А беларускі паэт Сяргей Прылуцкі паказаў, які пагром у ягонай кватэры ў Бучы пад Кіевам учынілі расейскія акупанты.
Карціна амаль аднолькавая, быццам рабілі тыя самыя або такія самыя выканаўцы. Замест тысячы словаў дастаткова адной справы. Назавіся ты «гасударственным упраўленьнем» ці «спэцыяльнай ваеннай апэрацыяй», на справе ты — пагромшчык-акупант. Што там, што тут. Два пагромы — адна вайна. І калі гавораць, што «Беларусь ня ўдзельнічае», гэта няпраўда.
Розьніца хіба ў тым, што словы расейскай прапаганды з большым эфэктам узьдзейнічаюць на расейцаў, чым на беларусаў. Як ні круці, а «забіць усіх украінцаў», чаго хацеў бы электарат з усходу, для беларускага вуха гучыць дзіка. Таму ГУБАЗіК свае пагромы ўчыняе ў разьліку на прарасейскую аўдыторыю, натхнёна ўваходзіць у шал, крышыць усё, што трапіць пад руку. На беларусаў яны не зважаюць, бо, урэшце, чым тое «забіць усіх украінцаў» адрозьніваецца ад «забіць усіх беларусаў»? Абыходжаньне тое самае. Усё беларускае яны ненавідзяць нават больш за ўсё ўкраінскае, бо тое далёка. У базавай камплектацыі яны і ёсьць электарат Пуціна.
Беларусь пад расейскай акупацыяй не таму, што мне так хочацца сказаць, а таму, што ўсё расейскае ў лукашыстаў у прыярытэце; таму што тысячы беларусаў сядзяць у турмах і канцлягерах, сотні тысяч вымушаныя ўцякаць, а ўсе астатнія штохвілінна рызыкуюць жыцьцём і свабодай; таму што не спыняюцца аблавы, пагромы і арышты беларусаў; таму што самая цудоўная краіна ператвораная ў чорную дзірку на карце Эўропы.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.