— Што здараецца з украінцамі, якія былі вывезеныя на тэрыторыю Расеі? Ці могуць яны адтуль выбрацца?
— Расейскія ўлады не забараняюць зьехаць. Але праблемы ў гэтых людзей, калі яны жадаюць выехаць, узьнікаюць вельмі сур’ёзныя. Па-першае, у некаторых няма замежных украінскіх пашпартоў. Калі такога замежнага пашпарта няма, то чалавек з Расеі можа паехаць з унутраным украінскім у Беларусь або ў Грузію. Але Грузія ўжо стала такім своеасаблівым «мяшком», бо далей выбрацца немагчыма. Там ужо больш за 30 тысяч украінцаў, і большасьць зь іх ня ведае, што ім рабіць.
Акрамя таго, у многіх украінцаў, якія былі вывезены ў Расею, няма грошай. І для таго, каб купіць білеты, нават пры наяўнасьці дакумэнтаў, гэтыя грошы неабходна недзе знайсьці. Украінскія банкаўскія карткі ў Расеі не працуюць. Людзі, якія сьпешна грузіліся ў аўтобусы, часам пад рулямі расейскіх салдатаў, проста не змаглі ўзяць з сабой усё неабходнае, у прыватнасьці грошы.
Калі гаварыць пра тое, што рабіць далей, то далей, вядома, з Расеі трэба выяжджаць. Але для таго, каб гэта ўдалося, неабходна дапамога ўкраінцам, якія цяпер знаходзяцца ў Расеі.
— Яе хтосьці дае, гэтую дапамогу?
— Так. Ужо згадваліся расейскія праваабаронцы, якія дапамагаюць украінцам: дапамагаюць грашыма, дапамагаюць вырашаць праблемы з дакумэнтамі. У многіх рэгіёнах Расеі ёсьць праваабарончыя групы ці дабрачынныя арганізацыі, якія дапамагаюць украінцам. Некалькі дзён таму мы размаўлялі онлайн зь вялікай колькасьцю расейскіх праваабаронцаў з розных рэгіёнаў — ад Далёкага Усходу да Санкт-Пецярбургу, — якія гэтым займаюцца.
— Міхаіл, на вашую думку, навошта наагул Расея вывозіць украінцаў на свае тэрыторыі?
— Тут ёсьць некалькі намераў, я б так сказаў. Першы: падчас фільтрацыі расейскія ўлады спрабуюць знайсьці людзей, якіх яны ў будучыні выкарыстаюць у паказальных палітычна матываваных працэсах. Ёсьць ужо плян: ня менш за 200 крымінальных спраў аб так званых злачынствах супраць народу Данбасу. Тое ж самае, дарэчы, робіцца цяпер з украінскімі ваеннапалоннымі. Іх, як гавораць на турэмнай мове, прэсуюць для таго, каб дабіцца паказаньняў і ініцыяваць гэтыя крымінальныя справы.
Другая задача — гэта наданьне грамадзянства тым украінцам, якія гэтага захочуць або якіх атрымаецца да гэтага прымусіць, паставіўшы проста ў бязвыхадную сытуацыю. Летась, у 2021-м, Расея выдала рэкордную колькасьць расейскіх пашпартоў, гэта значыць прыняла рэкордную колькасьць людзей у грамадзянства — 735 тысяч. Гэта пакрывае натуральнае зьмяншэньне насельніцтва Расеі, дастаткова вялікае, на 600 тысяч чалавек у год памяншаецца насельніцтва гэтай краіны. Таму адна з задач — гэта вырашэньне дэмаграфічнай праблемы.
— Проста рабіць сваімі грамадзянамі ўкраінцаў? Гэта забаронена, як я разумею, міжнародным заканадаўствам. Гэта ж расцэньваецца як ваеннае злачынства ці не?
— Так, безумоўна. Ёсьць Жэнэўскія канвэнцыі, якія былі прыняты яшчэ ў 1949 годзе. Там крыху састарэлая мова, але там ёсьць такі дакладны тэрмін — «вываз насельніцтва дзяржавай-акупантам». Дык вось, вываз насельніцтва катэгарычна забаронены, і так, ён зьяўляецца ваенным злачынствам. І ў многіх выпадках мы можам гаварыць менавіта аб прымусовым вывазе насельніцтва, таму што дакладна вядома: многія ўкраінцы ня ведалі, куды іх вывозяць. Да іх проста прыйшлі, сказалі, што тут небясьпечна, расейскія салдаты вывелі іх, пасадзілі ў аўтобусы і кудысьці адправілі. Пасьля яны апынуліся на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі.
Гэта менавіта тая сытуацыя, якую міжнароднае права вызначае тэрмінам «вываз насельніцтва». Мы ня можам сказаць у працэнтах, якая доля людзей добраахвотна паехалі ў Расею (магчыма, такія ёсьць) і якая доля тых, каго вывезьлі прымусова. Але такіх вельмі шмат.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.