Ён мяркуе, што гэтыя спробы будуць мець катастрафічныя наступствы для доўгатэрміновай стабільнасьці ў Эўропе.
Кісінджэр заявіў, што Расея была істотнай часткай Эўропы на працягу 400 гадоў і была гарантам эўрапейскай структуры балянсу сілаў у крытычныя часы.
Эўрапейскія лідэры не павінны выпускаць з-пад увагі доўгатэрміновыя адносіны і не павінны ісьці на рызыку падштурхоўваньня Расеі да сталага саюзу з Кітаем — мяркуе 98-гадовы былы дзяржсакратар ЗША.
«Перамовы павінны пачацца ў бліжэйшыя два месяцы, перш чым гэта прывядзе да ўзрушэньняў і напружанасьці, якія будзе няпроста пераадолець. У ідэале лініяй падзелу павінна стаць вяртаньне да ранейшага status quo. Працягваць вайну за межамі гэтага пункту будзе не змаганьнем за свабоду Ўкраіны, а новай вайной супраць самой Расеі», — прыводзіць словы Кісінджэра брытанская The Telegraph.
«Я спадзяюся, што мудрасьць украінцаў будзе адпавядаць гераізму, які яны праявілі», — заявіў ён, выказаўшы пажаданьне, каб Украіна была нэўтральнай буфэрнай дзяржавай, а не мяжой Эўропы.
Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк адказаў Кісінджэру:
«Гэтак жа лёгка, як спадар Кісінджэр прапануе аддаць Расеі частку Ўкраіны, ён дазволіў бы забраць Польшчу ці Літву. Добра, што ва ўкраінцаў у акопах няма часу слухаць парады „давоскіх панікёраў“. Крыху занятыя, абараняем свабоду і дэмакратыю».