Сьцісла:
- У Сочы, як можна меркаваць, гаварылі ў асноўным пра вайну ва Ўкраіне і яе наступствы для Беларусі і Расеі.
- Частыя сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным нагадваюць сэансы ўзаемнай псыхатэрапіі.
- Ствараецца ўражаньне, што і Пуцін, і Лукашэнка самі вераць у свае прапагандысцкія пабудовы насуперак усім фактам і лёгіцы.
- Магчыма, такая дэманстратыўная ляяльнасьць Лукашэнкі — дзеля таго, каб адбіцца ад патрабаваньняў Пуціна больш актыўна ўдзельнічаць у вайне ва Ўкраіне.
- У пасланьні генсеку ААН Менск адмаўляе свой удзел у вайне ва Ўкраіне і ўсяляк дэманструе свае намаганьні дасягнуць міру ў суседняй краіне.
Лукашэнка напярэдадні візыту ў Сочы казаў, што едзе да Пуціна, каб абмеркаваць пытаньні імпартазамяшчэньня. Аднак прэзыдэнт РФ на пачатку перамоваў назваў трохі іншы парадак дня. Паводле яго, будзе абмеркавана «ўсё, што зьвязана з пытаньнямі бясьпекі ў рэгіёне, бясьпекі нашых краін, але і тое, што зьвязана з эканомікай».
То бок на першым месцы — бясьпека, а эканоміка — другасная тэма. І гэта зразумела, Пуцін ня любіць займацца эканомікай, гэта для яго — драбяза, рутына, ня царская справа. Таму, як можна меркаваць, гаварылі ў асноўным пра вайну ва Ўкраіне і яе наступствы для Беларусі і Расеі.
Лукашэнка ўжо каторы раз паўтарае мантру пра тое, што Польшча пры падтрымцы NATO імкнецца захапіць Заходнюю Ўкраіну. Чамусьці гэты прапагандысцкі ўкід, зроблены кіраўніком Службы зьнешняй выведкі РФ Сяргеем Нарышкіным 28 красавіка дзеля апраўданьня расейскай агрэсіі, вельмі спадабаўся Лукашэнку. Гэтая вэрсія нібыта дазваляе Беларусі і Расеі выступіць у якасьці абаронцаў Украіны ад вераломнага Захаду, накідае алюзію на падзел Польшчы 1939 году, які ў расейскай гістарыяграфіі ацэньваецца з знакам плюс. А таксама пацьвярджае старыя міталягемы Лукашэнкі пра намер Польшчы захапіць Заходнюю Беларусь.
Кіраўнікі Расеі і Беларусі жывуць ва ўяўленьнях клясычнай геапалітыкі першай паловы ХХ стагодзьдзя. Тады захоп чужых тэрыторый лічыўся эфэктыўным спосабам атрыманьня эканамічных, палітычных дывідэндаў. Ужо ў другой палове ХХ стагодзьдзя, з крахам каляніяльнай сыстэмы, гэтыя ўяўленьні састарэлі. Але для афіцыйных Масквы і Менску час спыніўся.
Увогуле гэтыя частыя сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным нагадваюць сэансы ўзаемнай псыхатэрапіі. Цікава глядзець, як яны ва ўнісон спрабуюць даказаць, што чорнае — гэта белае. Толькі прэзыдэнт Расеі пасьпеў заўважыць, што «расейская эканоміка вельмі годна вытрымлівае санкцыйны ўдар», як Лукашэнка падхапіў і творча разьвіў гэтую думку. Паводле яго, «эканоміка ў Расеі і ўвогуле ў нас у саюзе ня проста ўмацоўваецца, а нечакана інтэнсіўна ўмацоўваецца», «падае ўзровень беспрацоўя», «рубель умацоўваецца шалёнымі тэмпамі» і імпартазамяшчэньне магчыма за «сьмешныя грошы». То бок санкцыі толькі на карысьць.
Падаецца, што тут мы маем ня толькі танны піяр, імкненьне зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні. Ствараецца ўражаньне, што і Пуцін, і Лукашэнка самі вераць у гэтыя прапагандысцкія пабудовы насуперак усім фактам і лёгіцы. Магчыма, такую інфармацыю яны атрымліваюць ад памочнікаў, ці патрабуюць менавіта такой інфармацыі. Ім камфортна жыць у нерэальным сьвеце.
Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што Лукашэнка падчас усіх апошніх сустрэч з Пуціным дэманструе цуды прапагандысцкай эквілібрыстыкі, каб дагадзіць Пуціну, падыграць яму, паказаць сваю звышляяльнасьць. І робіць гэта публічна, нават на мяжы ўласнай годнасьці. Дзеля чаго? Ёсьць відавочны матыў: каб атрымаць ад Расеі эканамічную падтрымку. Але, падаецца, ня толькі. Магчыма, такая дэманстратыўная ляяльнасьць — дзеля таго, каб адбіцца ад патрабаваньняў Пуціна больш актыўна ўдзельнічаць у вайне ва Ўкраіне.
Тут цікава, што якраз у дзень сустрэчы ў Сочы БелТА друкуе пасланьне Лукашэнкі генэральнаму сакратару ААН Антонію Гутэрышу, перададзенае 18 траўня. У гэтым дакумэнце Менск аспрэчвае свой удзел у вайне ва Ўкраіне і ўсяляк дэманструе свае намаганьні дасягнуць міру ў суседняй краіне. А Пуціну, нагадаю, Лукашэнка кажа: «Справа наша справядлівая, і рана ці позна мы ўсё роўна пераможам».
Гэтыя дзьве паралельныя лініі ў замежнай палітыцы Беларусі, якія між сабой не перасякаюцца, адлюстроўваюць адчуваньне пэўнай роспачы, у якой апынулася кіраўніцтва дзяржавы.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.