Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Беларусі падоўжыла манэўры ля межаў з Украінай і Польшчай


На вайсковых вучэньнях у Беларусі 2022 году, якія перарасьлі ў напад Расеі на Ўкраіну
На вайсковых вучэньнях у Беларусі 2022 году, якія перарасьлі ў напад Расеі на Ўкраіну

Беларускае вайсковае ведамства чарговым разам перанесла завяршэньне «праверкі сіл рэагаваньня».

Паводле Мінабароны, на чарговым, трэцім этапе вучэньняў будуць праводзіць «праверку ўзбраеньня, вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі, якія знаходзяцца на працяглым захоўваньні ў воінскіх часьцях баявога, тылавога і тэхнічнага забесьпячэньня».

Заплянаваныя кантрольныя прабегі тэхнікі на маршах рознай працягласьці.

«Для выкананьня гэтых задач прызыў ваеннаабавязаных не прадугледжваецца», — паведаміла Мінабароны.

10 траўня Мінабароны Беларусі паведаміла: сілы спэцыяльных апэрацый Беларусі разгорнутыя на трох тактычных кірунках ля мяжы з Украінай.

Аляксандар Лукашэнка 10 траўня правёў нараду пра дзяржаўную абаронную замову Беларусі на бягучы год. Пасьля гэтай нарады Міністэрства абароны выступіла з заявай.

Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.

Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).

Адначасова Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла аб прызыве ў Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцях з 10 траўня 430 асобаў з запасу на вайсковыя зборы тэрытарыяльнай абароны.

Тлумачачы такія рашэньні, Віктар Гулевіч заявіў, што ЗША і іх саюзьнікі нібыта нарошчваюць вайсковую прысутнасьць ля дзяржаўных межаў Беларусі.

«Створаная групоўка за апошнія 6 месяцаў вырасла больш як у 2 разы як у колькасных, так і ў якасных адносінах. Зьяўленьне ў акваторыі Міжземнага і Балтыйскага мораў групоўкі, якая нясе крылатыя ракеты марскога і паветранага базаваньня, павелічэньне авіяцыйнай групоўкі ў краінах Польшчы і Балтыі сьведчыць пра нарастаючую пагрозу для Рэспублікі Беларусь».

Згадаў Гулевіч і Ўкраіну, якая цяпер змагаецца супраць расейскай ваеннай агрэсіі:

«Створаная Ўзброенымі Сіламі Ўкраіны групоўка на Паўднёвым апэрацыйным напрамку агульнай колькасьцю да 20 000 чалавек таксама патрабуе ад нас рэакцыі. З мэтай забесьпячэньня бясьпекі Рэспублікі Беларусь на Паўднёвым напрамку сілы падразьдзяленьняў сіл спэцыяльных апэрацый разгорнутыя на трох тактычных напрамках».

4 траўня пасьля размовы Лукашэнкі і Пуціна Мінабароны Беларусі пачало раптоўную праверку сіл рэагаваньня. Пра гэта паведаміла Мінабароны Беларусі:

«Склад сіл, якія прыцягваюцца да праверкі, будзе паэтапна нарошчвацца, што дазволіць праверыць іх здольнасьць супрацьдзейнічаць ваенным пагрозам як на зямлі, так і ў паветры», — гаварылася ў паведамленьні.

У ведамстве тады заявілі, што праверка «не нясе ніякай пагрозы ні для эўрапейскай супольнасьці ў цэлым, ні для суседніх краін у прыватнасьці».

Што было пасьля ранейшых вучэньняў

Мінулыя маштабныя вучэньні «Саюзная рашучасьць — 2022» — сумесныя вучэньні Ўзброеных сіл Расеі і Рэспублікі Беларусь — прайшлі з 10 па 20 лютага 2022 году. Праз чатыры дні расейская армія з тэрыторыі Беларусі ўварвалася ва Ўкраіну.

Беларуская армія тады ў нападзе непасрэдна ня ўдзельнічала, абмежавалася выкананьнем тылавых функцый. Масква разьлічвала захапіць краіну і зьліквідаваць украінскую дзяржаўнасьць за некалькі дзён. Аднак расейскія войскі былі адкінутыя ад Кіева і Харкава, іх атака была спыненая пад Мікалаевам.

Учора адбылася тэлефонная размова Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі.

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG