У судзе Жлобінскага раёну вынесены прысуд у крымінальнай справе 20-гадовага Руслана Міхайлава. Яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса), а таксама ў гвалце альбо пагрозе прымяненьня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 Крымінальнага кодэксу).
Паводле матэрыялаў абвінавачаньня, Руслан разам зь іншымі выходзіў на праезную частку, парушаў грамадзкі парадак, не падпарадкоўваўся законным патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі.
Судзьдзя Мікалай Сергіевіч прызначыў Міхайлаву пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
За ўдзел у пратэстах затрымалі двух менчукоў
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне 31-гадовага Дзяніса Гулецкага і 26-гадовага Дзьмітрыя Шкалёнка. Вядома, што Дзьмітрыя раней затрымлівалі паводле арт. 23.34 за ўдзел у паслявыбарных пратэстах.
Ім абодвум інкрымінавалі артыкул 342 КК Беларусі (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), паведамляюць праваабаронцы.