстрантаў, пасьля чаго быў звольнены дырэктар тэатру Павал Латушка. На знак салідарнасьці зь ім Купалаўскі тэатар пакінулі практычна ўсе акторы, рэжысэры, рэдактары, адміністратары, музыкі аркестру, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі, мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін — звыш 60 чалавек.

Ня маючы сцэны, яны заснавалі незалежную трупу «Купалаўцы» і стварылі 6 арыгінальных спэктакляў. З таго часу купалаўцы выступалі онлайн і здымаліся ў відэапастаноўках.

Кадравыя праблемы ўстанове не ўдаецца вырашыць да гэтага часу. У трупе засталося ўсяго дзевяць актораў са старога складу, у тым ліку Вольга Няфёдава, якая публічна асудзіла былых калег і атрымала прызначэньне на пасаду мастацкага кіраўніка тэатру. Праз кастынгі ў тэатар набіралі новых актораў. Частка — прафэсіяналы, у тым ліку, з тэатраў Бабруйска і Пінска, астатнія — студэнты. Ёсьць у цяперашнім Купалаўскім тэатры і недахоп тэхнічных супрацоўнікаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG