Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ў Беларусі будзе шанец на жыццё без агрэсіўных змагароў з абортамі


Нядаўна цэнтар падтрымкі сям’і і мацярынства «Матуля» выдаў кнігу пра перадабортнае кансультаваньне — падручнік, як адгаворваць жанчыну ад перарываньня цяжарнасьці. Як кіруе цэнтрам сямейная пара — матушка Вера Сярдзюк і сьвятар Павал Сярдзюк, то аргумэнтацыя ў кнізе заяўлена (каля)рэлігійная. Сама па сабе вера ў Бога і місіянэрства — гэта, ясная справа, не злачынства і ўвогуле ня нешта кепскае. Але д’ябал, як кажуць, у дэталях.

Сам гэты цэнтар вядомы ўжо даўно і збольшага акурат дзякуючы сваёй супрацьабортнай дзейнасьці. Валянтэркі цэнтру нават займаліся перадабортным кансультаваньнем у паліклініках, пакуль там не ўвялі стаўку псыхоляга. З самой назвы арганізацыі зразумела, што сфэра яе працы зьвязаная найперш з тэмай мацярынства, і калі ў 2021 годзе Вера Сярдзюк выступала на Ўсебеларускім народным сходзе, яна заяўляла, што прадстаўляла там беларускіх маці. Праўда, тэму масавых рэпрэсій і ў тым ліку рэпрэсій супраць маці яна ніяк не закранула.

У гэтым пляне актывістка цалкам пасьлядоўная: яна клапоціцца толькі пра тых маці, якія адпавядаюць яе ўяўленьням аб правільнасьці. Добрыя маці — тыя, якія даношваюць усе цяжарнасьці і ва ўсім падтрымліваюць дзяржаву. Вось гэта — беларускія маці, а пра астатніх можна асабліва ня думаць.

Праўда, пасьлядоўныя дзеяньні стаяць за непасьлядоўнымі заявамі. А менавіта з заявамі сутыкаюцца жанчыны на перадабортным (даўно ўжо варта пераназваць яго на антыабортнае) кансультаваньні. І «падвышаць кваліфікацыю» псыхолягі «Матулі» будуць па кнізе, якая расказвае пра тое, «як царква разумее дар жыцьця» і «якія наступствы кантрацэпцыі, рэпрадукцыйных тэхналёгій і абортаў».

Цяжкавата, мабыць, ім будзе расказваць пра каштоўнасьць для царквы любога жыцьця ў сытуацыі, калі БПЦ называе інфармацыю супраць вайны палітычнай і кажа, што гэтая інфармацыя ня мае дачыненьня да афіцыйнай пазыцыі царквы. І яны, вядома ж, ня стануць нагадваць, што яшчэ ў 2020 годзе рэлігійныя дзеячы, якія выступалі супраць дзяржаўнага гвалту і забойстваў пратэстоўцаў, зазнавалі перасьлед з боку дзяржавы. Псыхолягі «Матулі» пэўна ня стануць удакладняць, што, нягледзячы на Канстытуцыю, царква ў Беларусі застаецца ў моцным зьліцьці зь дзяржавай і падпарадкоўваецца найперш ня Божым законам, а цалкам мірскім беларускім правілам.

На гэтых кансультацыях увогуле будзе шмат непасьлядоўнасьці. Як відаць з апісаньня кнігі, там раскажуць пра ўскладненьні ад прыёму кантрацэпцыі і перарываньня цяжарнасьці, але не пра тое, якія рызыкі могуць быць зьвязаныя з даношанай цяжарнасьцю і родамі. Гэтая непасьлядоўнасьць зразумелая, бо мэта кансультацыі — ня даць жанчыне найбольш інфармацыі для асэнсаванага выбару, а адгаварыць яе ад аборту. Але ўсё ж несправядліва, што пралайф-актывісткі і актывісты нават не спрабуюць стварыць ілюзію збалянсаваных кансультацый.

Зрэшты, у пралайфэрак і пралайфэраў шмат дзе бачная такая непасьлядоўнасьць, бо хоць яны і сьцьвярджаюць, што выступаюць у падтрымку жыцьця, трэба разумець, што гаворка ідзе выключна пра жыцьцё эмбрыёнаў. Да чаго прыводзіць засяроджанасьць выключна на гэтым, паказваюць трагедыі ў Польшчы, калі жанчыны паміраюць праз ускладненьні, якія ўзьнікаюць падчас цяжарнасьці і якіх можна было б пазьбегнуць, своечасова перарваўшы яе.

Вось і ў Беларусі «Матуля» называе сябе цэнтрам падтрымкі мацярынства, але найбольшы акцэнт робіць на антыабортнай актыўнасьці.

Калі жанчына баіцца за сваё будучае здароўе і хвалюецца, як на ім адаб’ецца цяжарнасьць і роды, пралайфэры кажуць, што трэба проста думаць пра добрае, і ўсё будзе ў парадку. Але потым, калі жанчына ўсё ж нараджае і насамрэч трапляе ў сумную частку статыстыкі, ёй таксама кажуць, што трэба думаць пра добрае, а пра кепскае — ня трэба. Бо ясная ж справа — ад добрых думак і гемарой зьнікне, і дэпрывацыя сну міне, і жоўцевыя камяні разыдуцца самі сабой.

Здавалася б, навошта так рабіць? Навошта падманваць жанчын, якія і так у цяжкім стане? Але адказ вельмі просты: «Матуля» працуе на статыстыку, а не на тое, каб сапраўды дапамагчы асобна ўзятай жанчыне. А яшчэ яна вельмі моцна зьвязаная зь дзяржавай і наўпрост залежыць ад таго, ці дазволяць улады існаваць ёй і далей. У цяперашняй Беларусі гэта значыць адно: прыярытэтам «Матулі» становіцца абслугоўваньне дзяржаўных інтарэсаў і падтрымка рэжыму Лукашэнкі.

І толькі калі зьменіцца рэжым, у нас зьявіцца шанец абмежаваць уплыў пралайфэрскага руху на жыцьцё беларусак і зрабіць так, каб ён прыносіў толькі карысьць. Зрэшты, пасьля нараджэньня дзяцей сем’ям і праўда часта патрэбная дапамога.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG