Служба бясьпекі Ўкраіны 28 траўня паведаміла, што заблякавала дзейнасьць падкантрольнай РФ энэргетычнай кампаніі, якая знаходзіцца ва Ўкраіне. Устаноўлена, што кампанія ўваходзіла ў склад прамыслова-фінансавай групы «Роснефть».
«На цяперашні момант, паводле СБУ, накладзены арышт на грашовыя актывы расейскай камэрцыйнай структуры на суму больш за 20 мільёнаў грыўняў (каля 677 тысяч даляраў ЗША — рэд.).
Акрамя таго, СБУ накіравала ў Кабінэт міністраў прапановы аб нацыяналізацыі маёмасьці заблякаванага прадпрыемства, а таксама ва ўзаемадзеяньні зь дзяржрэгулятарам прыпыніла дзеяньне ліцэнзіі на пастаўку электраэнэргіі Ўкраіне», — гаворыцца ў паведамленьні СБУ.
Раней прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў закон аб прымусовым адабраньні аб’ектаў, уладальнікамі якіх зьяўляюцца Расейская Фэдэрацыя і яе рэзыдэнты, на карысьць Украіны. Украіна можа канфіскоўваць рухомую і нерухомую маёмасьць, сродкі, уклады ў банках, каштоўныя паперы, карпаратыўныя правы, іншую маёмасьць (актывы) РФ, зарэгістраваныя на тэрыторыі Ўкраіны.